У Расеі заканадаўча скасавалі ўзроставую мяжу для кантрактнай службы

Дзяржаўная дума РФ
Дзяржаўная дума РФ

Дзяржаўная Дума РФ прыняла адразу ў трох чытаньнях папраўкі да закону «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», якія скасоўваюць верхнюю ўзроставую мяжу для заключэньня кантракту з Узброенымі сіламі РФ. Тэкст закону апублікаваны на сайце парлямэнту.

Сьледам законапраект ухваліў і Савет Фэдэрацыі.

Цяпер першы вайсковы кантракт могуць заключыць грамадзяне Расеі ўзростам ад 18 да 40 гадоў і іншаземцы ва ўзросьце ад 18 да 30 гадоў. Законапраект абгрунтоўвае адмену ўзроставага абмежаваньня тым, што расейскаму войску патрэбны «высокапрафэсійныя спэцыялісты», якім звычайна больш за 40 гадоў.

Цяпер заключыць кантракт з расейскім войскам змогуць і тыя, хто старэйшыя, — да заканчэньня працаздольнага ўзросту, гэта значыць мужчыны, не старэйшыя за 65 гадоў.

Адмена ўзроставага абмежаваньня «будзе садзейнічаць прыцягненьню спэцыялістаў запатрабаваных спэцыяльнасьцяў, перш за ўсё роднасных цывільным (мэдычнага забесьпячэньня, інжынэрных, тэхнічнага абслугоўваньня, эксплюатацыі, сувязі і інш.), на вайсковую службу па кантракце», лічаць аўтары законапраекту.

Законапраект унесены на разгляд у Думу 20 траўня, яго аўтары — старшыня камітэту ў пытаньнях абароны і былы намесьнік міністра абароны дэпутат ад «Адзінай Расеі» Андрэй Картаполаў і яго першы намесьнік Андрэй Красаў.

У Расеі мужчын пачалі выклікаць у камісарыяты для «зьверкі зьвестак вайсковага ўліку». Аб такіх выкліках у нашу рэдакцыю паведамлялі, у прыватнасьці, жыхары Ніжняга Ноўгараду. BBC піша, што «прыхаваная мабілізацыя» ідзе ў Расеі з пачатку ўварваньня ва Ўкраіну. Прапановы зьявіцца ў камісарыят «для ўдакладненьня дакумэнтаў вайсковага ўліку» прыходзяць мужчынам літаральна па ўсёй краіне.

Тых, хто пасьля такіх позваў прыходзіць у камісарыяты, угаворваюць запісацца ў войска добраахвотнікам — і ня ўсе ад такіх прапановаў адмаўляюцца. Паводле ўпаўнаважанай у правах чалавека Вярхоўнай Рады Ўкраіны Людмілы Дзянісавай, «для праверкі» выклікаюць і мужчын у анэксаваным Расеяй Крыме.

​
XS
SM
MD
LG