Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны: Расея адмовілася ад «вялікай аблогі» ўкраінскіх войскаў на Данбасе


Абстраляны будынак у горадзе Бахмут, Украіна, 17 траўня 2022
Абстраляны будынак у горадзе Бахмут, Украіна, 17 траўня 2022

У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны (Institute for the Study of War) заявілі, што расейскія войскі на мінулым тыдні прасоўваліся на Данбасе крыху хутчэй, чым раней, але гэтыя тэмпы застаюцца павольнымі, бо яны сутыкаюцца з моцным супрацівам украінскай арміі.

У Інстытуце вывучэньня вайны мяркуюць, што захоп населеных пунктаў на Данбасе стаў магчымым толькі таму, што Расея перакінула туды свае сілы з харкаўскага кірунку.

Улічваючы гэтыя фактары, экспэрты Інстытуту мяркуюць, што Расея, падобна, адмовілася ад пляну «вялікай аблогі» ўкраінскіх войскаў на Данбасе на карысьць трох невялікіх катлоў: у раёне Севераданецку (уключна з Рубежным і Лісічанскам), у раёне дарогі Бахмут — Лісічанск вакол Залатога і ў Аўдзееўцы.

«Украінскія сілы, імаверна, праводзяць кантраляванае адступленьне на паўднёвы захад ад Папаснай каля Бахмута, каб абараніць украінскія лініі забесьпячэньня ад расейскага наступленьня на паўднёвым усходзе Бахмута. Расейскія войскі, пэўна, сутыкнуцца з працяглымі гарадзкімі баямі, калі яны возьмуць у аблогу Севераданецк, а таксама іншыя вялікія гарады, такія як Бахмут», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту.

Гэтыя высновы ўжо маюць пацьверджаньне на практыцы. Так, паводле галоўнага рэдактара ўкраінскага інтэрнэт-выданьня censor.net Юрыя Бутусава, які знаходзіцца якраз у гэтым раёне баявых дзеяньняў, расейскія войскі ўжо выйшлі на трасу Бахмут — Лісічанск.

«Калі праціўнік зможа ўмацавацца, гэта будзе азначаць апэратыўную аблогу нашых войскаў у раёнах Севераданецку і Лісічанску. Аблога будзе няпоўнай, але застанецца толькі адзін другасны шлях. Сытуацыю ўсе бачаць, вядома, але гэта не павінна стаць другім Марыюпалем», — напісаў Юры Бутусаў на сваёй старонцы ў Facebook.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG