Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Расеі заявіла, што зьнішчыла завод «Мотор Січ» у Запарожжы

На заводзе «Мотор Січ» у Запарожжы, архіўнае фота
На заводзе «Мотор Січ» у Запарожжы, архіўнае фота

«Высокадакладныя ракеты зьнішчылі цэхі заводу „Мотор Січ“ у Запарожжы. Завод вырабляў рухавікі для баявой авіяцыі», — гаворыцца ў паведамленьні расейцаў. Таксама ў апошнія гадзіны расейцы білі па прамысловых аб'ектах у Крывым Розе і Севераданецку.

Раней украінскія ўлады заяўлялі, што Запарожжа трапіла пад ракетны абстрэл. Адна крылатая ракета была зьбітая і тры трапілі ў горад. Адзін чалавек загінуў, яшчэ трое атрымалі параненыя.

Украінскія ўлады не паведамляюць пра разгром «Мотор Січ».

«Мотор Січ» — стратэгічнае прадпрыемства, якое ў тым ліку вырабляла рухавікі для верталётаў, якія раней закупляла Расея. Апошнія гады кампанія апынулася ў цэнтры скандалу вакол маёмаснай спрэчкі паміж ЗША, Кітаем і Ўкраінай. Акрамя таго, прадпрыемства зьбіралася браць удзел у рамонце верталётаў на аэрадроме ў Болбасаве ў Аршанскім раёне і мадэрнізацыі Аршанскага авіярамонтнага заводу, які месьціцца каля лягістычнага цэнтру «Брэміна-Ворша». Аднак праект не атрымаўся.

У красавіку 2018 году Генэральная пракуратура Беларусі распачала праверку прадпрыемства празь нібыта невыкананьне інвэстыцыйнай дамовы, а таксама завяла крымінальную справу на былога гендырэктара ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» і службовых асобаў «Мотор Січ». Інвэстары меліся ўкласьці ў мадэрнізацыю заводу 12 млн даляраў, але не рэалізавалі гэтыя пляны з прычыны расейска-ўкраінскага канфлікту: расейцы адмовіліся пастаўляць на завод патрэбныя запчасткі, а колькасьць замоваў зьнізілася. Кіраўніцтва групы «Мотор Січ» сьцьвярджала, што ўклала ў завод 20 мільёнаў даляраў і «падняло з руінаў» кампанію.

У ліпені 2018 году Аляксандар Лукашэнка пабываў на заводзе, расказаў, што нібыта «ўласьнікі адмовіліся ад заводу», і фактычна заявіў пра нацыяналізацыю прадпрыемства: маўляў, «якая розьніца, каму належаць гэтыя акцыі, гэта нашая задача, каб людзі тут атрымлівалі нармальныя заробкі». У кастрычніку 2018 году працэс нацыяналізацыі Аршанскага заводу быў завершаны.

У 2019 годзе Служба бясьпекі Ўкраіны пачала супраць былога кіраўніцтва «Мотор Січ» расьсьледаваньне ў справах аб «падрыхтоўцы да дывэрсіі» і «дзяржаўнай здрадзе». СБУ заявіла аб раскрыцьці схемы фінансаваньня так званай «Данецкай народнай рэспублікі» Сьняжнянскім машынабудаўнічым заводам, які таксама ўваходзіў у склад «Мотор Січ». Таксама запароскі завод падазравалі ў адмываньні грошай праз Аршанскі авіярамонтны завод.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG