Галоўнае на гэты момант
- На Чарнігаўшчыне з-пад абломкаў абстралянага расейцамі вайсковага цэнтру дасталі 87 загінулых.
- Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда 22 траўня выступіў у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны, першым з сусьветных лідэраў з 24 лютага. «Пасьля Бучы, Барадзянкі, Марыюпалю з Расеяй ня можа быць спраў як „звычайна“, спадары прэзыдэнты і прэм’еры», — сказаў Дуда, завочна зьвяртаючыся да сусьветных лідэраў.
- Вярхоўная Рада Ўкраіны падоўжыла ваеннае становішча і агульную мабілізацыю на 90 дзён — да 23 жніўня.
- У Энэргадары падарвалі кіраўніка расейскай акупацыйнай адміністрацыі.
- Прадстаўнік Расеі Мядзінскі заявіў пра гатоўнасьць да перамоваў і пра іх замарожваньне Ўкраінай.
- Украінскія вайскоўцы паведамляюць пра абстрэлы Чарнігаўскай вобласьці.
- Расея разгарнула ў Белгародзкай вобласьці пускавыя ўстаноўкі апэратыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр-М», паведамляюць Узброеныя сілы Ўкраіны.
- Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі ракетныя комплексы «Точка-У», «Смерч» і 7 батальёнаў, пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі захоўваецца.
- Паводле апошніх зьвестак ААН, з пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі 3838 мірных жыхароў. Офіс Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека лічыць, што фактычныя лічбы значна вышэйшыя.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 23 траўня
У захопленай частцы Запароскай вобласьці рабункі і падзел бізнэсу
Як піша Запароская абласная вайсковая адміністрацыя, у вёсцы Навагораўка Васільеўскага раёну Запароскай вобласьці жыхары паведамляюць аб павелічэньні колькасьці расейскіх акупантаў. Расейцы пасяліліся ў школе і Доме культуры. Такая ж сытуацыя і ў вёсцы Інжынэрнае Палогаўскага раёну. У Гусарцы расейцы пасяліліся ў закінутых дамах. 21 траўня яны правялі аб’езд, пасьля чаго разрабавалі дамы, зь якіх выехалі ўкраінцы.
У Васільеўцы колькасьць расейскіх вайскоўцаў ужо перавышае колькасьць мясцовых жыхароў. Акупанты працягваюць рабаваць цывільных.
У акупаваным Бярдзянску расейцы спрабуюць захапіць мясцовы бізнэс і падзяліць яго паміж сабой і калябарантамі.
«Уладальнікі кавярняў і рэстарацый, якія пакінулі горад і адмовіліся супрацоўнічаць з ворагам, засталіся без уласнасьці: расейцы вырашылі забраць яе на карысьць так званай «гарадзкой адміністрацыі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Што адбываецца ў Расеі
Расея забараніла ўезд Джо Байдэну і яшчэ 962 грамадзянам ЗША
У сьпісе, сярод іншых, апынуліся прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, ягоны сын Гантэр Байдэн, дырэктар ЦРУ Ўільям Бэрн, чальцы Палаты прадстаўнікоў ад Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, журналісты, палітыкі, прадпрымальнікі, судзьдзі, адвакаты, сілавікі, вайскоўцы і інш. У паведамленьні МЗС РФ гаворыцца, што санкцыі ўведзеныя «ў кантэксьце захадаў у адказ на пастаянна ўведзеныя ЗША антырасейскія санкцыі».
У Дзярждуме Расеі прапанавалі адмяніць абмежаваньні па ўзросьце для вайскоўцаў-кантрактнікаў
У Дзярждуму ўнесьлі законапраект аб адмене верхняга ўзроставага парога для заключэньня першага вайсковага кантракту.
Пакуль што першы вайсковы кантракт можа заключыць расіянін да 40 гадоў і іншаземец да 30 гадоў. Аўтары законапраекту прапануюць адмяніць узроставую мяжу для грамадзян працаздольнага ўзросту. Для мужчын гэта 65 гадоў.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізуецца ў полк.
Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Сьмерч»
У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня, пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.
Беларускае войска ля мяжы з Украінай
Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.
Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.
Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).
Як рэагуе сьвет
Байдэн падпісаў законапраект аб наданьні 40 млрд даляраў дапамогі Ўкраіне
21 траўня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў законапраект аб наданьні Ўкраіне дапамогі ў памеры 40 мільярдаў даляраў. Пакет прадугледжвае выдзяленьне дапамогі ў сфэры бясьпекі на 6 млрд даляраў, у тым ліку навучаньне, абсталяваньне, узбраеньне і падтрымку. Яшчэ 8,7 млрд мяркуецца накіраваць на папаўненьне запасаў амэрыканскага абсталяваньня, адпраўленага Ўкраіне, 3,9 млрд — на апэрацыі Эўрапейскага камандаваньня ЗША, 11 млрд Байдэн можа выкарыстаць для перадачы прадметаў і паслуг з амэрыканскіх запасаў без ухваленьня Кангрэсу.
ЗША перададуць Украіне ўзбраеньне яшчэ на 100 мільёнаў даляраў
У гэтым пакеце будуць пастаўкі 18 гаўбіц калібрам 155 мм і 18 тактычных машын для перавозу гэтых гаўбіц — эквівалент артылерыйскага батальёну, паведаміў прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі. Таксама ў пакеце дапамогі будзе 36 антыартылерыйскіх радараў ANTPQ.
Напярэдадні на брыфінгу ў Вашынгтоне неназваны высокі прадстаўнік Пэнтагону расказаў журналістам, што 79 з пастаўленых ЗША раней 90 гаўбіц ужо разьмешчаныя на пазыцыях украінскіх войскаў і выкарыстоўваюцца ў баявых дзеяньнях.
Эўрапарлямэнт: Усе санкцыі ЭЗ супраць Расеі павінны распаўсюджвацца на Беларусь
У чацьвер дэпутаты Эўрапарлямэнту прынялі рэзалюцыю, у якой асуджаюць падтрымку рэжымам Лукашэнкі вайны Расеі супраць Украіны і заклікаюць распаўсюдзіць на Беларусь усе санкцыі супраць Расеі, якія ўжо ўведзеныя і будуць уведзеныя.
Таксама ў рэзалюцыі заклікаюць правесьці расьсьледаваньне злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага народу, заклікаюць краіны ЭЗ актыўна прымяняць прынцып унівэрсальнай юрысдыкцыі і рыхтаваць судовыя справы супраць беларускіх службовых асобаў, у тым ліку Лукашэнкі, адказных за гвалт і рэпрэсіі ў Беларусі.
Эўрапарлямэнт падтрымаў стварэньне трыбуналу, каб судзіць Расею за ваенныя злачынствы
Чальцы Эўрапарлямэнту падтрымалі рэзалюцыю з заклікам да ЭЗ падтрымаць стварэньне спэцыяльнага трыбуналу па злачынстве агрэсіі супраць Украіны і прадаставіць яму неабходныя рэсурсы і падтрымку, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітры Кулеба.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.