Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі прапануе міжнародны мэханізм кампэнсацыі Расеяй страт Украіны ад вайны


Уладзімір Зяленскі. Кіеў, 19 траўня 2022
Уладзімір Зяленскі. Кіеў, 19 траўня 2022

Украіна прапануе міжнародным партнэрам падпісаць шматбаковую дамову, якая будзе прадугледжваць канфіскацыю расейскіх сродкаў і маёмасьці на тэрыторыі іншых краін для кампэнсацыі шкоды, нанесенай Расеяй падчас вайны ва Ўкраіне.

З такой ініцыятывай выступіў прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі:

«Мы прапануем дзяржавам-партнэрам падпісаць шматбаковую дамову і стварыць мэханізм, дзякуючы якому кожны і кожная, хто пацярпеў ад дзеяньняў Расеі, зможа атрымаць кампэнсацыю гэтых страт.

На аснове такой дамовы расейскія сродкі і маёмасьць, якія знаходзяцца ў юрысдыкцыях дзяржаў-партнэраў, павінны быць арыштаваныя або замарожаныя, канфіскаваныя, а затым накіраваныя ў спэцыяльна створаны фонд, зь якога ўсе, хто пацярпеў ад расейскай агрэсіі, змогуць атрымаць адпаведную кампэнсацыю.
Гэта пэўна будзе справядліва, і Расея адчуе сапраўдную вагу кожнай ракеты, кожнай бомбы, кожнага снарада, які яна выпусьціла па нас.б

Мы прапануем нашым партнэрам стаць заснавальнікамі такога фонду, а таксама ўдзельнікамі спэцыяльнай міжнароднай камісіі, якая разглядае пазовы, звароты як фізычных, так і юрыдычных асоб».

Прэзыдэнт Украіны зазначыў, што выканаць гэтую задачу будзе няпроста, але ўжо пачалася дыскусія пра неабходнасьць такой кампэнсацыі за кошт расейскіх актываў.

«Мы пачынаем такі спэцыяльны дыялёг з нашымі партнэрамі, каб агрэсар адчуваў, што вайна здольная нанесьці максымальную шкоду не каму-небудзь іншаму, а якраз таму, хто пайшоў зь ёю да суседа», — сказаў Зяленскі.
«Расейскія грошы ў якасьці кампэнсацыі павінны дайсьці да кожнага чалавека, кожнай сям’і, бізнэсу, якія пацярпелі. Вядома, расейская дзяржава не прызнае нават таго, што яна агрэсар, але яе прызнаньня і ня трэба», — сказаў прэзыдэнт Зяленскі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG