Пра гэта інфармуе DW.
Міністар фінансаў Нямеччыны Крыстыян Лінднэр гатовы да абмеркаваньня прапаноў аб канфіскацыі актываў Банку Расеі ў замежнай валюце і накіраваньні гэтых сродкаў на аднаўленьне Ўкраіны.
«У палітычным сэнсе я адкрыты да ідэі канфіскаваць замежныя актывы расейскага Цэнтральнага банку. Мы ўжо вядзём гэтыя дыскусіі ў G7 і ЭЗ і абмяркоўваем прапановы», — заявіў ён у інтэрвію нямецкай газэце Handelsblatt, францускай Les Échos, гішпанскай El Mundo і італьянскай Corriere della , якое апублікавана ў аўторак, 17 траўня.
Паводле словаў Лінднэра, у выпадку з замарожанымі актывамі расейскіх фізычных асоб неабходна вывучыць магчымасьці, дазволеныя заканадаўствам. «Мы павінны паважаць вяршэнства закону, нават калі мы маем справу з расейскімі алігархамі», — падкрэсьліў ён у інтэрвію перад пачаткам сустрэчы міністраў фінансаў «Вялікай сямёркі» пад яго старшынствам.
Нямецкі міністар таксама адзначыў, што краіны G7 «стаяць плячо ў плячо з Украінай і гатовыя прыняць рашэньне аб далейшых санкцыях», ізалюючы Расею «палітычна, фінансава і эканамічна».
«У той жа час у сувязі з ростам працэнтных ставак і сусьветных цэн на аграрную прадукцыю мы назіраем значныя эканамічныя наступствы, асабліва для краін зь нізкімі даходамі. Нам давядзецца сумесна працаваць над стабілізацыяй сусьветнай эканомікі», — прызнаў ён.
Адначасова Лінднэр падкрэсьліў, што да такіх эканамічных наступстваў прывяла вайна, а не заходнія санкцыі.
Кіраўнік Мінфіну Нямеччыны прызнаў памылкі папярэдніх урадаў
Адказваючы на пытаньне аб мэтазгоднасьці штрафных захадаў і адсутнасьці ў цяперашні час адчувальнага эфэкту ад іх увядзеньня, кіраўнік Мінфіну Нямеччыны выказаў упэўненасьць, што з часам санкцыі будуць усё больш абцяжарваць расейскую эканоміку, а прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін павінен «заплаціць вельмі высокую цану за агрэсію супраць Украіны».
Акрамя таго, Лінднэр прызнаў памылку папярэдніх урадаў Нямеччыны ў выстройваньні энэргетычнай стратэгіі краіны і дапушчэньні занадта высокай залежнасьці ад паставак расейскіх энэрганосьбітаў.
«Цяпер нам трэба будзе вельмі шмат працаваць над дывэрсыфікацыяй імпарту энэрганосьбітаў. Ужо цяпер магчымае забесьпячэньне нашай эканомікі вугалем зь іншых крыніц. Мы таксама гатовыя адмовіцца ад нафты, але з прыродным газам гэта зойме больш часу», — сказаў ён
Лінднэр: санкцыі не павінны нанесьці Захаду большай шкоды, чым Расеі
Адначасова Лінднэр заклікаў пазьбегнуць сытуацыі, у якой заходнія краіны сваімі санкцыямі нанясуць сабе больш шкоды, чым вайсковаму бюджэту прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна. «Эканамічная моц ЭЗ і групы лібэральных дэмакратый G7 зьяўляецца нашай перавагай у гэтым канфлікце. Неадкладнае спыненьне паставак газу з Расеі нанесла б сур’ёзную шкоду эканоміцы Нямеччыны», — адзначыў ён. Палітык растлумачыў, што ня хоча ісьці на рызыку сур’ёзнага эканамічнага спаду, які б абмежаваў магчымасьці Бэрліну падтрымліваць Кіеў у эканамічных і вайсковых адносінах.
Сустрэча міністраў фінансаў «Вялікай сямёркі», у якой цяпер старшынюе Нямеччына, адбудзецца ў Боне і Кёнігсьвінтары 18-20 траўня.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.