Генэральнаму сакратару ААН перадалі асабістае пасланьне ад Лукашэнкі

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў на сустрэчы з генэральным сакратаром ААН Антонію Гутэрышам перадаў яму ліст ад Аляксандра Лукашэнкі.

Пра гэта паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі.

У паведамленьні гаворыцца, што бакі абмеркавалі праблематыку міжнароднай харчовай бясьпекі ва ўмовах геапалітычнай напружанасьці і санкцыйнага ціску.

Зьмест пасланьня Лукашэнкі да генэральнага сакратара ААН не раскрываецца.

Сустрэча прайшла на фоне паведамленьняў СМІ аб тым, што Гутэрыш і ЗША нібыта разглядаюць варыянт транзыту ўкраінскага збожжа празь Беларусь у літоўскую Клайпеду як найбольш зручную альтэрнатыву традыцыйнаму маршруту праз украінскія чарнаморскія парты, заблякаваныя цяпер Расеяй.

Узамен на згоду Беларусі на такі варыянт, паводле інфармацыі The Wall Street Journal, улады ЗША прапануюць прыпыніць на паўгода санкцыі супраць беларускага калійнага экспарту.

«Беларуськалій» і «Беларуская калійная кампанія» трапілі пад заходнія санкцыі ў 2021 годзе, аднак маштабна гэтыя санкцыі запрацавалі толькі ў лютым 2022 году, калі Літва спыніла транзыт беларускага калію на сусьветныя рынкі.

The Wall Street Journal піша, што нават калі наладзіць пастаўкі ўкраінскага збожжа празь Беларусь, па чыгунцы можна будзе перавезьці толькі 10% даваенных экспартных аб’ёмаў паставак з Украіны.

​
XS
SM
MD
LG