Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Празь яго і хацелася хадзіць на заняткі». Што вядома пра менскага гісторыка каледжа, якога затрымалі на вачах навучэнцаў


Андрэй Дараховіч
Андрэй Дараховіч

У Менскім лінгвагуманітарным каледжы на гэтым тыдні сілавікі ў цывільным затрымалі маладога выкладчыка гісторыі Андрэя Дараховіча. Пазьней у прапагандысцкіх тэлеграм-каналах зьявілася «пакаяльнае відэа» зь ягоным удзелам. Па словах навучэнцаў Дараховіча, калегі неаднаразова пісалі на яго даносы.

Zerkalo.io паразмаўляла са студэнтамі Дараховіча, іх бацькамі, а таксама адміністрацыяй.

Андрэю Дараховічу 31 год, апошнія два ён працаваў у менскім лінгвагуманітарным каледжы, выкладаў гісторыю Беларусі, сусьветную гісторыю, вёў факультатывы па ідэалёгіі. У пэдагога двое малых дзяцей — сын нарадзіўся ў 2017-м, дачцэ яшчэ няма і году. У сацсетках маладога чалавека, апроч сямейных, шмат фота прыроды, беларускіх помнікаў архітэктуры, гістарычных мясьцін. Пра тое, што для яго важная культура і гісторыя краіны, расказалі нашым журналістам яго студэнты.

Браў удзел у пратэстах, чытаў кнігу «Каліноўскі на Свабодзе»

У тэлеграм-канале сілавікоў паведамляецца, што да іх «зьвярнуліся навучэнцы аднаго менскага каледжа, у якім выкладчык гісторыі сыстэматычна насаджаў ім свае нацысцкія перакананьні». У пасьце ёсьць фота з Андрэем Дараховічам, дзе ён трымае кнігу «Каліноўскі на Свабодзе», а таксама здымкі малога дзіцяці ў машыне, Андрэя, мяркуючы па ўсім, нібыта на мітынгу. Указана, што да яго ў праваахоўнікаў «поўны букет прэтэнзій: удзел у пратэстах, рэгістрацыя ў забароненым боце „Перамога“, уцягваньне дзяцей у незаконныя акцыі».

Таксама ў прапагандысцкіх тэлеграм-каналах выклалі «пакаяльнае відэа», дзе Дараховіч расказвае, што «ўдзельнічаў у дэманстрацыі, і так атрымалася, што ўзяў з сабой яшчэ і непаўналетняе дзіця, клікнуў на плян „Перамога“».

Андрэй Дараховіч
Андрэй Дараховіч

«Многім замяняў бацьку, гісторыю ведаў цудоўна»

Мікалай (імя зьменена) — першакурсьнік, у яго Дараховіч вёў гісторыю і факультатыў па ідэалёгіі. Хлопец расказвае, што ў панядзелак 16 траўня ў каледж прыйшлі невядомыя ў цывільным адзеньні і забралі выкладчыка на вачах у студэнтаў.

«Быў сёмы ўрок, два чалавекі бязь нейкіх апазнавальных знакаў прайшлі праз вахту, сказалі, што яны «з органаў» і не абавязаныя нікому прадстаўляцца. Дараховіча знайшлі на другім паверсе, проста ўзялі і вывелі кудысьці. Усе гэта бачылі і не маглі зразумець, што адбываецца, прыняць гэтую навіну. Выкладчыкі нас яшчэ супакойвалі спачатку: «Не хвалюйцеся, усё добра, яго няма проста па сямейных абставінах».

Казаў: «Мой прэзыдэнт у Літве»

Па словах Мікалая, студэнты гісторыка любілі і паважалі.

«Ён выдатны чалавек: ветлівы, гісторыю ведаў цудоўна і цікава выкладаў, сапраўды быў прафэсіяналам, ніколі нікому нічога не навязваў — расказваў усё па фактах. Усім дапамагаў, калі нешта здарылася, — кажа малады чалавек. — Ён быў апазыцыйных поглядаў, але ніколі іх не трансьляваў. Мог рэдка аддалена праскочыць нейкі жарт, але хіба што па тэме гісторыі. А так нікому не навязваў думкі, у адкрытую нічога не казаў».

З прычыны пазыцыі, паводле слоў Мікалая, шмат з кім з калегаў у Дараховіча былі напружаныя адносіны.

«Многія яго, скажам, не падтрымлівалі — даносілі на яго адміністрацыі, там яго пастаянна выклікалі на гутаркі. Некалькі тыдняў таму ён размаўляў з настаўніцай расейскай мовы, тая нешта сказала пра прэзыдэнта, ён жартам: „Мой прэзыдэнт у Літве“. І яна пабегла да дырэктара, яго зноў выклікалі. Ну, і ананімна хтосьці на яго напісаў данос», — расказаў малады чалавек.

Андрэй Дараховіч
Андрэй Дараховіч

На яго пісалі даносы і ананімкі

Ананімка зьявілася празь некалькі дзён пасьля інцыдэнту, дадала Аляксандра (імя зьмененае), студэнтка другога курсу групы, у якой Дараховіч быў куратарам.

«Напісалі, нібыта ён ня тых палітычных поглядаў, навязвае дзецям сваю думку, наведвае шмат мітынгаў і ўвогуле жудасны чалавек. Але ў нашай групы з Андрэем Ігаравічам былі вельмі добрыя адносіны. Усе бацькі яго ведалі, максымальна падтрымлівалі, казалі, што нам вельмі пашанцавала, што ў нас такі выкладчык, што ён давядзе нас да канца каледжа і застанецца потым нам сябрам. Ён і добра вёў свой прадмет, і зь ім можна было аб нечым пагаварыць за сьценамі каледжа.

Мы наведвалі музэі, проста гулялі ў парках, езьдзілі зь ім на Блакітныя азёры, на байдаркі — ён шмат куды нас вазіў. Тыя ж куратарскія гадзіны — мы абмяркоўвалі дастаткова розныя тэмы, але пра палітыку не гаварылі. Наша група магла спакойна пайсьці пасьля заняткаў зь ім паесьці піцу, мы разумелі адзін аднаго з паўслова. Цяпер усе за яго хвалююцца. У многіх нашых дзяўчынак няма бацькоў, і ён ім вельмі моцна іх замяняў. Вучні кажуць, што празь яго і хацелася хадзіць у каледж — ён зараджаў пазытывам».

Вучняў шакавалі пасты ў тэлеграм-канале ГУБАЗ. Яны кажуць, што фатаграфія, на якой Андрэй нібыта на мітынгу, — несапраўдная.

«Мы разумелі, што яго прымусілі запісаць гэтае відэа — сам бы ён ніколі такога не сказаў. Як мінімум адна фатаграфія — дзе ён у акулярах — фаташоп. Мы бачылі падобнае фота, і вельмі многія дэталі не сыходзяцца. Фота з кнігай і відэа — у аднолькавых кашулях, менавіта ў гэтай кашулі яго выводзілі з каледжа, там такі ж прабор валасоў. Таму мы думаем, што фота з гэтай кнігай было зроблена пасьля затрыманьня».

Групе, кажа Аляксандра, у адміністрацыі патлумачылі, што Дараховіч звольніўся ў той самы дзень сам, цяпер у іх новы куратар.

«Сказалі, што ён прыехаў у той жа дзень позна ўвечары, напісаў заяву па ўласным, таму што ў яго нейкія праблемы ў сям’і, і ўсё. Навязвалі нам, што нічога ня здарылася і ён хутка выйдзе на сувязь, прасілі яму не пісаць, казалі: „У яго добры досьвед выкладаньня, ён далёка пойдзе“. Палова каледжа бачыла, як яго выводзілі, а яны ўсё роўна гавораць пра сямейныя абставіны».

«З прычыны ягонага затрыманьня дачка плакала»

У Вікторыі (імя зьменена на просьбу суразмоўніцы) дачка вучыцца на першым курсе ліцэя, Андрэй Дараховіч таксама вёў у яе прадметы. У жанчыны пытаньняў да яго не было — наадварот, ад дачкі яна чула толькі добрыя водгукі аб занятках, а пасьля затрыманьня тая была вельмі засмучаная.

«Я бачыла, што маё дзіця плакала. І пра гэтага выкладчыка я чула ня раз яшчэ да ўсяго, ведаю, што яго вельмі любілі, што ён вельмі цікава выкладаў гісторыю. Ён ім расказваў пра найпрыгажэйшыя мясьціны ў Беларусі — вось яны зьбіраліся зь ім ехаць на экскурсію ў Гальшанскі замак, але ўсё з надворʼем не шанцавала. На ўроках нічога таго, што ў нас забаронена казаць, ён дзецям, натуральна, будучы недурным чалавекам, не казаў. Ведаю, што на слыху заўсёды было яго прозьвішча, бо ён падабаўся як пэдагог. Каб вы разумелі, у іх гісторыю і ідэалёгію вядуць некалькі чалавек, самыя лепшыя водгукі я чула толькі пра яго: што ён малайчына, што толькі на яго ўроках можна нармальна і цікава сядзець».

Андрэй Дараховіч зь сям'ёй
Андрэй Дараховіч зь сям'ёй

Кіраўніцтва: «Нармальна працаваў, ніякіх прэтэнзій не было»

У адміністрацыі каледжа адказалі, што Дараховіч там больш не працуе. Сакратарка адмовілася камэнтаваць, што адбылося.

«Ён звольніўся сам. Чаму я павінна тлумачыць? Напісаў заяву і звольніўся, — патлумачыла сакратар установы. — [Ці ў парадку зь ім], я не магу ведаць: ён ня наш работнік. Калі б ён быў нашым работнікам, я б цікавілася, мы б паднімалі трывогу, — сказала супрацоўніца пра нядаўняга калегу.

Тацяна Шчыракова, выканаўца абавязкаў дырэктара, таксама пацьвердзіла, што Дараховіч звольнены. Па ейных словах, яго не затрымлівалі ў сьценах каледжа.

«Нармальна працаваў, што мы можам пра яго сказаць. Як да яго ставіліся дзеці — пытайцеся ў іх, а ў нас ніякіх прэтэнзій не было. Ён звольніўся па ўласным жаданьні, па дамове бакоў 16.05».

Сьцьвярджэньне, што Андрэя Дараховіча вывелі зь лекцыі невядомыя, Тацяна Шчыракова пракамэнтавала так:

«Нічога яго ня вывелі. Я ня ведаю, хто бачыў. Больш нічога не магу вам казаць», — сьцьвярджае дырэктар. Па яе словах, аб затрыманьні былога калегі нічога невядома.

Zerkalo.io не ўдалося зьвязацца з блізкімі і знаёмымі Андрэя, а таксама датэлефанавацца ў ЦІП на Акрэсьціна, дзе, паводле слоў навучэнцаў, яго ўтрымліваюць. Пра гэта падлеткам расказаў яго сябар.

На «пакаяльным відэа» сам Дараховіч кажа, што затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, а ў тэлеграм-канале сілавікоў 19 траўня паведамлялася, што цягам 10 сутак сьледчыя будуць вырашаць, ці ёсьць у дзеяньнях маладога выкладчыка «крымінальныя склады».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG