Ілюстрацыя да мапы антываеннага супраціву 23 траўня 2022
Свабода працягвае зьбіраць прыклады, як беларусы супраціўляюцца расейскаму ўварваньню ва Ўкраіну.
Мастака затрымалі за графіці ў падтрымку Ўкраіны
У Новалукомлі затрымалі мастака-афарміцеля зь мясцовай ДРЭС за надпісы ў падтрымку Украіны. 23-гадовы хлопец на цеплатрасе напісаў «Слава Ўкраіне» і «Рускі ваенны карабель, ідзі на ***». А пад Чашнікамі каля вёскі Старыя Лаўкі на вайсковай гармаце намаляваў бел-чырвона-белы і ўкраінскі сьцягі.
На заснавальніка BYSOL Андрэя Стрыжака завялі чарговую справу. Пракуратура паведамляе, што ў дачыненьні да Стрыжака дадаткова распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу за «фінансаваньне і іншае матэрыяльнае забесьпячэньне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні, збройным канфлікце, ваенных дзеяньнях».
Крымінальная справа зьвязаная з дапамогай беларусам ва Ўкраіне.
Хлопца затрымалі за жаданьне паехаць ваяваць за Ўкраіну
У Менску затрымалі 19-гадовага Андрэя Раптуновіча. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што ён нібыта зьбіраўся паехаць ва Ўкраіну і далучыцца да батальёна Каліноўскага. Што яму інкрымінуюць, пакуль невядома.
Затрымалі настаўніка, бо паведамляў аб перасоўваньні расейскай вайсковай тэхнікі
Сілавікі затрымалі настаўніка, які дасылаў журналістам «Белсату» SMS-паведамленьні аб перасоўваньні расейскай вайсковай тэхнікі.
Пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу 23-гадовага жыхара Пінскага раёну за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Ведамства паведамляе, што ён зьняў на відэа вайсковы самалёт, а потым скінуў відэа «дэструктыўным тэлеграм-каналам».
Крымінальная справа за публікацыю ў тэлеграм-канале
ГУБАЗіК затрымаў вядомага экаактывіста Паўла Наздру. У «пакаяльным» відэа Павал расказвае, што «зрабіў публікацыю на тэлеграм-канале „Беларускі Гаюн“ аб перасоўваньні расейскіх войскаў у горадзе Мазыры». Яму інкрымінуюць артыкул 361-4 КК РБ («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).