Зьняволеныя журналісты і супрацоўнікі Радыё Свабода: Ігар Лосік, Альгерд Грузьдзіловіч, Андрэй Кузьнечык
Спэцыяльны прадстаўнік ЭЗ у правах чалавека Эйман Гілмар апублікаваў адкрыты ліст зьняволеным журналістам і супрацоўнікам СМІ ў Беларусі з нагоды Дня палітычнага вязьня ў Беларусі, абвешчанага на дзень 21 траўня праваабарончым цэнтрам «Вясна».
«У гэты дзень мы ўспамінаем Вітольда Ашурка і заклікаем расьсьледаваць абставіны і прычыны яго сьмерці ў турме, — напісаў прадстаўнік Эўразьвязу. — У гэты дзень Эўразьвяз таксама ўспамінае пра вашае зьняволеньне і пакуты. (…) На працягу апошніх некалькіх месяцаў мы зьвярталі ўвагу ўладаў Беларусі і ўсяго сьвету на цяжкія ўмовы зьняволеньня, якія вы пераносіце ў турме. Мы паўтараем наш заклік да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных».
Эйман Гілмар сьцьвярджае, што зьняволеньне журналістаў «дэманструе ня моц рэжыму Лукашэнкі, а яго слабасьць, таму што ён баіцца праўды і ня можа справіцца са свабодай выказваньня меркаваньняў».
«Я жадаю вам асабіста дабра і запэўніваю вас, што мы будзем працягваць нашы намаганьні, каб забясьпечыць вашу свабоду», — заканчваецца ліст прадстаўніка Эўразьвязу.