Расея выслала 85 дыпляматаў з краінаў ЭЗ і закрыла бюро канадзкай CBC

Прэсавая сакратарка расейскага Міністэрства замежных спраў Марыя Захарава, архіўнае фота
Прэсавая сакратарка расейскага Міністэрства замежных спраў Марыя Захарава, архіўнае фота

Расея высылае 34 супрацоўнікаў дыпляматычнай місіі Францыі, 27 — Гішпаніі і 24 — Італіі

Ім далі два тыдні на тое, каб пакінуць краіну. Як заявіла расейскае МЗС, гэтыя меры былі прынятыя ў адказ на высылку расейскіх дыпляматаў пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны.

Расейскіх дыпляматаў выслалі з Францыі на пачатку красавіка. Паведамлялася, што іх дзейнасьць «супярэчыла інтарэсам бясьпекі». СМІ падавалі інфармацыю, што было выслана 30–35 дыпляматаў. Таксама праз пагрозу бясьпецы на пачатку красавіка з Гішпаніі былі высланыя 25 супрацоўнікаў расейскай амбасады, а з Італіі — 30.

Масавая высылка расейскіх дыпляматаў з эўрапейскіх краінаў пачалася пасьля зьяўленьня сьведчаньняў пра імаверныя ваенныя злачынствы расейскай арміі ў Бучы пад Кіевам. Там пасьля сыходу з гораду расейскіх вайскоўцаў знайшлі целы мірных жыхароў са сьлядамі катаваньняў і агнястрэльнымі раненьнямі. Дыпляматаў выслалі практычна ўсе краіны ЭЗ, Расея паведамляе пра меры ў адказ.

Таксама ў сераду прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава заявіла аб закрыцьці ў Маскве карпункту канадзкай тэлерадыёвяшчальнай карпарацыі CBC. Па словах Захаравай, акрэдытацыі і расейскія візы журналістаў будуць ануляваныя. Гэтае рашэньне ў МЗС таксама называюць «мерай у адказ». Раней Канада забараніла вяшчаньне расейскага тэлеканалу RT.

Акрамя таго, у аўторак Канада пашырыла абмежаваньні для грамадзянаў Расеі, Беларусі і Ўкраіны, якія знаходзяцца пад санкцыямі праз вайну ва Ўкраіне. Сярод іх — прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў і міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу. Цяпер яны і чальцы іх сем’яў ня змогуць уехаць у Канаду.

Цяпер у канадзкі санкцыйны ліст уваходзяць 146 грамадзянаў Беларусі (чыноўнікаў і бізнэсоўцаў) і 39 беларускіх прадпрыемстваў і ўстановаў.

​
XS
SM
MD
LG