Аўстралійскі генэрал: украінцы пасьпяхова развальваюць мараль і ўстойлівасьць расейскага войска

Разгромленая ўкраінцамі расейская пераправа празь раку Северскі Данец, 12 траўня 2022
Разгромленая ўкраінцамі расейская пераправа празь раку Северскі Данец, 12 траўня 2022

Аўтарытэтны ваенны экспэрт, аўстралійскі генэрал у адстаўцы Мік Раян ацаніў прынцыпы, паводле якіх дзейнічае ўкраінскае войска і якія, на яго думку, дазваляюць яму пасьпяхова адбіваць націск большага колькасьцю суперніка.

Думкі Міка Раяна прыводзіць ВВС.

Раян апісвае стратэгію Ўкраіны як прынцып «карозіі», або «разьяданьня», згодна зь якім Кіеў пастаянна б’е па самых слабых месцах Масквы і эфэктыўна выкарыстоўвае ўласныя сілы, каб запаволіць ворага.

Паводле Раяна, украінскія войскі засяродзілі свае атакі на самых слабых баках любога войска: камунікацыях, лягістыцы, тылах, шляхах забесьпячэньня, артылерыі і камандных пунктах.

«Падчас бітвы за Кіеў Украіна змагла спыніць Расею, бо пракралася ў ейныя тылы і часткова зьнішчыла лягістычную падтрымку. Яны здолелі падарваць паўночны паход Расеі знутры і прымусіць яе войска сысьці», — лічыць Раян.

Падобную стратэгію Кіеў прымяняе і падчас кампаніі на ўсходзе, пастаянна атакуючы расейскую лягістыку — хоць Масква на гэты раз дзейнічае больш асьцярожна.

Пры гэтым «расейская мараль разьядаецца з прычыны паражэньняў на полі бою, праблем з забесьпячэньнем і адступленьня пад ціскам Украіны з-пад Кіева і Харкава», — лічыць Раян. Маральнаму наступу спрыяе і пасьпяховая ўкраінская кампанія ў сацсетках, якая дэманструе паразы Расеі.

Спаленая падчас пераправы празь Северскі Данец расейская тэхніка, 12 траўня 2022 году
Спаленая падчас пераправы празь Северскі Данец расейская тэхніка, 12 траўня 2022 году

Нядаўняя пераправа празь Северскі Данец, якая стала кашмарам для расейскіх войскаў, паказала, што камандаваньне Пуціна стала дрэнна спраўляцца з ацэнкай рызык ваенных апэрацый.

«Так выглядае вайна XXI стагодзьдзя. Украінцы паказалі сябе майстрамі. Кожная краіна сярэдняга памеру з абмежаванымі рэсурсамі можа шмат чаму ў іх навучыцца», — піша Мік Раян.

​
XS
SM
MD
LG