Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё ўмомант памянялася». Як год таму разграмілі Tut.by і што сёньня адбываецца зь яго пасьлядоўнікамі зь «Зеркала»


Tut.by, Zerkalo.io, ілюстрацыя
Tut.by, Zerkalo.io, ілюстрацыя

Былыя супрацоўнікі парталу расказалі Свабодзе пра той самы дзень 18 траўня 2021 году, пра стварэньне новага СМІ і апошнія навіны ад галоўнай рэдактаркі Марыны Золатавай.

Партал Tut.by прапрацаваў у Беларусі больш за 20 гадоў. 18 траўня 2021 году рашэньнем Міністэрства інфармацыі доступ да рэсурсу быў абмежаваны. У той жа дзень ранкам у рэдакцыі Tut.by зьявіліся сілавікі, а 15 яго дзейных і былых супрацоўнікаў трапілі за краты. Фатограф Вадзім Заміроўскі прапрацаваў на Tut.by восем гадоў, прыйшоў туды яшчэ ў 2013-м. 18 траўня 2021 стаў для Заміроўскага апошнім днём працы ня толькі на партале, але і ў Беларусі.

«Усе разумелі, да чаго ідзе, але гатовы ня быў ніхто»

«Так, я памятаю той дзень, — расказвае Вадзім. — Я стаяў у чарзе на прышчэпку ад каранавірусу, калі пабачыў навіну пра арышт калег і ператрус. Была нейкая чарговая выстава Мінздароўя і там можна было прышчапіцца. На той момант яшчэ былі складанасьці з прышчэпкамі. І я туды зранку паехаў і пра ўсё прачытаў, стоячы ў гэтай чарзе, перада мной заставаліся літаральна тры чалавекі. Я прачытаў навіны і яшчэ падумаў, што вось, прышчэпка цяпер, можа, і не спатрэбіцца ўжо. Што ўсё ўмомант памянялася».

Прышчэпку ў выніку Вадзім зрабіў, пасьля чаго паехаў дадому зьбіраць рэчы. Фатограф расказвае, што нават гэта рабіць было небясьпечна, ніхто з супрацоўнікаў Tut.by ня мог быць упэўненым, што па яго таксама ня прыйдуць сілавікі.

«Патэлефанаваў жонцы, спытаў, што там і як, — успамінае Заміроўскі. — Яна адказала, што нібыта ўсё нармальна. Я прыехаў, сабраў рэчы і пайшоў з дому. У той самы дзень я яшчэ пад’ехаў на наш офіс. Паздымаў яго, апячатаныя дзьверы. Дакладна ня памятаю, што там яшчэ было. Празь некалькі дзён я выехаў зь Беларусі. Трэба было рабіць тэст ПЦР, зразумець, куды ўвогуле ехаць».

Па словах Вадзіма, журналісты парталу разумелі, што нешта такое можа адбыцца. Аднак усё адно гэта стала нечаканасьцю, асабліва тое, якім менавіта чынам улады вырашылі разграміць Tut.by.

«Усе разумелі, што да гэтага ішло, — кажа фатограф. — Але я таксама думаю, што ніхто ня быў гатовы да таго, што гэта вось так менавіта адбудзецца. Як нейкая спэцапэрацыя. Што адначасова прыйдуць да ўсіх, і ў рэдакцыю... Кіраўніцтва нам адразу паведаміла, што, калі ласка, у каго ёсьць магчымасьць — едзьце. Але ўсё адно паехалі ня ўсе. У кожнага свае абставіны. У некага бацькі старыя, у кагосьці яшчэ нешта. Зьехалі ня ўсе, але большасьць».

Аляксандра Пушкіна да 18 траўня займала пасаду PR-мэнэджара Tut.by, працавала на партале каля двух гадоў. У дзень прыходу сілавікоў у рэдакцыю ля станцыі мэтро «Міхалова» яна акурат была ў адпачынку.

«Я за некалькі дзён да 18 траўня паехала ў адпачынак, — расказвае Аляксандра. — І мне раніцай напісаў Арцём Шрайбман, выказаў спачуваньні, што ўсё так атрымалася. Я нават не адразу зразумела, пра што ён. Пасьля мне пазваніла Ганна Калтыгіна (адна з рэдактарак партала. — РС) і спытала, дзе я, у офісе альбо не. Бо я, нягледзячы на ковідныя абмежаваньні, хадзіла ў рэдакцыю і працавала адтуль. Таму мне звычайна ўсе званілі і пыталі, як абстаноўка. Я сказала, што ў адпачынку, Ганна тады паклала трубку. Адкрываю сеткі, там мільён непрачытаных паведамленьняў. Пачала званіць калегам, дазваніцца змагла толькі аднаму фатографу. Празь некалькі гадзінаў яго затрымалі».

Аляксандра ўспамінае, што спачатку не магла зразумець, што адбываецца. Было жаданьне сесьці ў самалёт і вярнуцца ў Менск. Пасьля яна пачала дапамагаць Кірылу Валошыну (сузаснавальнік Tut.by. — РС) з арганізацыяй інтэрвію і раздачай камэнтароў аб сытуацыі. Удзельнічала ў падрыхтоўцы прэс-канфэрэнцыі з нагоды разгрому парталу.

«Я з Кірылам тады не была добра знаёмая, — кажа Аляксандра. — У яго акурат дзень народзінаў быў. І я пазваніла, павіншавала, а потым кажу: трэба падрыхтаваць прэс-канфэрэнцыю. Вось так гэта ўсё адбывалася. Сказаць, што ўсе гэтыя падзеі былі для нас вялікай нечаканасьцю, я не магу. Працавала разам з рэдакцыяй пасьля выбараў 2020 году. І калі ты пастаянна стаіш то ля РУУС, то ля суду, то разумееш, куды ідуць справы. У нас ужо была крымінальная справа Каці Барысевіч (журналісткі, асуджанай за асьвятленьне справы аб забойстве Рамана Бандарэнкі. — РС), ужо было пазбаўленьне статусу СМІ, шэраг адміністрацыйных арыштаў. Унутраныя адчуваньні не былі спакойнымі. Адчуваньне таго, што ня ўсё ў парадку, абвастрылася пасьля Дня Волі. Мы разумелі, што працаваць стала небясьпечна».

Па словах Аляксандры Пушкінай, гэта не перашкаджала рэдакцыі парталу плянаваць сваю працу на ўвесь 2021 год. Рэдактары абмяркоўвалі пляны на верасень і нават сьнежань 2021 году. Сама Аляксандра актыўна працавала над адкрыцьцём крамы мэрчу парталу, яна ўжо пачынала працаваць, ішлі першыя продажы.

«Марына піша, што радуецца дзьмухаўцам»

Вынікам падзей 18 траўня 2021 году сталі 15 арыштаваных дзейных і былых супрацоўнікаў партала, апячатаны офіс, заблякаваныя сэрвэры. Паступова частку супрацоўнікаў выпусьцілі пад хатні арышт, зьмяніўшы меру стрыманьня. Трое, у тым ліку галоўная рэдактарка Марына Золатава, застаюцца за кратамі і праз год. Акрамя яе, гэта журналістка Алена Талкачова і генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. З усіх затрыманых пакуль асудзілі мэнэджарку праекту tam.by (на ім зьбіраліся камэнтары пад публікацыямі парталу. — РС) Дар’ю Данілаву. Судзьдзя Алег Каляда прызнаў яе вінаватай у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак. Данілавай прысудзілі год і чатыры месяцы пазбаўленьня волі і выпусьцілі ў залі суду, бо дзень у СІЗА залічваецца як паўтара дня ў калёніі.

Лісты ад зьняволеных супрацоўнікаў Tut.by да тых калег, хто застаўся на свабодзе, увесь гэты час даходзяць выбарачна. Нехта атрымліваў больш лістоў ад Марыны Золатавай, хтосьці ад іншых зьняволеных. Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны перапіска амаль спынілася, даходзяць толькі адзінкавыя паведамленьні. Збольшага зьняволеныя супрацоўнікі парталу могуць кантактаваць толькі з блізкімі роднымі.

«Ад Марыны адзін ліст прыйшоў літаральна на днях, ён за 5 траўня, — расказвае Аляксандра Пушкіна. — Яна піша, што ўжо пасьпела загарэць пад сонцам за тры дні шпацыраў. Вяснушкі зьявіліся. Піша таксама, што дзьмухаўцы бачыла, іншую зеляніну, якая пачала прабівацца. Гэта Марыну радуе. Пра сям’ю сваю пісала, пра тое, што ў яе больш складваюцца адносіны з сабакамі, чым з катамі. Гэта ў адказ на маю гісторыю пра напад майго ката на мяне. Марына ўсім перадае прывет. Піша таксама, што хацела б нешта прыгатаваць са сваімі дзецьмі. Расказвае, што гэтага вельмі не стае».

Пра магчымы судовы працэс у справе арыштаваных супрацоўнікаў Tut.by пакуль нічога не вядома. Іх адвакаты знаходзяцца пад падпіскамі аб невыдаваньні, дакладна невядомыя нават артыкулы абвінавачаньня. Сямейнікі часткі фігурантаў справы таксама перасталі камунікаваць з журналістамі для публікацый.

«Пераемнік» Tut.by мог называцца па-беларуску

Аляксандра Пушкіна пасьля разгрому Tut.by стала камунікацыйнай дырэктаркай «Зеркала» — СМІ, якое стварылі былыя супрацоўнікі парталу. «Зеркало» зьявілася празь некалькі месяцаў пасьля 18 траўня, афіцыйна запуск новага СМІ адбыўся 8 ліпеня. На тэрыторыі Беларусі новы праект заблякавалі ўжо праз гадзіну пасьля гэтага.

Супрацоўнікі новага выданьня кажуць, што яго нельга называць паўнавартасным пераемнікам Tut.by, гэта, хутчэй, ініцыятыва групы журналістаў і рэдактараў разгромленага парталу. Ад Tut.by да «Зеркала» перайшлі сацыяльныя сеткі і плятформа, на якой цяпер публікуюцца матэрыялы новага выданьня.

«Назва новага выданьня зьяўлялася хаатычна, — успамінае Аляксандра Пушкіна. — Хтосьці яшчэ ехаў, хтосьці ўжо выехаў. Мы ўсе хацелі як мага хутчэй запусьціцца, працягвалі весьці сацсеткі. І чытачы нам пісалі, каб мы ўжо хутчэй запускалі „люстра“ Tut.by. Але калі пагаварылі з заснавальнікамі партала, то было прынята рашэньне, што гэта будзе хутчэй усё ж новае выданьне. Сабраліся разам, шмат спрачаліся наконт назвы. Большасьць варыянтаў былі па-беларуску. Былі блізкія да Tut.by назвы. І мы ніяк не маглі выбраць. Tut.by быў яшчэ вельмі побач, не было разуменьня, як назваць новае выданьне».

Працэск запуску «Зеркала» паскорыўся пасьля таго, як у ліпені сілавікі пачалі прыходзіць у рэдакцыі і дадому да супрацоўнікаў іншых недзяржаўных СМІ, згадвае Аляксандра.

«Тады мы вырашылі: раз чытачы просяць запусьціць люстэрка, то хай будзе назва „Зеркало“, — кажа Аляксандра Пушкіна. — Зь іншых варыянтаў найбольш галасавалі за беларускамоўны „Мара“. „Люстэрка“ таксама разглядалі, але пасьля зразумелі, што ў адрасным радку можна дапусьціць памылкі, асабліва калі нехта не валодае беларускай мовай. Таму вырашылі выбраць расейскую вэрсію назвы. Але ў выніку трапілі на літару „Z“. Зараз перайшлі на кірыліцу. У гэтым ёсьць нешта ненатуральнае. Зноў хтосьці за нас вырашае».

«Калі пачалася вайна, у нас усіх было шмат эмоцый»

Большасьць супрацоўнікаў новастворанага «Зеркала» працавала з Кіева. З пачаткам вайны рэдакцыі прыйшлося пераяжджаць другі раз.

«Пачыналі „Зеркало“ тыя, хто раней працаваў на Tut.by, — гаворыць Аляксандра. — Цяпер мы працуем з розных краін. Раней усе былі ў асноўным ва Ўкраіне, і з пачаткам вайны ўсім прыйшлося адтуль зьяжджаць. Цяпер супрацоўнікі знаходзяцца на тэрыторыі Эўразьвязу. Калі пачалася вайна, у нас усіх было шмат эмоцый. Добра, што яны забываюцца. Шмат што адчуваеш, калі замоўлены для эвакуацыі аўтобус для ўсіх супрацоўнікаў раптам трапляе пад мабілізацыю і выконвае ўжо іншыя функцыі, а трэба штосьці прыдумляць нанова. І гэта ўсё 24 лютага, у дзень пачатку вайны».

Аляксандра Пушкіна расказвае, што з Украіны супрацоўнікі «Зеркала» выбіраліся ў выніку не адзін дзень. Апошнія зь іх змаглі выехаць толькі празь пяць дзён пасьля пачатку першых бамбаваньняў.

«Нехта з двума катамі ехаў, нехта з сабакам, шмат хто зь дзецьмі, — расказвае яна. — Сем’ямі ехалі. У кагосьці былі праблемы са здароўем. Але ўсе змаглі выехаць. Гэта, я думаю, было больш бясьпечна для нас. Хоць і тады адбывалася шмат дрэннага, усё было складана. Але мы і ў гэты час публікавалі навіны. Гэтай працай займаліся тыя, хто знаходзіўся не ва Ўкраіне. Думаю, у выніку аднолькава стаміліся і яны, і тыя, хто спрабаваў эвакуавацца. Гэта было безь перапынкаў, бяз сну. Але гэта быў пачатак вайны. Ніхто не чакае, што будзе лёгка».

Паводле Аляксандры Пушкінай, цяпер аўдыторыя «Зеркала» складаецца пераважна зь беларусаў. Супрацоўнікі публікуюць каля 1 500 матэрыялаў штомесяц. Чытаюць мужчыны і жанчыны прыкладна пароўну. Сярэдні ўзрост чытача — 35 гадоў. Апроч Беларусі, «Зеркало» чытаюць таксама ва Ўкраіне і Польшчы — гэта другая і трэцяя краіны па колькасьці прачытаньняў.

«Мы стараемся, — расказвае Аляксандра. — Захоўваем прынцыпы працы, якіх трымалася рэдакцыя партала Tut.by. Паказчыкі ў нас, папраўдзе, нядрэнныя. За сакавік у нас вельмі павялічыўся прыток унікальных карыстальнікаў, іх было больш за 5 мільёнаў за месяц. Гэта адбылося дзякуючы прыросту расейскай аўдыторыі на фоне вайсковага ўварваньня ва Ўкраіну. Каля 30% наведнікаў былі з Расеі, якія прыходзілі да нас праз пошук. Пасьля адбылося блякаваньне „Роскомнадзора“, гэтыя паказчыкі праселі. Мы вярнуліся да 3 мільёнаў унікальных карыстальнікаў у месяц».

Яшчэ ў дзень запуску «Зеркала» было абвешчана, што новаствораны СМІ будзе працаваць толькі да таго дня, калі стане магчымым аднавіць Tut.by. Калі гэта адбудзецца, ніхто дакладна не ведае. Па словах PR-мэнэджаркі, рэдактары і журналісты пераемніка Tut.by нічога не загадваюць, але ўсё ж працягваюць плянаваць працу наперад.

«Вядома, ёсьць нейкія пазнакі і таймлайны, што і дзе мы хацелі б бачыць, што для нас важна, — гаворыць Аляксандра Пушкіна. — Чаго б нам хацелася дасягнуць і той базавы мінімум, які б мы хацелі выконваць. Не будуем грандыёзных плянаў на канкрэтны месяц. Ёсьць абсалютна нармальны рэдакцыйны плян, мэнэджарскі плян — і ёсьць нашыя чаканьні. Але гэта не абавязкова тое, што будзе. Мы ставімся да гэтага спакойна. Досьвед двайнога ўдару шмат чаму вучыць. Будзем выконваць сваю працу і знаходзіць варыянты, каб яна не спынялася, каб трымалася на сваім высокім узроўні».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG