Зяленскі і Шольц агучылі ўмову для мірных перамоваў Украіны з Расеяй

Канцлер ФРГ Олаф Шольц і прэзыдэнт Украіны Уладзімер Зяленскі. Архіўнае фота
Канцлер ФРГ Олаф Шольц і прэзыдэнт Украіны Уладзімер Зяленскі. Архіўнае фота

Канцлер ФРГ Оляф Шольц і прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 17 траўня па тэлефоне сярод іншага абмеркавалі ваенную і гуманітарную сытуацыю ва Ўкраіне.

Олаф Шольц і Ўладзімір Зяленскі зазначылі, што дыпляматычнае ўрэгуляваньне магчымае толькі пасьля вываду войскаў Расеі з Украіны.

«Яны прыйшлі да высновы, што дыпляматычнае ўрэгуляваньне канфлікту шляхам перамоваў паміж Украінай і Расеяй запатрабуе неадкладнага спыненьня баявых дзеяньняў з боку Расеі і вываду расейскіх войскаў з Украіны», – заявіў афіцыйны прадстаўнік урада Нямеччыны Штэфэн Гэбэштрайт.

Ён зазначыў, што палітыкі таксама абмяняліся думкамі аб магчымасьцях падтрымкі Ўкраіны і дамовіліся заставацца ў цесным кантакце.

Зяленскі назваў перамовы з Шольцам «плённымі».

«Абмеркавалі сытуацыю на фронце, працяг ціску на Расею, узмацненьне жорсткасьці санкцый, пэрспэктывы дасягненьня міру. Цэнім падтрымку Нямеччыны, у тым ліку абаронную. Разьлічваем на далейшае садзейнічаньне Нямеччыны на шляху Ўкраіны да паўнапраўнага сяброўства ў ЭЗ», – напісаў прэзыдэнт Украіны ў твітары.

Апошні раз Расея і Ўкраіна праводзілі перамовы вочна 29 сакавіка ў Стамбуле, куды прыбылі дэлегацыі дзьвюх краін. 12 красавіка пасьля выяўленьня забойстваў мірных людзей у Бучы пад Кіевам Уладзімір Пуцін сказаў, што перамовы зайшлі ў тупік. 19 красавіка фактычную іх замарозку канстатавалі і ўкраінскія улады.

17 траўня дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк у эфіры ўкраінскай тэлевізіі пацьвердзіў прыпыненьне перамоваў з Расеяй. У МЗС Расеі таксама сказалі, што перамовы з Украінай «фактычна не вядуцца».

​
XS
SM
MD
LG