Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крамы, чыгунка, дзіцячы садок – цэлі расейскіх ракет ва Ўкраіне 17 траўня

Зьнішчаны жылы дом у Марыюпалі падчас маштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Марыюпаль, Украіна, 30 сакавіка 2022 года
Зьнішчаны жылы дом у Марыюпалі падчас маштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Марыюпаль, Украіна, 30 сакавіка 2022 года

Расея са сваёй тэрыторыі абстрэльвае розныя памежныя рэгіёны Ўкраіны, у тым ліку памежныя зь Беларусьсю. Свабода сабрала зьвесткі, у якія аб’екты расейцы цаляюць сваімі ракетамі.

У ноч з 16 на 17 траўня Расея зноў пачала актыўна наносіць ракетныя ўдары па Сумскай і Чарнігаўскай абласьцях.

Як Свабодзе паведамілі ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны, цяпер ракеты выпускаюць з тэрыторыі Расеі, а не Беларусі, як на пачатку вайны, з 24 лютага.

У той жа час Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны кожны дзень паведамляе, што пагроза ракетна-авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі па інфраструктурных аб’ектах Украіны застаецца.

Паводле інфармацыі памежнікаў, у раёне населенага пункту Белакапытава Сумскай вобласьці расейцы зь мінамётаў абстралялі падразьдзяленьні Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

У якія аб’екты пацэлілі расейскія ракеты:

Сумская вобласьць, горад Ахтырка

У мірныя цывільныя аб’екты ў цэнтры горада пацэлілі пяць расейскіх ракет. Пацярпелі складзкія памяшканьні, двухпавярховы і некалькі прыватных жылых будынкаў, дзіцячы садок (яго бамбілі зь першага дня вайны). Мясцовыя ўлады паведамляюць, што ў выніку абстрэлаў раненьні атрымалі ня менш як пяць грамадзян.

Чарнігаўская вобласьць. Пасёлак Дзясна

Расейская авіяцыя атакавала навучальны цэнтар Узброеных сіл Украіны. З самалётаў скінулі ракеты. Паводле кіраўніка Чарнігаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Вячаслава Чавуса, паводле папярэдніх зьвестак, ёсьць загінулыя і шмат параненых.

Львоўская вобласьць. Явараўскі раён

Найбуйнейшая ракетная атака на Львоўшчыну з пачатку вайны. Тры ракеты зьбілі ўкраінскія сілы супрацьпаветранай абароны. Атакавалі з акваторыі Чорнага і Касьпійскага мораў.

Удар нанесены па аб’екце інфраструктуры рэгіянальнага аддзяленьня Львоўскай чыгункі ў Явараўскім раёне. З суседніх будынкаў павыляталі шыбы. Інфармацыі аб траўмаваных ці загінулых пакуль няма.

Мікалаеў і Мікалаеўская вобласьць

Мікалаеўская гарадзкая рада паведаміла, што расейцы чарговы раз абстралялі жылыя раёны гораду і некалькі населеных пунктаў у Мікалаеўскай вобласьці. Колькасьць ракетных абстрэлаў не паведамляюць.

У выніку абстрэлаў пашкоджаныя жылыя будынкі, крамы, аўтамабілі і іншыя аб’екты інфраструктуры. Ёсьць пацярпелыя, але колькі іх, не ўдакладняюць.

Харкаўская вобласьць

Пад абстрэламі мірныя жыхары населеных пунктаў Харкаўскага і Чугуеўскага раёнаў. Улады не ўдакладняюць колькасьць пашкоджаных аб’ектаў. За апошнія суткі атрымалі раненьні 10 грамадзян і яшчэ двое загінулі.

Данецкая вобласьць

Апошні тыдзень рэгіён абстрэльваюць найбольш інтэнсіўна. Паводле абласных уладаў, у выніку абстрэлаў Ліману, Аўдзееўкі, Мар’інкі, Кліновага, Дробышава і Кацярынаўкі загінулі 9 мірных грамадзян і яшчэ 6 атрымалі раненьні.

Інфармацыі са зьнішчаных Марыюпалю і Валнавахі няма.

Луганская вобласьць

Як і Данецкая, Луганская вобласьць – цяпер эпіцэнтар баявых дзеяньняў.

Расейцы ўсё мацней атакуюць і абстрэльваюць. Найбольш дастаецца Севераданецку, які пасьля акупацыі ў 2014 годзе Луганску выконвае функцыі абласнога цэнтру.

Як паведаміў кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай, расейцы наўмысна зьнішчаюць Севераданецкую лякарню і такім чынам «дабіваюць параненых».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG