Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст і музыка Ігар Палынскі: «Імкнуся рабіць усё магчымае, каб наблізіць перамогу здаровага сэнсу ў Беларусі»


Ігар Палынскі. Фота: Настасься Уткіна
Ігар Палынскі. Фота: Настасься Уткіна

Сёньняшнім нашым госьцем стаў музыка, паэт, журналіст і грамадзкі актывіст Ігар Палынскі.

У свае 28 Ігар пасьпеў агаломшыць родны Полацак рок-гуртом Sumarok, скончыць журналістыку ў Белдзяржунівэрсытэце, заявіць пра сябе ў рэгіянальнай прэсе, паактыўнічаць у выбарчай кампаніі 2020-га і трапіць пад пільнае вока людзей у пагонах (і без), што ўрэшце і змусіла яго пакінуць Беларусь.

У Беласток

— Ужо амаль год, як вы апынуліся ў Беластоку. Чаму і як вы пакінулі Беларусь?

— Хацеў сказаць, што далёка яшчэ ня год, але паглядзеў у каляндар — жах, сапраўды. Я выехаў зь Беларусі ў ноч з 16 на 17 ліпеня 2021 году. На цягніку да Смаленску, адтуль розным транспартам да мяжы з Украінай, памежны пераход прайшоў пешшу, далей аўтаспынам да Кіева. Месяц правёў там, пакуль чакаў польскую візу — зьяжджаць жа зь Беларусі не плянаваў і блізка, нічога не рыхтаваў. Пасьля перабраўся ў Беласток. Усьляпую. Раней тут быў праездам — дый наогул нячаста за мяжу выяжджаў, не цягнула асабліва. Але ведаў, што тут павінна быць шмат беларусаў. Значыць, змагу быць карысным і, магчыма, будзе варушняк.

Чаму зьехаў?.. Тады была чарговая хваля рэпрэсій у дачыненьні да беларускіх мэдыя. Я працаваў журналістам маладачанскай незалежнай «Рэгіянальнай газэты», мы з калегамі асьвятлялі практычна ўсю пратэставую актыўнасьць у рэгіёне, і тое, калі ў рэдакцыю прыйдуць, было хіба пытаньнем часу. Да таго ж у нейкі момант сталі зьяўляцца сыгналы, што і мая асоба трапіла пад увагу сілавікоў: і за музыку, і за журналістыку, і іншую актыўнасьць, якая асабліва не афішавалася. І плюс тады ўжо пачыналі затрымліваць усіх запар, хто нават проста быў у ініцыятыўных групах патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты — а я зьбіраў подпісы за Віктара Бабарыку… Карацей, сямейная рада вырашыла, што мне трэба выехаць, прынамсі часова, а калі ўсё стане спакойна — заўсёды можна вярнуцца.

І вось у ноч зь пятніцы на суботу я паехаў. А ў панядзелак прыйшлі і ў рэдакцыю, і дамоў да мяне і калег.

Зоя Хруцкая і Настасься Уткіна, зь якімі мы працавалі ў «РГ», пасьля расказвалі, што сілавікі вельмі шмат пра мяне распытвалі. Цяпер дзяўчаты таксама тут, у Беластоку, — працягваем працаваць разам.

Ігар Палынскі. Фота: Настасься Уткіна
Ігар Палынскі. Фота: Настасься Уткіна

— З чаго пачалі сваё жыцьцё ў новай краіне? Як здолелі наладзіць нейкі мінімум дабрабыту для сям’і? Хто і чым дапамог?

— Мне вельмі пашчасьціла, што ў Беларусі я езьдзіў на дапатопным «Эскорце», марыў пра тое, каб набыць штосьці хоць трошкі жывейшае, і апошні час зьбіраў грошы. Назьбіраў пару тысяч даляраў — яны тут, у Польшчы, дапамаглі на першы час знайсьці жытло, побытавыя моманты ўсялякія павырашаць, падрыхтаваць і арганізаваць пераезд жонкі і дзяцей — яны прыехалі ў канцы кастрычніка. Амаль адразу пачаў падпрацоўваць, браўся за ўсё, што мог — рэдактарскія ўсялякія штукі, відэалекцыі нейкія мантажаваў.

Вельмі дапамаглі беларусы зь беластоцкай дыяспары і беластоцкі фонд «Акно на ўсход» — менавіта парадамі, куды зьвяртацца ў тых ці іншых пытаньнях. Дзякуй і падляскім беларусам — зь некаторымі зь іх, у прыватнасьці зь Яраславам Іванюком, заснавальнікам інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat, быў знаёмы, зь іншымі пазнаёміўся або разьвіртуаліўся ўжо тут.

Мэдыяльны «Мост»

— Апрача працы непасрэдна для штодзённых патрэбаў, вы вельмі актыўна заняліся ўсялякімі грамадзкімі беларускімі справамі. Чаму?

— Яшчэ ў ноч ад’езду я разумеў, што мяне будзе моцна штарміць па-за домам. Амаль ніколі не пакідаў Беларусі больш чым на пару дзён — хіба яшчэ як у школе вучыўся, езьдзіў у санаторый у Друскенікі. Я папсова скажу, але Беларусь для мяне — як дыхаць. Таму без разгойдваньня пастараўся ўключацца ў тую беларускую актыўнасьць, якая тут ёсьць — як найменшае з таго, што магу зрабіць. Як тое, што зьвязвае мяне з домам. Пасьля, як заводзіў усё болей знаёмстваў ды прыяжджалі новыя людзі — хваля не спыняецца, — пачыналі ладзіць нешта новае.

— Раскажыце, калі ласка, як паўставалі ў Беластоку пры вашым удзеле каворкінг (чаму, дарэчы, не назвалі гэта неяк па-беларуску?) «Мост», «Мова нанова»?

— У Беластоку ў нейкі момант утварылася крытычная маса журналістаў, і паўсталі дзьве задачы. Тыя зь іх, хто пасьля вымушанай рэлякацыі працягваў дыстанцыйна працаваць у сваіх мэдыя, ня мелі зручнага кутка. З інтэрнэтам, тэхнікай, працоўнай атмасфэрай — гэтым вось усім. І горадзенскі журналіст Руслан Кулевіч сабраў усіх калег, каго змог, прэзэнтаваў ідэю зладзіць такі каворкінг. Мы называем яго «Мэдыяпорт» — дарэчы, падобная пляцоўка ёсьць і ў Варшаве. Паспрыялі мясцовыя ўлады — прапанавалі памяшканьне ў цэнтры зь мінімальнай арэнднай платай.

Ігар Палынскі. Фота: Настасься Уткіна
Ігар Палынскі. Фота: Настасься Уткіна

Другая задача дзеліцца на два пласты. Некаторыя мэдыя, дзе працавалі журналісты, перасталі існаваць, або праца ў іх з-за мяжы была немагчымай. І ў Беластоку, дзе велізарная колькасьць беларусаў — як мінімум дзесяць тысяч, — не існавала такога СМІ, які задаволіў бы асноўныя патрэбы ў інфармацыі. Каб там былі навіны, рэпартажы, гайды, афіша падзей — гэта вось усё. Плюс ёсьць блізкая да Беластоку Горадня. Прыдумалі зрабіць мэдыя, якое было б такім сабе мостам для гэтых памежных рэгіёнаў — Падляшша і Панямоньня. Так і назвалі — «Мост», назва, па-мойму, удалая. Пачынаць з нуля заўсёды няпроста, але сабралася такая кайфовая каманда! Людзі з розных рэгіёнаў, з розным досьведам і ведамі… Запусьцілі ў студзені. Бачым, што «Мост» чытаюць.

Зьяўленьне такой беларускай пляцоўкі ў Беластоку адкрыла і магчымасьці, каб ладзіць імпрэзы. Выставы, кніжныя прэзэнтацыі, невялікія канцэрты — усё гэта робім. І ў нейкі момант Кацярына Дзерман, актывістка беларускай дыяспары Беластоку, прапанавала ў нашым «Мэдыяпорце» рабіць «Мову нанова»: маўляў, як гэта — у горадзе, дзе адна з найбуйнейшых беларускіх дыяспар, ды няма курсаў?.. У партнэрстве з фондам Tutaka ўжо правялі чатыры сустрэчы. Гасьцямі, сярод іншых, былі сьпявачка Кацярына Ваданосава, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі і журналіст Сяргей Навумчык, паэтка Анхэля Эсьпіноса Руіс. Я адзін зь вядоўцаў, на апошніх занятках выступаў і як музыка.

— Колькі беларускіх уцекачоў уцягнута ў гэтыя праекты?

— «Мэдыяпорт» як практычна цэнтар беларускага жыцьця ў Беластоку прыцягвае многіх людзей — журналістаў, актывістаў, мастакоў. Вось днямі ў нас адкрылася выстава мастака Ўладзіка Бохана «Чырвоная лінія». Пазнаёміліся зь ім на адной з акцый ля беларускага консульства ў Беластоку. З пачаткам вайны ва Ўкраіне, калі ў Польшчу пачалі прыяжджаць уцекачы, зладзілі беларуска-ўкраінскую сустрэчу. Часам зьбіраецца беларуская дыяспара, падпісваем паштоўкі палітвязьням. Часта прыходзяць самыя розныя людзі, прапануюць самыя розныя ідэі — калі бачым, што можам паспрыяць іх рэалізацыі, стараемся гэта рабіць.

Ігар Палынскі. Фота: Настасься Уткіна
Ігар Палынскі. Фота: Настасься Уткіна

Палякі і беларусы

— А як рэагавалі на вашы ідэі ваяводзкія ўлады? Увогуле, якія ў вас зь імі стасункі?

— Улады Беластоку вельмі прыязна ставяцца да беларускай актыўнасьці. На адкрыцьцё «Мэдыяпорту» прыходзіў намесьнік прэзыдэнта гораду. На акцыях выступаюць прадстаўнікі ўладаў, дэпутаты. Разам з тым камунікацый у нас няшмат — бо папросту няма такой патрэбы. Тут няма такога, каб для кожнага чыху па ўзгадненьне. Гэта проста мэнэджары.

— Ці зьмянілася стаўленьне мясцовых польскіх уладаў да беларускіх арганізацый і іхных спраў з пачаткам вайны Расеі ва Ўкраіне? І як паўплывалі гэтыя падзеі на вашы далейшыя пляны па арганізацыі жыцьця беларускіх уцекачоў?

— Зразумела, з пачаткам вайны беларускае пытаньне адсунулася на другі плян. І самі беларусы ўключыліся ў дзеяньні, зьвязаныя з падтрымкай уцекачоў з Украіны. Сам езьдзіў на польска-ўкраінскую мяжу ў першыя дні вайны, завозіў дапамогу ў лягер уцекачоў у Перамышлі, трохі дапамагаў з транспартам.

У «Мосьце» мы шмат расказвалі пра тое, зь якой дыскрымінацыяй сутыкаюцца беларусы ў Польшчы праз тое, што Лукашэнка падтрымаў Пуціна ў вайне. Магчыма, і наш голас паспрыяў таму, што цяпер сытуацыя палепшылася. У Беластоку мне невядома пра выпадкі, дзе беларусы сутыкаліся б з праблемамі кшталту парэзаных колаў з прычыны беларускіх нумароў на машынах.

Мы плянавалі запускаць «Мову нанова» на пачатку сакавіка, але, зразумела, пляны адклаліся, стартавалі толькі да Дня Волі, і тое ў камандзе была пэўная дыскусія — ці час для такой ініцыятывы. Прыйшлі да высновы, што варта рабіць.

Ігар Палынскі. Фота: Настасься Уткіна
Ігар Палынскі. Фота: Настасься Уткіна

Яшчэ адзін праект — Koska.media — мы з калегамі з «Рэгіянальнай газэты», Зояй Хруцкай і Настасьсяй Уткінай, хацелі запусьціць акурат 24 лютага. Падрыхтавалі ўсё, быў назапашаны пэўны кантэнт… Але прачнуліся ў новай рэальнасьці. Увесь сьвет у новай рэальнасьці прачнуўся. Давялося шмат працаваць з канцэпцыяй. Новая дата запуску — 1 чэрвеня, такі вось анонс. Гэта будзе мэдыя, дзе будзем асэнсоўваць праблемы грамадзкай супольнасьці ў Беларусі, глядзець на пасьпяховыя прыклады разьвязаньня падобных праблем у сьвеце і разам з экспэртамі шукаць шляхі, якія найбольш пасавалі б Беларусі ў рэаліях сёньняшніх і тых, якія будуць у тым «заўтра», пра якое мы марым і да якога імкнёмся.

Вяртаньне да музыкі

— Ваша жыцьцё складаецца ня толькі з працы, грамадзкіх праектаў, але яшчэ і з асабістае творчасьці. Вы музыка, паэт. Як з гэтым цяпер у вас?

— Меней як празь месяц гурту Sumarok споўніцца 13 гадоў. Ня верыцца, па шчырасьці, што столькі часу прайшло ад таго дня, калі мы падлеткамі сядзелі на даху аднаго з полацкіх шматпавярховікаў і марылі пра тое, як будзем заваёўваць сцэну. Гітара — адна зь першых рэчаў, якую купіў у Польшчы, бо ўсе мае інструмэнты засталіся ў Беларусі. Пасьля купіў два электраарганы — ёсьць у мяне такі пункцік. Пасьля пераезду патроху пачынаў нешта пісаць. Шукаю вось музыкаў, зь якімі трапілі б у адну хвалю, каб новыя песьні атрымалі электрычнае гучаньне — пакуль жа хіба акустыка.

— Ці часта выступаеце? Хто вашы асноўныя слухачы і прыхільнікі?

— У Польшчы ў мяне за час ад пераезду было некалькі выступаў, першы — перад самым Новым годам у Варшаве, у беларускім бары BeerStation Praga. Трошкі сьпяваў на імпрэзах у Беластоку, напрыклад на адкрыцьці нашага «Мэдыяпорту».

Хто мае слухачы? На канцэрты прыходзяць зусім розныя людзі. Розных узростаў, заняткаў, інтарэсаў… У мяне няма дакладнага партрэта: я сьпяваю для кожнага. І раз адгукаецца — значыць, усё нездарма.

Вокладка сынгла гурту Sumarok. Фота: Алесь Кіркевіч
Вокладка сынгла гурту Sumarok. Фота: Алесь Кіркевіч

— Што пішацца і граецца беларускаму музыку ў часе вайны за вельмі блізкай мяжой?

— Першыя тыдні наагул ня браў гітары ў рукі. Бо здавалася: як гэта — сьпяваць, калі тут, зусім блізка, ляцяць ракеты?.. Мяне пераконваюць, што варта, што музыка дапамагае. Разам з Кацярынай Ваданосавай сьпявалі на той самай беларуска-ўкраінскай сустрэчы ў Беластоку, а на нядаўняй «Мове нанова», дзе госьцяй была паэтка Анхэля Эсьпіноса Руіс, я засьпяваў, сярод іншага, песьні на ейныя вершы. Іх такіх чатыры: першую запісалі яшчэ ў 2018-м, «Зоркі былі супраць нас», а тры новыя зьявіліся сёлета. Адна — прысьвячэньне Ўкраіне. Яшчэ адна — да беларускіх жанчын-палітвязьняў. І трэцяя — такая замалёўка, якую назвалі «Што засталося». Днямі злавіў адпаведны настрой, замкнуўся ў студыі — ёсьць у нас маленечкая ў «Мэдыяпорце» — і зрабіў запіс. Гітара, голас, арган. Дзякуючы майму сябру Алесю Купцэвічу, зь якім апошнія гады акурат працуем што да саўнду, гэта ўсё ўпакавалася ў гатовы сынгл. У ноч з 10 на 11 траўня адбыўся рэліз.

Песень ад 2020 году набралася на невялікі альбом. І больш за ўсё цяпер я б хацеў запісаць яго ў Беларусі і праехацца з прэзэнтацыямі па беларускіх гарадах. Гэта такая маленькая, наіўная, але важная частка ўнутранай матывацыі рабіць усё магчымае, каб імкнуцца да перамогі здаровага сэнсу ў Беларусі. Кожны па кроплі — разам здолеем.

Ужо пасьля таго, як інтэрвію зь Ігарам Палынскім было падрыхтавана да друку, ён нам паведаміў наступнае: «У сярэдзіне траўня стала вядома, што суд у Горадні прызнаў MOST экстрэмісцкім выданьнем. Рашэньне вынесьлі яшчэ 28 красавіка. Але, вядома, мы працягваем пісаць праўду і імкнуцца аб’ядноўваць людзей па абодва бакі мяжы — рабіць усё тое, чым ёсьць наша місія».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG