Завод у горадзе Швэт, на які прыходзяць расейскія энэрганосьбіты
У Бэрліне ўжо вядуць перамовы з новымі патэнцыйнымі пастаўшчыкамі нафты і нафтапрадуктаў, каб пазбавіцца залежнасьці ад Масквы.
Урад Нямеччыны адмовіцца ад імпарту расейскай нафты да канца году, нават калі не атрымаецца дамовіцца аб эмбарга на ўзроўні Эўразьвязу, піша Bloomberg са спасылкай на свае ўрадавыя крыніцы.
Цяпер Нямеччына вядзе перамовы з альтэрнатыўнымі пастаўшчыкамі, урад упэўнены, што зможа вырашыць пытаньне з пастаўкамі на працягу 6-7 месяцаў. Якія менавіта краіны змогуць папоўніць дэфіцыт нафты, пакуль не паведамляецца.
Мінэканомікі Нямеччыны сьцьвярджае, што залежнасьць ад расейскай нафты зьнізілася з 35% да 12% ад пачатку паўнамаштабнага ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Асноўная зь лягістычных праблем — знайсьці замену і даставіць нафту на ключавы нафтаперапрацоўчы завод Усходняй Нямеччыны ў горадзе Швэт. Цяпер прадпрыемства, якім кіруе «Роснефть», атрымлівае сыравіну праз нафтаправод «Дружба».
Па інфармацыі Bloomberg і Reuters, улады разглядаюць магчымасьць узяць пад кантроль гэты завод ужо з 1 чэрвеня.
Эўразвяз адкладае ўвядзеньне эмбарга на расейскую нафту праз пазыцыю Вугоршчыны, дзе прэм’ер краіны Віктар Орбан адмовіўся гэта рабіць. Для ўвядзеньня шостага пакета санкцый яго павінны падтрымаць усе краіны Эўразьвязу. Вугоршчына заявіла, што ня ўхваліць яго, бо моцна залежыць ад расейскай нафты. Пытаньне 16 траўня абмяркуюць кіраўнікі МЗС краін Эўрапейскага Зьвязу.