Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта палітычна немагчыма». У Брусэлі не разглядаюць магчымасьці вазіць украінскае збожжа празь Беларусь


Ілюстрацыйнае фота. Перагрузка збожжа ва ўкраінскім Мікалаеве, 2015
Ілюстрацыйнае фота. Перагрузка збожжа ва ўкраінскім Мікалаеве, 2015

Эўрапейская камісія 12 траўня зацьвердзіла плян, як чальцы супольнасьці могуць дапамагчы Ўкраіне вывезьці да ліпеня ня менш за 20 млн тон збожжа.

Як заявіў дэлегаваны Літвой эўракамісар Віргініюс Сінкявічус, у Брусэлі не разглядаюць магчымасьці стварэньня гуманітарнага грузавога калідора празь Беларусь, піша Delfi.lt.

«Гэта палітычна немагчыма: гарантаваць, што збожжа, якое паступае з Украіны, трапіць у Клайпэду, а не ў які-небудзь расейскі порт. Расея ўжо крадзе збожжа з украінскіх сховішчаў, і сёньня судна з такім збожжам швартуецца ў Сырыі», — сказаў Сінкявічус.

«Калі Лукашэнку здаецца нармальным прымусова пасадзіць самалёт там, дзе ён хоча, для яго дакладна ня будзе праблемай зьмяніць кірунак руху цягніка», — дадаў ён.

Каб дапамагчы Ўкраіне вывезьці збожжа, Эўракамісія заклікае чальцоў супольнасьці паскорыць мытныя працэдуры, вызваліць склады, стварыць лягістычныя калідоры і павялічыць прапускную здольнасьць марскіх партоў. Такая прапанова ў першую чаргу адрасаваная краінам Балтыі, Польшчы і Румыніі, паколькі яны найбольш блізкія да Ўкраіны. Па словах эўракамісара, дадатковага фінансаваньня новых мер не плянуецца, а Эўракамісія будзе свайго роду каардынатарам у гэтым працэсе.

Ён сказаў, што да вайны 90% усяго ўкраінскага ўраджаю збожжа перавозілася праз парты, а экспарт збожжа складаў каля 20% усёй экспартнай выручкі краіны. Цяпер ва Ўкраіне больш за 40 млн тон збожжа, палова зь якіх павінна быць вывезена да ліпеня.

Раней на гэтым тыдні міністар транспарту Літвы Марус Скуадзіс казаў, што ёсьць толькі два рэальныя шляхі вывезьці збожжа з ахопленай вайной Украіны — разблякаваць украінскія парты з дапамогай міжнародных структур або стварыць гуманітарны калідор празь Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG