Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў не разглядае беларускія ўлады як партнэраў, якім можна верыць, — Тышкевіч


Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, 2019 год
Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, 2019 год

Экспэрт Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч адказвае на пытаньне, калі і пры якіх умовах можа пачацца стратэгічны паварот у вайне на карысьць Украіны, аналізуе неадназначнае стаўленьне Кіева да менскага рэжыму і прагназуе, чым можа скончыцца гэтая вайна.

Сьцісла:

  • Сёньня гаварыць пра хуткую перамогу Ўкраіны — гэта было б яўным перабольшваньнем або неапраўданымі чаканьнямі
  • У Кіеве лічаць, што давяраць Менску нельга
  • Украінцы зразумелі, што Расея ў яе цяперашнім выглядзе — сталая пагроза
  • Нават мірная дамова з Расеяй будзе ўспрымацца толькі як пэўная перадышка

— На фоне паразы расейскага бліцкрыгу, на фоне вялікай міжнароднай падтрымкі Ўкраіне тэхнікай і ўзбраеньнямі ў некаторых людзей зьяўляюцца, магчыма, занадта аптымістычныя спадзяваньні наконт характару ваенных дзеяньняў. Маўляў, калі ж нарэшце пачнецца стратэгічны пералом, калі ўкраінская армія пойдзе ў наступ? Наколькі было б рэалістычна чакаць таго пералому, ці чакаюць яго ва Ўкраіне?

— Тое, што яго чакаюць ва Ўкраіне, — гэта несумненна. Бо запыт грамадзтва на такі пералом ёсьць. Але сёньня гаварыць пра хуткую перамогу — гэта было б яўным перабольшваньнем альбо неапраўданымі чаканьнямі. Трэба ўлічваць колькасную перавагу расейскіх войскаў і тое, што Ўкраіна вельмі моцна абмежаваная ў выбары мэтадаў супрацьдзеяньня расейскай агрэсіі. Бо адна справа, калі ты штурмуеш і разбураеш чужыя гарады, як гэта робяць расейцы, і зусім іншая — калі там, у гарадах, жывуць твае грамадзяне.

На сёньня новае заходняе ўзбраеньне толькі пачынае паступаць ва Ўкраіну. Трэба разумець, што неабходныя некалькі тыдняў на падрыхтоўку пэрсаналу. Таксама неабходны пэўны час на падрыхтоўку ўкраінскіх вайскоўцаў, якія былі прызваныя пасьля пачатку вайны, бо адразу кідаць іх у бой нельга. Для наступу патрэбныя тэхніка, людзі, час і зьніжэньне наступальнага патэнцыялу праціўніка.

Калі паглядзець на тое, як вядзе Ўкраіна вайну, — то гэта вайна новага тыпу. Ніхто не абараняе кавалак зямлі. Гэта можна назваць мабільнай ці вязкай абаронай. Яе сэнс у тым, каб, не чапляючыся за канкрэтную тэрыторыю, манэўруючы, нанесьці праціўніку максымальныя страты і пазбавіць яго магчымасьці наступаць.

Прыблізна так было на Кіеўшчыне. Расейцы стаялі за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад Кіева, але ўкраінцы зьнішчалі іх калёны забесьпячэньня. У выніку — ты можаш трымаць колькі хочаш войска, але бязь ежы, бэнзіну, тэхнікі яны нікуды ня пойдуць. Такая тактыка, у прынцыпе, сябе апраўдвае. Але ў цэлым па стане на сёньня гаварыць пра хуткі глябальны пералом у вайне я б ня стаў.

Ігар Тышкевіч
Ігар Тышкевіч

— У расейскіх крыніцах пішуць, што Расея актыўна бамбавала чыгуначныя станцыі, паліўную інфраструктуру менавіта з мэтай перарэзаць магчымасьці дастаўкі заходняй вайсковай дапамогі на ўсход Украіны, да лініі фронту. Ці ўдалося ім стварыць праблемы? Наколькі на сёньня гэтыя заходнія ўзбраеньні даходзяць да фронту?

— Узбраеньні даходзяць. Так, такая тактыка Расеі небясьпечная і стварае праблемы ўкраінцам. Любая вайна — гэта пытаньне забесьпячэньня, дастаўкі, тэхнікі. Калі ўкраінцы грамілі расейскія калёны забесьпячэньня, якія ішлі зь Беларусі да Кіева, — то і расейцы зараз вучацца. Яны зьнішчаюць чыгуначную і паліўную інфраструктуру дзеля дзьвюх мэтаў. Па-першае, забясьпечыць перамогу на фронце. А па-другое, калі ты зьнішчаеш інфраструктуру ўкраінскага экспарту, у тым ліку харчаваньня, — гэта стварэньне праблемаў на сусьветным харчовым рынку і ціск на Эўразьвяз, каб той калісьці пачаў перамовы.

Так што Расея пераходзіць у фармат зацяжной вайны, і зыходзячы з гэтага мяняе характар удараў па ўкраінскай тэрыторыі. Атакуючы ня толькі вайсковыя аб’екты, але і цывільныя, каб стварыць праблемы зь лягістыкай і з украінскім экспартам.

— Расейцы відавочна вымушаныя былі зьмяніць асноўныя мэты сваёй «спэцапэрацыі», адысьці ад Кіева. Цяпер яны хочуць захапіць Данецкую і Луганскую вобласьці, а таксама захаваць у нейкай форме пад сваім кіраваньнем захопленую Херсонскую вобласьць. Украінскія афіцыйныя асобы заяўляюць, у сваю чаргу, напрыклад, што Крымскі мост будзе разбураны. Ясна, што гэта, як і вяртаньне Крыму, — праграма-максымум. А праграма-мінімум — вярнуць землі, якія былі захопленыя Расеяй пасьля 24 лютага. Украіна зьбіраецца іх вяртаць?

— Зьбіраецца, адназначна. Але, паўтаруся, гэта пытаньне агульнага наступу, апэратыўнай абстаноўкі, якая складзецца праз 2–3 тыдні, не раней. Гэта залежыць ад таго, якія групоўкі расейскіх войскаў ёсьць на кожным кірунку, наколькі яны моцныя, і, адпаведна, па кожнай зь іх будзе прымацца канкрэтнае рашэньне. Я б ня ставіў тут моцныя часавыя рамкі. Шмат будзе залежаць ад таго, што будзе атрымлівацца ці не атрымлівацца ў Расеі на розных участках франтоў.

— Раптоўная праверка сілаў рэагаваньня, якая праходзіць зараз у Беларусі, зноў адрадзіла тэму, якая нібыта ўжо заглухла — пра магчымасьць удзелу беларускіх войскаў у вайне Расеі супраць Украіны. Хоць ня так даўно ўсталяваўся нібыта кансэнсус, што верагоднасьць гэтага вельмі малая. Як бы там ні было, але Ўкраіна вымушаная трымаць даволі вялікую групоўку на мяжы зь Беларусьсю. Кіеў лічыць, што давяраць Менску нельга?

— Вядома, давяраць Менску нельга. Украіна ўжо шмат заплаціла за давер. Таму пэўныя сілы для прыкрыцьця на беларускім кірунку захоўваюцца. Ці ёсьць імавернасьць, што зь беларускай тэрыторыі можа адбыцца напад? Хутчэй, не. Украінскі бок цьвяроза ацэньвае тое, што адбываецца ў Беларусі, патэнцыйную баяздольнасьць беларускай арміі. Таму ў заявах афіцыйных асобаў пануе больш спакойны тон, і больш гістэрычны — у СМІ.

— У беларускіх сацыяльных сетках неаднаразова ўзьнікалі дыскусіі з нагоды пэўных заяваў Зяленскага ці Арастовіча. Некаторых беларусаў абурае, што Кіеў ставіцца да менскага рэжыму з гледзішча «рэальпалітык», але сам, напрыклад, патрабуе ад сваіх заходніх партнэраў адмовіцца ад цынічнага стаўленьня з гледзішча толькі сваіх інтарэсаў. Як можна сфармуляваць галоўныя прынцыпы стаўленьня Ўкраіны да цяперашніх беларускіх уладаў?

— Так, у стаўленьні Кіева ключавое слова — гэта рацыяналізм. Ва Ўкраіны ёсьць задача пасьля гэтай фазы вайны — хуткае аднаўленьне краіны. Адпаведна, любыя магчымасьці, якія ідуць на карысьць гэтага аднаўленьня, будуць выкарыстаныя.

Пры гэтым, у адрозьненьне ад сытуацыі 2020–21 году, гарантаваных доўгатэрміновых кантрактаў зь Беларусьсю няма. Таму — гэта тактычнае супрацоўніцтва і праца з тымі, хто можа дапамагчы ў канкрэтным пытаньні аднаўленьня краіны. Пры гэтым цяперашнія беларускія ўлады Кіевам не разглядаюцца як партнэры, якім можна верыць.

— А што з эканамічным супрацоўніцтвам Беларусі і Ўкраіны — цяпер іпасьля вайны?

— Большая частка эканамічных праграмаў супрацоўніцтва спыненая. І відавочна, што так будзе працягвацца да канца вайны. У будучым цалкам верагодна аднаўленьне часткі гандлю — але на ўкраінскіх умовах. І гэта будуць пераважна кароткатэрміновыя кантракты з разьлікам на тое, што пазьней Украіна выйдзе на самазабесьпячэньне альбо на больш надзейных партнэраў.

— Чым можа скончыцца гэтая вайна? На сёньня няма магчымасьці ўявіць, на якіх умовах, якія могуць задаволіць абодва бакі, могуць адбыцца нейкія выніковыя перамовы. Вядома, многія ўкраінцы хацелі б поўнага разгрому Расеі, але з улікам, што гэта ядзерная дзяржава, — гэта таксама даволі малаверагодны варыянт. У які момант, на якой стадыі Кіеў можа палічыць, што можна спыніцца і пачаць перамовы?

— У момант, калі Кіеў будзе мець кантроль над усёй тэрыторыяй Украіны. Калі гаварыць пра зьнішчэньне Расеі альбо яе падзел на некалькі краінаў — на жаль, на сёньня гэта малаверагодна. Бо ствараць шэрую зону зь ядзернай зброяй не жадаюць ні Кітай, ні ЗША. І, як было ў расейскай гісторыі шмат разоў, калі ў Расеі катастрафічныя праблемы, то Захад звычайна працягвае руку дапамогі.

Зь іншага боку, для Ўкраіны на гэтым этапе гаворка ідзе хутчэй пра перадышку. Украінцы зразумелі, што Расея ў яе цяперашнім выглядзе — сталая пагроза. І што проста так Расея ад Украіны не адчэпіцца. Таму нават мірная дамова будзе ўспрымацца толькі як пэўная перадышка. Адсюль вынікаюць як задачы што да Беларусі, так і да перабудовы сваёй палітычнай сыстэмы. Альбо Ўкраіна становіцца больш моцнай, альбо цярпіць паразу. Вяртаньне ўкраінскай палітыкі і эканомікі ў 2021 год на тыя ж самыя схемы немагчымае.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG