Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Постсавецкая прастора балянсуе паміж Кіевам і Масквой. Тлумачэньне расейскага палітоляга


Пасяджэньне Рады калектыўнай бясьпекі АДКБ. Зьлева направа: прэм'ер Армэніі Нікол Пашыньян, Аляксандар Лукашэнка, кіраўнікі Таджыкістану — Эмамалі Рахмон, Казахстану — Касым-Жамарт Такаеў, Кіргізстану — Садыр Жапараў і генэральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась, верасень 2021 г.
Пасяджэньне Рады калектыўнай бясьпекі АДКБ. Зьлева направа: прэм'ер Армэніі Нікол Пашыньян, Аляксандар Лукашэнка, кіраўнікі Таджыкістану — Эмамалі Рахмон, Казахстану — Касым-Жамарт Такаеў, Кіргізстану — Садыр Жапараў і генэральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась, верасень 2021 г.

Якую пазыцыю адносна вайны Расеі з Украінай займаюць краіны АДКБ і ЭАЭС, ці падтрымліваюць яны свайго саюзьніка — Маскву? Што адказалі ў Ташкенце Лукашэнку? Чаму ў Кіеве незадаволеныя палітыкай Тбілісі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі палітоляг Аркадзь Дубноў.

Дубноў

Аркадзь Дубноў
Аркадзь Дубноў
  • АДКБ у гэтай «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», як яе называюць у Крамлі, ні пры чым, гэтая арганізацыя не адыгрывае ў ёй ніякай ролі — ані палітычнай, ані тым больш ваеннай.
  • І гэта паказьнік стаўленьня постсавецкай прасторы, нават самых блізкіх Расеі краінаў, да таго, што зладзіў Пуцін ва Ўкраіне.
  • Казахстан дыстанцыюецца ад расейскай вайны ва Ўкраіне. Ацэнкі не такія жорсткія, як ва Ўзбэкістане. Тым ня менш Казахстан застаецца краінай, якая імкнецца весьці шматвэктарную палітыку, застаецца партнэрам Захаду.
  • Але даўжыня мяжы Казахстану з Расеяй — 8 тысячаў кілямэтраў. Гэта ці ня самая даўгая ў сьвеце мяжа паміж дзьвюма краінамі.
  • Казахстан вельмі залежыць ад транзыту праз Расею. І Нурсултан (Астана) ня можа сабе дазволіць рэвізіянісцкай палітыкі адносна Масквы. Але ў цэлым Казахстан дыстанцыюецца ад гэтага канфлікту.
  • Зараз там ідзе сур’ёзны працэс пераабвяшчэньня дзяржавы. І гэта таксама не дазваляе яму быць цалкам убудаваным у фарватэр расейскай палітыкі.
  • Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Такаева Цімур Сулейменаў нядаўна заявіў, што Казахстан ня будзе дапамагаць Беларусі і Расеі абыходзіць санкцыі.
  • Сулейменаў — гэта чалавек з асабістай «абоймы» Касыма-Жамарта Такаева, які ўвасабляе палітыку менавіта цяперашняга прэзыдэнта, а не Назарбаева.
  • Гэтая заява Сулейменава мела гучны розгалас і выклікала ў Маскве раздражненьне, прынамсі на ўзроўні палітолягаў, якія абслугоўваюць Крэмль.
  • Але Казахстан не паддаецца ціску і не спрыяе пераадоленьню санкцыяў, якія накладзеныя на Расею.
  • Трэба памятаць, што пакуль ніводная краіна постсавецкай прасторы, уключна зь Беларусьсю, дарэчы, не прызнала незалежнасьць самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР».
  • Ня трэба забываць, што ўся постсавецкая прастора на поўдзень ад Расеі занятая сотнямі тысячаў расейцаў, якія зьехалі туды з РФ. І менавіта ў Казахстане найбольшая колькасьць расейцаў, якія зьехалі са сваёй краіны ў апошнія месяцы.
  • Некаторыя зьехалі туды часова, некаторыя імкнуцца праз Казахстан зьехаць у трэція краіны, найперш на Захад.
  • У першую чаргу гэта моладзь — айцішнікі і тыя, хто баіцца вайсковага прызыву. У сакавіку пайшлі чуткі пра мабілізацыю, і многія кінуліся хто куды.
  • Нурсултан (Астана), Алматы, Ташкент, Тбілісі, Ерэван, Бішкек — ва ўсіх гэтых гарадах зараз вельмі шмат расейцаў. Гэта стварае адпаведную атмасфэру. З аднаго боку, гэта выклікае пэўнае незадавальненьне ў мясцовага насельніцтва. З другога — гэта ўзмацняе адмоўнае стаўленьне да палітыкі Масквы. Зразумела, што менавіта так ставяцца да гэтай палітыкі расейцы, якія ўцяклі ад яе.
  • Месяц таму цяпер былы кіраўнік МЗС Узбэкістану Азіз Камілаў выступіў у Сэнаце і заявіў, што Ташкент не прызнаЕ незалежнасьць «ЛДНР». Гэта было вельмі хваравіта ўспрынята ў Маскве. Пайшлі чуткі аб адстаўцы Камілава.
  • І сапраўды, праз пэўны час яго перавялі на пасаду намесьніка сакратара Рады бясьпекі Ўзбэкістану. Камілаву 75 гадоў, так што незразумела, ці быў ягоны перавод на новую пасаду проста ратацыяй, ці жэстам ляяльнасьці Маскве з боку прэзыдэнта Шаўката Мірзіёева.
  • Другі чыньнік, які варта прыгадаць, — гэта даволі рэзкі адказ Ташкента на заяву Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, што ў будучыні Ўзбэкістан увойдзе ў саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі. У Ташкенце заявілі, што гэтага ня будзе ніколі.
  • Рэакцыя Армэніі на вайну вельмі залежыць ад геапалітычнай сытуацыі, ад адносінаў з Азэрбайджанам, ад пэрспэктываў мірнай дамовы з Баку пры пасярэдніцтве альбо Эўропы, альбо Расеі.
  • Нікол Пашыньян цяпер у вельмі ўразьлівым становішчы, на яго цісьне апазыцыя, на вуліцах тысячы пратэстоўцаў.
  • Азэрбайджан у пэўным сэнсе ў становішчы, падобным да становішча Ўкраіны. Азэрбайджан лічыць сябе пацярпелым ад сэпаратызму ў Карабаху. Таму любое змаганьне з сэпаратызмам Баку ня можа не вітаць.
  • З гэтага гледзішча Армэнія мусіла б быць на баку Расеі, бо яна адстойвае права Карабаху на самастойнае існаваньне. Але ўсё ня так проста. Аднак магчымасьці Армэніі абараніцца ад жорсткай сілавой палітыкі Азэрбайджану залежаць не ў апошнюю чаргу ад Захаду. А Захад — на баку Ўкраіны. Таму Ерэван вымушаны лявіраваць.
  • Ільхам Аліеў абвінавачвае Захад у дваістых стандартах адносна Азэрбайджану і Ўкраіны, якія змагаюцца з сэпаратызмам, і робіць з гэтага выснову: права моцнага сёньня — адзіны спосаб дамагчыся посьпеху. Баку гэтак і дзейнічаў у Карабаху падчас апошняй вайны, якую ён выйграў. Але і Масква ў сваіх дзеяньнях зыходзіць менавіта з гэтага прынцыпу.
  • Рост папулярнасьці гэтага прынцыпу дае эфэкт даміно, эфэкт размарозкі ўсіх застарэлых канфліктаў на постсавецкай прасторы. Няма правілаў, ёсьць толькі права моцнага.
  • Гэта тычыцца і Прыднястроўя. Справа ў тым, што Ўкраіна мае там больш сілавых рэсурсаў, чым Расея. Барані Бог, каб Украіна дзейнічала сілай у Прыднястроўі. Але ў любым выпадку сытуацыя зьмянілася і там.
  • Малдова таксама імкнецца дыстанцыявацца ад збройнага канфлікту ў суседняй Украіне. Рэакцыі на нядаўнія рухі ў Прыднястроўі паказалі, што ані Кішынёў, ані Тыраспаль (сталіца самаабвешчанага Прыднястроўя. — РС) не зацікаўленыя ў размарозцы гэтага старога тэрытарыяльнага канфлікту.
  • Вайскоўцы, якія служаць у расейскім вайсковым кантынгенце ў Прыднястроўі, — гэта насамрэч мясцовыя жыхары з расейскімі пашпартамі. І ў іх няма ніякага жаданьня ўступаць у вайну Масквы.
  • Можна зразумець прэзыдэнтку Маю Санду, якая адмаўляецца далучыцца да санкцыяў. Малая краіна, пазбаўленая рэсурсаў, асуджаная на вельмі цяжкі лёс, калі яна надта раззлуе былую мэтраполію. Мы бачым пазыцыю адносна санкцыяў супраць расейскіх энэрганосьбітаў нават краінаў ЭЗ Вугоршчыны і Славаччыны.
  • У адносінах паміж Тбілісі і Кіевам шмат нэрвовасьці. І ў прычыны гэтай нэрвовасьці ёсьць імя — гэта Міхэіл Саакашвілі.
  • Ён паспрабаваў трапіць у Грузію, быў арыштаваны і зьняволены. Грузінскія ўлады разглядаюць яго як пасланца Кіева, які спрабаваў зьмяніць грузінскую палітыку на менш спрыяльную адносна Расеі.
  • Грузія сёньня таксама спрабуе сядзець на двух крэслах. Другі фронт супраць Расеі ў бліжэйшы час у Грузіі адкрыты ня будзе.
  • Калі б Пуцін абвясьціў мабілізацыю і прызнаў «спэцыяльную ваенную апэрацыю» вайной, гэта ні да чога б не абавязала іншыя краіны АДКБ.
  • У статуце АДКБ напісана, што калі супраць аднаго з чальцоў арганізацыі будзе ўчыненая агрэсія, іншыя павінны стаць на яго абарону.
  • Але супраць Расеі ж не было ўчынена агрэсіі. Пуцін 9 траўня сказаў, што Расея папярэдзіла агрэсію. Але папярэджаная агрэсія і рэальная агрэсія — гэта розныя рэчы.
  • Таму я ня думаю, што АДКБ уплішчыцца нават у вайну, калі спэцапэрацыя будзе абвешчаная ёю.
  • Абвяшчэньне мабілізацыі было б канстатацыяй паразы, таго, што Расея не дасягнула мэтаў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі». Пуцін на гэта не пайшоў. Магчыма, яшчэ і таму, што, паводле экспэртаў, агульную мабілізацыю зараз у Расеі правесьці немагчыма.
  • Магчыма, да канца году будзе праведзеная схаваная частковая мабілізацыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG