Валянтэры Project Dynamo вызвалілі грамадзяніна ЗША, захопленага расейскімі вайскоўцамі ва Ўкраіне

Сьцягі Ўкраіны і ЗША, ілюстрацыйнае фота
Сьцягі Ўкраіны і ЗША, ілюстрацыйнае фота

Выхаду на волю захопленых расейскімі сіламі ўраджэнца штату Мічыган, а таксама ягоных украінскіх жонкі і цешчы дабілася група добраахвотнікаў з Флорыды.

Пра гэта паведаміла Reuters. Арганізацыя Project Dynamo, якая базуецца ў горадзе Тампа, паведаміла, што вызвалены 27-гадовы Кірыл Аляксандраў і ягоныя ўкраінскія жонка і цешча.

Аляксандрава, які нарадзіўся ў штаце Мічыган і пражываў ва Ўкраіне, і ягоных сямейнікаў арыштавалі расейскія сілы ў канцы сакавіка паблізу Херсона.

Аляксандраву выставілі сфабрыкаваныя абвінавачаньні ў шпіянажы на карысьць ЗША. Джэймс Джадж, прадстаўнік Project Dynamo, заявіў, што вызваленьня Аляксандрава ўдалося дабіцца пасьля некалькіх тыдняў перамоваў, цяпер Аляксандраў і ягоная сямʼя накіроўваюцца ў Польшчу.

Амбасада Расеі ў ЗША не адказала на запыт аб камэнтары. Дзярждэпартамэнт ЗША паведаміў, што інфармаваны аб гэтай сытуацыі, аднак адмовіўся даць іншыя зьвесткі, бо яны датычацца асабістай інфармацыі.

Project Dynamo заснавалі вэтэраны Узброеных сіл ЗША. Ён набыў шырокую вядомасьць у верасьні 2021 году, пасьля таго як змог арганізаваць эвакуацыю звыш ста амэрыканцаў з Афганістану.

​
XS
SM
MD
LG