Праверка сіл рэагаваньня Ўзброеных сілаў Беларусі не выклікае непакою ўкраінскіх уладаў. Пра гэта ў інтэрвію каналу «Фейгін Live» заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч.
«Гэта плянавая праверка гатоўнасьці, і гэта плянавае вучэньне беларускіх узброеных сіл. (...) Ня бачым прыкмет падрыхтоўкі да наступу на Ўкраіну або ва Ўкраіну ўваходжаньня войскаў і асаблівай турботы не адчуваем», — сказаў Арастовіч.
На думку дарадцы, калі беларускія войскі ня бралі ўдзел у першым этапе расейска-ўкраінскай вайны, то цяпер гэта яшчэ менш верагодна.
«Тады ж было як: вось Кіеў штурмуюць адборныя расейскія часткі. А цяпер чаго?! Яны пойдуць без расейскіх частак? Абсалютна нерэальна. Я ня бачу нагоды хвалявацца цяпер», — дадаў Арастовіч.
Арастовіч раказаў, што, паводле ягоных дадзеных, у Беларусі застаецца «дзясятак-паўтара» расейскіх самалётаў і некалькі тактычных ракетных комплексаў.
«Гэта ўсё не наступальная „па зямлі“ зброя».
У Беларусі пачаўся другі этап раптоўнай праверкі сіл рэагаваньня. Вайсковыя манэўры заплянавалі ў адказ на вучэньні, якія з 1 траўня праходзяць на тэрыторыі краін NATO.
Аляксандар Лукашэнка 10 траўня правёў нараду пра дзяржаўную абаронную замову Беларусі на бягучы год. Пасьля гэтай нарады Міністэрства абароны выступіла з заявай.
Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.
Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.
Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).
Адначасова Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла аб прызыве ў Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях з 10 траўня 430 асобаў з запасу на вайсковыя зборы тэрытарыяльнай абароны.
Тлумачачы такія рашэньні, Віктар Гулевіч заявіў, што ЗША і іх саюзьнікі нібыта нарошчваюць вайсковую прысутнасьць ля дзяржаўных межаў Беларусі.
«Створаная групоўка за апошнія 6 месяцаў вырасла больш чым у 2 разы як у колькасных, так і ў якасных адносінах. Зьяўленьне ў акваторыі Міжземнага і Балтыйскага мораў групоўкі, якая нясе крылатыя ракеты марскога і паветранага базаваньня, павелічэньне авіяцыйнай групоўкі ў краінах Польшчы і Балтыі сьведчыць пра нарастаючую пагрозу для Рэспублікі Беларусь».
Гулевіч сказаў пра вучэньні на тэрыторыі Ўсходняй і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы. У вучэньнях «Абаронца Эўропы» мяркуецца задзейнічаць да 20 000 чалавек і вялікую колькасьць тэхнікі. Ён згадаў яшчэ 7 вучэньняў на тэрыторыі краін, якія мяжуюць зь Беларусьсю.
Згадаў Гулевіч і Ўкраіну, якая цяпер змагаецца супраць расейскай ваеннай агрэсіі:
«Створаная Ўзброенымі Сіламі Ўкраіны групоўка на Паўднёвым апэрацыйным напрамку агульнай колькасьцю да 20 000 чалавек таксама патрабуе ад нас рэакцыі. З мэтай забесьпячэньня бясьпекі Рэспублікі Беларусь на Паўднёвым напрамку сілы падразьдзяленьняў сіл спэцыяльных апэрацый разгорнутыя на трох тактычных напрамках».
4 траўня пасьля размовы Лукашэнкі і Пуціна Мінабароны Беларусі пачало раптоўную праверку сіл рэагаваньня. Пра гэта паведаміла Мінабароны Беларусі.
Што было пасьля ранейшых вучэньняў
Мінулыя маштабныя вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022» — сумесныя вучэньні Ўзброеных сіл Расеі і Рэспублікі Беларусь — прайшлі з 10 па 20 лютага 2022 году. Праз чатыры дні расейская армія з тэрыторыі Беларусі ўварвалася ва Ўкраіну.
Беларуская армія тады ў нападзе непасрэдна ня ўдзельнічала, абмежавалася выкананьнем тылавых функцый. Масква разьлічвала захапіць краіну і зьліквідаваць украінскую дзяржаўнасьць за некалькі дзён. Аднак расейскія войскі былі адкінутыя ад Кіева і Харкава, іх атака была спыненая пад Мікалаевам.
Учора адбылася тэлефонная размова Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.