Краінам ЭЗ на сустрэчы амбасадараў 8 траўня не ўдалося дамовіцца аб новым пакеце санкцый супраць Расеі. Абмежаваньні на імпарт і транспартаваньне расейскай нафты блякуюцца Вугоршчынай, Грэцыяй і Кіпрам.
Аб гэтым са спасылкай на ананімныя крыніцы паведаміла агенцтва Bloomberg.
Шосты пакет санкцый прадугледжвае, сярод іншага, забарону на набыцьцё і перавозку расейскай нафты. Выключэньне для імпарту да 2024 году прапануецца зрабіць для Вугоршчыны, Чэхіі і Славаччыны, чые эканомікі моцна залежаць ад расейскага паліва. Вугорскія ўлады лічаць, што гэтага зьмякчэньня для іх недастаткова, і патрабуюць кампэнсаваць ім выдаткі на пераарыентацыю на пастаўкі зь іншых краін.
Кіпр і Грэцыя, якія кантралююць значны танкерны флёт, просяць адкласьці забарону на транспартаваньне нафты да таго часу, пакуль аналягічнае абмежаваньне яе будзе ўведзена краінамі G7.
У рамках новага пакету санкцый Эўразьвяз плянуе ўвесьці нафтавае эмбарга супраць Расеі, забараніць перавозку і страхавыя паслугі для перавозкі расейскай нафты, забараніць вяшчаньне трох дзяржаўных тэлеканалаў. «Сбербанк» і яшчэ два буйныя банкі Брусэль мяркуе адключаць ад сыстэмы міжбанкаўскай камунікацыі SWIFT, акрамя таго, плянуецца забараніць купляць нерухомасьць у Эўразьвязу грамадзянам Расеі-не рэзыдэнтам ЭЗ.
Улады Вугоршчыны неаднаразова заяўлялі, што будуць блякаваць прапановы аб абмежаваньні на пастаўкі расейскага паліва. Санкцыйны пакет павінен прымацца аднагалосным галасаваньнем.