Пра гэта падчас прэс-канфэрэнцыі, якая прайшла ў нядзелю па відэасувязі проста з тэрыторыі заводу, заявіў намесьнік камандзіра палку «Азоў» Сьвятаслаў Паламар («Каліна»).
Ён таксама не наўпрост абвінаваціў улады ў тым, што яны не падрыхтавалі Марыюпаль да абароны — горад быў абложаны расейскімі войскамі ўжо ў канцы лютага, — а некаторых украінскіх палітыкаў у «цынізьме» у сувязі зь іх заявамі аб пасьпяховым завяршэньні апэрацыі па эвакуацыі цывільных асоб з тэрыторыі «Азаўсталі». Напярэдадні аб пасьпяховай апэрацыі заявіла і віцэ-прэм’ер Ірына Верашчук, і прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Прадстаўнікі «Азову» пацьвердзілі, што з тэрыторыі заводу эвакуавалі цывільных асоб. Пры гэтым, паводле слоў Паламара, немагчыма пацьвердзіць, ці ўсе яны эвакуаваныя. Раней у інтэрвію «Украінскай праўдзе» камандзір «Азов» Дзяніс Пракапенка сказаў, што мірных жыхароў на заводзе не засталося.
Напярэдадні як украінскі, так і расейскі бакі пацьвердзілі эвакуацыю з «Азаўсталі» ўсіх жанчын, дзяцей і пажылых людзей.
Паводле прадстаўнікоў «Азову», пры аблозе Марыюпалю загінулі каля 25 тысяч чалавек, галоўным чынам мірныя жыхары. Сьцьвярджаецца, што загінулі 2500 расейскіх вайскоўцаў. Незалежна пацьвердзіць гэтую інфармацыю Радыё Свабода ня можа.
Прадстаўнікі «Азову» пацьвердзілі, што ў красавіку расейскія войскі ўзялі ў палон вялікую групу вайскоўцаў 36-й брыгады марской пяхоты, якая таксама абараняла горад, і яе камандзіра палкоўніка Уладзіміра Баранюка. Раней расейскія СМІ паведамілі, што ён узяты ў палон і «даў паказаньні». Па словах афіцэра ўпраўленьня разьведкі Ільлі Самойленкі, Баранюк «проста адмовіўся выконваць загад, які яму быў спушчаны» і захацеў прарвацца з гораду — як сьцьвярджаецца, таму што збаяўся. Спроба аказалася няўдалай. Вэрсіі самога Баранюка пакуль няма.
Большая частка гораду Марыюпаль з канца красавіка знаходзіцца пад кантролем расейскіх вайскоўцаў. Украінскія вайскоўцы ўтрымліваюць «Азоўсталь». На камбінаце ідуць баі — пры тым што прэзыдэнт Расеі Пуцін раней распарадзіўся не штурмаваць яго, а толькі блякаваць. Прадстаўнікі «Азову» ў нядзелю паведамілі, што ня маюць намеру здавацца, паколькі іх здача ў палон была б «падарункам ворагу».
Расейскія афіцыйныя асобы называюць полк «Азоў» неанацысцкім. Фармаваньне было заснаванае ў 2014 годзе як добраахвотніцкі батальён, ля яго вытокаў стаялі вельмі правыя актывісты. Пры гэтым многія байцы «Азову» падкрэсьліваюць, што не зьяўляюцца неанацыстамі, а сам полк цяпер зьяўляецца складовай часткай Узброеных сіл Украіны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.