Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Надзеі ўсё менш, як і здароўя». Як з палітвязьняў зьдзекуюцца ў калёніях і на «хіміі»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускія палітвязьні і пасьля зьняволеньня цярпяць ад ціску ў калёніях і на «хіміі». Іх адвольна пазбаўляюць перадач, лістоў і спатканьняў, пагаршаюць умовы ўтрыманьня, пераводзяць у «крытую» турму.

Свабода пагутарыла са сваякамі і сябрамі палітвязьняў, якім значна пагоршылі ўмовы ўтрыманьня.

«Сядзіць у адзіночцы, тэлефанаваць можна толькі раз на месяц»

Ад 8 жніўня 2020 году за кратамі знаходзіцца шматдзетная маці Тацяна Канеўская. У перадвыбарны пэрыяд яна была даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай. У траўні 2021 году суд у Гомлі пакараў яе зьняволеньнем на 6 гадоў за «арганізацыю масавых беспарадкаў».

Тацяна мае чатырох сыноў. Сярэдні Дзьмітры — таксама палітвязень. Яго затрымалі за эмацыйны камэнтар у Telegram і пакаралі калёніяй на тры гады.

Тацяна пасьля прысуду ўтрымлівалася ў гомельскай жаночай калёніі. Яе дадаткова пакаралі штрафным ізалятарам, дзе яна адбыла 20 дзён. Затым Тацяну перавялі ў памяшканьне камэрнага тыпу, пасьля — у «крытую» турму ў Магілёве.

«За што так зь ёй, я ня ведаю. Тацьцяна пісала ў лістах дахаты, што яна нічога не парушала. Цяпер яна ні ад кога не атрымлівае лістоў, толькі ад мужа і сыноў, і тое ня ўсе. Сядзіць яна ў адзіночнай камэры. З інфармацыі — толькі дзяржаўнае радыё. Падчас знаходжаньня ў жаночай калёніі і штрафным ізалятары яна вельмі моцна схуднела. Цяпер піша, што хоць гэты працэс страты вагі трохі спыніўся», — расказала знаёмая Тацяны.

Яна кажа, што лісты Канеўскай да мужа і дзяцей цэнзуруюцца: «Ёй дыктуюць, што можна пісаць, а што нельга, і яны вырашаюць, што добра, а што блага».

«Шпацыр у яе — толькі 15 хвілін на дзень. Купіць нешта ў турэмнай краме яна можа ня больш як на 32 рублі за месяц. Тэлефанаваць мужу і дзецям яна можа толькі раз на месяц. Калі тэлефануе, то мала гаворыць пра сябе, у асноўным распытвае пра справы дзяцей, пра агарод, пра сабак. Жора, малодшы, вучыцца ў школе. Ён стараецца, мае добрыя адзнакі», — кажа жыхарка Гомля.

Аляксандар, сын Тацяны, па словах знаёмай, страціў працу, прычым праз санкцыі Эўразьвязу.

«Працаваў на вытворчасьці, рабілі мэталічныя каміны. У асноўным пастаўлялі ў Эўропу. Праз санкцыі цяпер прадпрыемства ня можа збываць туды прадукцыю. Вось яго „папрасілі“ з працы. Мікалая, мужа Тацяны, пакінулі — яны разам працавалі на вытворчасьці. Бо ён перадпэнсійнага ўзросту. Зразумела, фінансавая сытуацыя ў сям’і даволі складаная», — кажа знаёмая сям’і.

«Прымусілі хадзіць на працу пешшу 25 кілямэтраў»

Палітзьняволены Віктар Пархімчык атрымаў два гады «хіміі» за тое, што нібыта раскідаў самарэзы каля каля адміністрацыйнага будынку памежнага камітэту. Ён адбываў пакараньне на «хіміі» у Камянецкім раёне. Пра ўмовы ў папраўчай установе быў матэрыял Свабоды.

Пасьля розгаласу пра зьдзекі на «хіміі» адміністрацыя пачала ціск на палітвязьняў. Аднаго зь іх, Віктара Пархімчыка, 29 красавіка па рашэньні суду перавялі на 4 месяцы ў калёнію.

Пра ўмовы на «хіміі» і ціск на Віктара расказалі Свабодзе ягоныя сябры. На волі Віктар працаваў у IT-сфэры. На «хіміі» яго прызначылі жывёлаводам на мясцовай фэрме. Ягоны графік быў — шэсьць дзён на тыдзень, з 5 да 17 гадзін. Прычым палітвязень мае хваробу сэрца.

Ад пачатку працы Віктар ужо займеў спагнаньне за «парушэньне тэхналёгіі даеньня кароў». Потым былі і іншыя спагнаньні, якія палітвязень абскарджваў, у тым ліку праз суд.

«Яшчэ адно спагнаньне было за тое, што Віктар наклеіў на тумбачцы малюнак свайго 8-гадовага сына. Потым Віктару зьмянілі маршрут на працу — ён мусіў 25 кілямэтраў ісьці пешшу. Па неасьветленай шашы, не празь вёскі, дзе хіба толькі дзікія жывёлы бадзяліся. Толькі ў адзін бок дарога займала ў яго пяць гадзін. Віктар прасіў зьмяніць маршрут, але насустрач яму не пайшлі, яшчэ і аформілі прагул. Ён атрымаў некалькі вымоў, адбыў у якасьці пакараньня дзесяць сутак і быў прызнаны «злосным парушальнікам рэжыму», — расказаў сябар Віктара.

«У штрафны ізалятар іх садзяць па чарзе, каб „зафіксаваць“ парушэньні»

Жыхар Мазыра Руслан Парфёнаў быў актывістам праекту «Страна для жизни». Яго затрымалі 8 жніўня 2020 году. З тае пары Руслан за кратамі. Суд пакараў яго пазбаўленьнем волі на пяць гадоў. Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку. Дома Руслана чакае хворая маці.

Сябры расказалі, што ў Руслана пачаліся праблемы са здароўем. Лістоў ён не атрымлівае. Ад яго таксама няма лістоў, нават маці.

«Вядома, што яго без аніякіх падстаў кідалі ў штрафны ізалятар на 20 дзён. „Палітычных“ у штрафны ізалятар садзяць там па чарзе, „фіксуюць“ парушэньні. Руслан яшчэ спадзяецца на вызваленьне, але той надзеі ў яго ўсё менш, як і здароўя. Ён нават ня просіць маці аб перадачы, бо разумее, што ў яе маленькая пэнсія і яна ня выцягне. Таму проста просіць маці берагчы сябе», — расказаў сябар Руслана.

«Адміністрацыя калёніі знарок стварае невыносныя ўмовы ўтрыманьня»

На канец сакавіка праваабаронцам «Вясны» былі вядомыя прозьвішчы 27 палітвязьняў, якіх за надуманыя правіны адміністрацыі калёній каралі як за «парушэньні».

На той момант 18 палітвязьням узмацнілі рэжым: перавялі з калёній на «крытую» турму ці з «хіміі» — у калёнію. Праваабаронцы фіксуюць выпадкі, калі на «палітычных» заводзяць новыя крымінальныя справы, дадаюць новыя тэрміны зьняволеньня.

«Некаторыя зьняволеныя ў калёніі не змаглі атрымаць ніводнай перадачы да пераводу на турэмны рэжым праз тое, што іх амаль адразу пасьля этапу зьмяшчаюць у ПКТ. Адміністрацыя калёніі знарок стварае невыносныя ўмовы ўтрыманьня, а потым яшчэ і пагаршае іхнае становішча пераводам на рэжым з максымальнымі абмежаваньнямі, пазбаўляючы іх нават сьвежага паветра. Пры гэтым рапарты складаюць за тое, чаго палітвязень ніколі не ўчыняў. Але абскардзіць зьмяшчэньне ў штрафны ізалятар або ПКТ для вязьняў амаль немагчыма», — канстатавалі праваабаронцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG