Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускай фэрмай, дзе зьдзекуюцца з палітвязьняў і жывёл, кіруе прыхільнік «русского мира» з Украіны


Гаспадаркай у Берасьцейскай вобласьці, дзе на «хіміі» палітвязьняў прыроўніваюць да «рабочай скаціны», кіруюць прыхільнікі Лукашэнкі і «русского мира», якія ўцяклі з Украіны, дзе маюць нясплачаныя даўгі і крэдыты. Падрабязьней — у расьсьледаваньні Свабоды.

«Хімія», або «папраўчая ўстанова адкрытага тыпу» № 45 у Камянецкім раёне (Берасьцейская вобласьць), «праславілася» пасьля публікацый пра жорсткае стаўленьне там да палітычных зьняволеных, але ня толькі. Розгалас і абурэньне выклікалі фота і відэа брудных, хворых і мёртвых жывёлаў на фэрме «Каралін», якіх асуджаныя «за палітыку» даглядаюць, па іх словах, на «рабскіх умовах».

Высьветлілася, што кіраўнік фэрмы «Каралін» — былы жыхар Ўкраіны 59-гадовы Эдуард Пераходзька. «Краіна Ўкраіна для мяне спыніла сваё існаваньне», — казаў Эдуард Пераходзька дзяржаўнай прэсе, намякаючы, што вяртацца яму небясьпечна. Сям’я Пераходзькаў актыўна хваліць Аляксандра Лукашэнку і ўсяляк ганіць сытуацыю ва Ўкраіне. На пачатку 2022 году яны атрымалі грамадзянства Беларусі.

Свабода высьветліла, што ва Ўкраіне Пераходзькі маюць шматлікія крэдытныя абавязаньні і судовыя пазовы. А беларускія крыніцы паведамляюць, што праца на фэрме для палітычных зьняволеных стала катаргай.

Сам Эдуард Пераходзька ўсе абвінавачаньні адмаўляе. «Гэта вашыя бэчэбісты ўсё выдумалі», — сказаў ён у камэнтары Свабодзе.

«Фэрма пераўтварылася ў катавальню для „палітычных“»

Асуджаныя працуюць на фэрмах, якія належаць ААТ «Белавескі», у тым ліку на фэрме «Каралін». Паводле працоўнага заканадаўства праца не павінна перавышаць 40 гадзін на тыдзень. Аднак на фэрме «Каралін», што за 8 кілямэтраў ад месца адбываньня пакараньня (камэндатуры), могуць працаваць і 80 гадзін штотыдзень. Вязьні загружаныя працай (даглядаюць каровы і інш.) з 5 раніцы да 5 вечара.

У дзяржаўных СМІ фэрмы «Каралін» і «Мінкавічы», што належаць ААТ «Белавескі», прадстаўленыя як супэрсучасныя вытворцы малака.

«Чаму на здымках такі бардак? Па дзяржаўных СМІ шматкроць паказвалі, што фэрма мэханізаваная і сучасная. Сакрэт у тым, што раб таньнейшы за трактар. На фэрму прыводзяць працаваць палітвязьня і забіваюць двух зайцоў: чалавек пакутуе, фэрма атрымлівае танную працоўную сілу, — расказвае Свабодзе крыніца, добра знаёмая са станам спраў у згаданых гаспадарках. — Сярод «палітычных» вельмі мала людзей без адукацыі. Канвой і калгасьнікі-ябацькі любяць з курылкі назіраць за іх пакутамі і казаць: «Мы іх навучым радзіму любіць!»

Умовы на фэрме «Каралін»
Умовы на фэрме «Каралін»

Фэрмай «Каралін» ААТ «Белавескі» кіруе перасяленец з Украіны Эдуард Пераходзька. Ягоны сын Раман Пераходзька кіруе фэрмай «Мінкавічы», якая належыць таму самаму ААТ.

«Яны ўцяклі з Украіны ў 2015 годзе. Малодшы, Раман — былы міліцыянт. Бацька і сын люта ненавідзяць усё, што зьвязана з пратэстамі ці дэмакратыяй, і адкрыта называюць сябе прыхільнікамі „русского мира“. Зь іх падачы фэрма пераўтварылася ў катавальню для „палітычных“», — удакладніла крыніца.

«Раб прыроўнены да „рабочай скаціны“»

Як расказвае Свабодзе суразмовец, добра знаёмы са справамі на фэрмах «Каралін» і «Мінкавічы», некаторыя «палітычныя» на «хіміі» першы раз у жыцьці пабачылі жывую карову. Даглядаючы жывёлу, яны маглі парушыць тэхналёгію, атрымаць спагнаньні. Іншай працы, апроч фэрмы, на «хіміі» фактычна няма. Можна ісьці ў паляводы, але там заробак 150 рублёў — у 5–6 разоў ніжэйшы, чым на фэрме.

На фэрме «Каралін»
На фэрме «Каралін»

Каб асуджанаму трапіць да лекара, трэба падаць заяву ў дзяжурную частку, расказвае крыніца. Заявы не рэгіструюцца. Пускаць да лекара ці не — вырашае кіраўніцтва. «Палітычныя» ня могуць выходзіць без суправаджэньня міліцыі, бо «схільныя да экстрэмізму». Таму ў шпіталь іх вязуць тады, калі «будзе магчымасьць». Аднаго чалавека не адпускаюць.

«Так празь нядбайнасьць і абыякавасьць міліцыі адзін чалавек страціў пальцы. Сам дабіраўся да шпіталя ў райцэнтры — на спадарожных машынах, пешкі... У выніку разьвілася гангрэна, і яму цяпер адрэзалі пальцы», — дадала крыніца.

«Прычым часам лекарамі кіруюць міліцыянты. Кажуць, выпісваць бальнічны ці не, ходзяць за хворым па пятах, — працягвае суразмоўца. — Міліцыянтам стаіць загад ад калгасу: трымаць „рабочую скаціну“ ў тонусе, каб часта не хварэлі. Раб прыроўнены да „рабочай скаціны“. Таму, хоць у людзей праблемы з сэрцам, суставамі, даведкі пра „лёгкую працу“, але ўсе працуюць 12 гадзін на фэрме. Без рабоў фэрмы спыняцца. Бо мясцовыя ня надта ахвотна тут працуюць», — патлумачыла крыніца.

Жудасныя ўмовы на фэрме
Жудасныя ўмовы на фэрме

Што расказваюць пра сябе кіраўнікі фэрмаў

Сям’я Пераходзькаў давала камэнтары для тэлеканалу СТВ у жніўні 2021 году.

Прычыны і абставіны пераезду яны патлумачылі так: «Дзьве гадзіны на зборы». Хоць у Чаркаскай вобласьці, адкуль яны прыехалі, ані ў 2014, ані ў 2015 годзе не вялося баявых дзеяньняў.

Эдуард Пераходзька
Эдуард Пераходзька

«Як краіну і дзяржаву Ўкраіну, я лічу, пахавалі 2 траўня 2014 году, калі спалілі людзей у Адэсе. Краіна Ўкраіна для мяне спыніла сваё існаваньне. Я стараўся нешта там наладзіць, але цэны на малако падалі, там наогул нічога не было. Статак выйшаў мне на страту», — казаў Эдуард Пераходзька.

Ён кажа, што кінуў ва Ўкраіне статак на 200 галоў — быў там дырэктарам сельскагаспадарчага таварыства.

Пераходзька-старэйшы баіцца, што «калі не пачаць выхоўваць моладзь — сюды (маецца на ўвазе Беларусь. — РС) прыйдуць такія ж, як ва Ўкраіне, і такая ж тут будзе разруха».

Уцяклі з Украіны. Маюць нявыплачаныя даўгі і крэдыты

Ала Пераходзька, жонка Эдуарда, калі прасіла беларускае грамадзянства, тлумачыла гэта дзяржаўнай прэсе так: «Мы хочам тут абжыцца цалкам, каб не баяцца, што нас у любы час могуць туды [ва Ўкраіну] запатрабаваць».

Тым часам з судовых рашэньняў вынікае, што шукаюць Пераходзькаў ва Ўкраіне за вялікія нясплачаныя даўгі і крэдыты. У судах муж і жонка выступалі адказчыкамі за нявернутыя банку грошы.

Эдуард Пераходзька ў Чаркаскай вобласьці кіраваў кампаніяй «Трівія інвест», асноўнай дзейнасьцю якой была перапрацоўка малака і вытворчасьць масла і сыру.

Паводле дакумэнтаў, кампанія існуе і дагэтуль — яе не абвясьцілі банкрутам і рэгістрацыю не скасавалі. Згодна з статутнымі дакумэнтамі, Эдуард Прыходзька — толькі яе дырэктар, а заснавальнікамі выступаюць двое іншых грамадзян Украіны — кіяўлянін Вячаслаў Старыкаў і жыхарка Кіеўскай вобласьці Алена Авакава.

Пазначаныя ў рэгістрацыйных дакумэнтах тэлефоны кампаніі цяпер належаць зусім іншым людзям, якія ўвогуле ня маюць да яе дачыненьня. Сама кампанія мела форму таварыства з абмежаванай адказнасьцю і была зарэгістраваная ў жніўні 2011 году. Апроч асноўнай дзейнасьці, кампанія займалася яшчэ пасярэдніцкай дзейнасьцю ў гандлі сельгаспрадуктамі і аказвала паслугі кіраваньня маёмасьцю за ўзнагароджаньне або паводле кантракту.

Вытворчыя магутнасьці «Трівія інвест» базаваліся ў Канеўскім раёне Чаркаскай вобласьці ў невялікай вёсцы Літвінец з насельніцтвам менш як тысяча чалавек. Там добра ведаюць Эдуарда Пераходзьку і нават не зьдзівіліся, калі пачулі, як ён працуе на беларускай фэрме.

«Гэтая кампанія ў нас не працуе вельмі даўно. Яе ўласьнікам быў Эдуард Пераходзька», — сказала Свабодзе адна зь мясцовых жыхарак Кацярына.

На пытаньне, ці вядомыя ёй прычыны ад’езду Эдуарда Пераходзькі, жанчына адказала наступнае: «Ён набраў крэдытаў, не аддаваў іх, і каб яго тут „не закрылі“ разам з тымі крэдытамі, ён паехаў у Беларусь, на сваю бацькаўшчыну, разам з жонкай і сынам».

Свабода знайшла некалькі рашэньняў мясцовага суду, які разглядаў пазоў банку «Київьска Русь» аб датэрміновым вяртаньні крэдытаў і спагнаньні запазычанасьцяў па адным з крэдытаў у памеры больш як 800 тысяч грыўняў, выдадзенага ў 2011 годзе. На момант разгляду гэтай справы ў судзе (сакавік 2014-га) гэта складала крыху больш як 80 тысяч даляраў у эквіваленце.

У гэтай справе жонка Эдуарда Пераходзькі Ала разам зь ім была адказчыцай.

Паводле мясцовай жыхаркі Кацярыны, Пераходзька ня змог прадаць маёмасьць кампаніі «Трівія інвест», бо яна была пад закладам у банку.

«Пад яе ён і браў крэдыты. Цяпер у нас няма ўласьніка гэтай маёмасьці. Магчыма, банк не выстаўляў яе на продаж. Але я не зьдзіўлюся ніякай інфармацыі пра яго, бо ў нас шмат было выпадкаў, калі ён наймаў людзей неафіцыйна, без працоўных кніжак, некаму грошы не даплаціў, камусьці нешта іншае вінен. Такое ў яго дзейнасьці прысутнічала», — сказала Кацярына.

Аказаўся вінен Украіне і сын Пераходзькаў — 30-гадовы Раман, які цяпер працуе начальнікам на беларускай фэрме.

Пра сябе на ўкраінскім сайце вакансій Раман Пераходзька пісаў, што скончыў Харкаўскі нацыянальны ўнівэрсытэт унутраных спраў, больш за 5 гадоў (да 2014 году) працаваў опэрупаўнаважаным у крымінальным вышуку ў горадзе Каневе Чаркаскай вобласьці. Потым шукаў працу ў сфэры бясьпекі.

Судовыя рашэньні Ўкраіны падаюць пра яго інфармацыю як пра чалавека, які мае запазычанасьці.

У сьнежні 2015 году Канеўскі суд Чаркаскай вобласьці разглядаў пазоў Харкаўскага ўнівэрсытэту ўнутраных спраў да Рамана Пераходзькі. За нясплату доўгу ВНУ яму абмежавалі выезд за мяжу Ўкраіны. Тым часам ён ужо быў у Беларусі. Ўнівэрсытэту ўнутраных спраў Пераходзька застаўся вінен больш як 38 тысяч грыўняў (каля 1300 даляраў). Гэтую суму ён мусіў выплаціць за тое, што датэрмінова скасаваў кантракт і звольніўся зь міліцыі.

Спагнаць доўг зь Пераходзькі спрабаваў праз суд і «Прыватбанк» — у 2017 годзе, калі ўжо той жыў у Беларусі. Крэдыт у выглядзе крэдытнага ліміту ён браў яшчэ ў 2009 годзе. Па стане на 2016 год запазычанасьць разам зь пянёй і штрафамі склала больш за 22 тысячы грыўняў (каля 780 даляраў).

«Гэта ўсё вашы бэчэбісты выдумалі!»

Эдуард Пераходзька ў камэнтары Радыё Свабода сказаў, што на фэрме «Каралін», дзе працуюць «хімікі», — «выдатныя ўмовы».

«Людзі, седзячы ў турме, атрымліваюць 500–600 даляраў! Здымкі тыя — гэта ўсё каб падняць хайп. Вашы бэчэбісты ўсё гэта выдумалі! Такіх здымкаў я магу нарабіць кучу і напісаць, што гэта Галяндыя, Ізраіль», — выказаўся ён.

Суразмоўца пацьвердзіў, што на фэрме была праверка з пракуратуры. І, паводле Пераходзькі, «факты не пацьвердзіліся».

«Чалавек, які выкінуў гэта ў інтэрнэт, — ён мае даведку з вар’ятні, вы гэта ведалі?» — сказаў начальнік фэрмы.

Пераходзька кажа, што ён нічога ня вінен Украіне.

«Гэта Ўкраіна вінаватая мне, яшчэ з часоў Юшчанкі. Спытайцеся ў Юшчанкі, дзе мае 240 тысяч, якія ён мне вінен за статак? Я зьехаў у 2015 годзе, а пазовы пайшлі ў 2017-м, 2018-м. Каб я меў крэдыты, то як бы я выехаў з Украіны?» — сьцьвярджае ён.

На фэрме «Каралін»
На фэрме «Каралін»

Чым адрозьніваецца абмежаваньне волі для «палітычных»

Крыніцы Свабоды паведамляюць і іншыя дэталі нялюдзкага стаўленьня да палітвязьняў у «папраўчай установе адкрытага тыпу» № 45 у Камянецкім раёне.

Палітвязьні на «хіміі» носяць жоўтыя біркі. Іх не адпускаюць нікуды без суправаджэньня міліцыі — нібыта таму, што яны «схільныя да экстрэмісцкай і дэструктыўнай дзейнасьці». Праз такі прафіляктычны ўлік яны ня могуць скончыць адбываньне тэрміну раней, перавесьціся на «хатнюю хімію» ці атрымаць заахвочваньне, расказвае крыніца.

«„Палітычным“ — толькі парушэньні, ніякіх заахвочваньняў. Напрыклад, парушэньне можа быць зьнятае заахвочваньнем. Звычайны асуджаны можа пайсьці напіцца, потым зрабіць насьценгазэту, атрымаць заахвочваньне і такім чынам зьняць парушэньне. Палітвязьні могуць толькі накопліваць парушэньні. Напрыклад, ляжаў на ложку — парушэньне», — патлумачыла крыніца.

Спатканьні з блізкімі могуць быць толькі на тэрыторыі «хіміі». Адміністрацыя можа адвольна забараніць наведваньне чалавека блізкімі.

На шыхтаваньні «палітычныя» мусяць называць свае дадзеныя і казаць: «Схільны да экстрэмісцкай і дэструктыўнай дзейнасьці». У камэндатуры (інтэрнат для «хімікаў») такая працэдура адбываецца кожную гадзіну.

Якія спосабы ціску прымяняе адміністрацыя

Паводле крыніцы, на «хіміі» № 45 каля 30 асуджаных да абмежаваньня волі і 18 чалавек адміністрацыі, канвойных, абслугі. Да «палітычных» стаўленьне перадузятае. Рычагоў ціску на чалавека шмат. Напрыклад:

  • заяву на выхад да лекара прымусяць перапісаць некалькі разоў,
  • адменяць спатканьне з блізкімі,
  • ня пусьцяць на перакур,
  • забароняць карыстацца кухняй, будуць рабіць вобшукі з нагоды і без,
  • крычаць на чалавека,
  • пагражаць, што калгас ня дасьць дроў на ацяпленьне,
  • пагражаць, што перавядуць у паляводы (з заробкам 150 рублёў),
  • тры парушэньні — і чалавек атрымае калёнію замест «хіміі».

«Траўма ў Арцёма ўтварылася пасьля яго „камунікацыі“ з опэрам»

Крыніца ўдакладняе абставіны ціску на 24-гадовага палітвязьня Арцёма Мядзьведзкага, які праз катаваньні апынуўся ў шпіталі і наважыўся на ўцёкі.

«Адміністрацыя „хіміі“ чаплялася да яго. Наколькі я ведаю, у той дзень супрацоўнік надзеў відэарэгістратар, каб, мусіць, зьняць прыніжальнае відэа пра Арцёма, які чысьціў прыбіральню. Пачаўся канфлікт. Вынік — разьбітая галава Арцёма. Ён казаў, што сам упаў. Але па факце ўсе бачылі, што ў прыбіральні яны былі ўдвух. Пад ціскам ён мог прамаўчаць ці пагадзіцца з вэрсіяй супрацоўніка, што нібыта сам упаў», — расказала крыніца.

24-гадовага Арцёма Мядзьведзкага асудзілі на тры гады абмежаваньня волі. Яго ў межах міжнароднай кампаніі падтрымаў і прызнаў сваім «хросьнікам» дэпутат Эўрапарлямэнту Шон Колі. «Ён адзін з многіх мірных дэманстрантаў, якія ўтрымліваюцца ў турмах за рэалізацыю свайго права ўдзельнічаць у мірных сходах, выказваць сваё меркаваньне», — выказаўся дэпутат Эўрапарлямэнту.

Цяпер Мядзьведзкага шукае міліцыя.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG