Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Washington Post: Беларусь важная, як і Ўкраіна, бо на карту і там, і там пастаўлены лёс дэмакратыі


Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай у Дзярждэпартамэнце ЗША. У цэнтры дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Вашынгтон, 29 красавіка 2022
Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай у Дзярждэпартамэнце ЗША. У цэнтры дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Вашынгтон, 29 красавіка 2022

Амэрыканская газэта Washington Post прысьвяціла рэдакцыйны артыкул сытуацыі ў Беларусі.

«„Лёс Украіны і лёс Беларусі ўзаемазьвязаныя“, — кажа Сьвятлана Ціханоўская, лідэрка апазыцыі, чыю перамогу на выбарах 2020 году ў Беларусі адабраў Аляксандар Лукашэнка». З гэтых словаў пачынаецца артыкул у Washington Post.

На думку газэты, Ціханоўская мае рацыю, бо Лукашэнка цяпер стаў сатрапам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, дазволіўшы расейскім войскам выкарыстаць Беларусь у якасьці пляцдарму для вайны супраць Украіны: «Дэмакратыю як у Беларусі, так і ва Ўкраіне трэба выратаваць ад таго, каб яе растапталі цяжкія боты Пуціна і Лукашэнкі».

У той час, піша Washington Post, як грамадзяне і вайскоўцы Ўкраіны вядуць экзістэнцыйную барацьбу за выжываньне, спадарыня Ціханоўская нагадала нам на мінулым тыдні, што народ Беларусі, хоць і не знаходзіцца ў стане вайны, вядзе ня менш важную барацьбу за зьвяржэньне дыктатуры Лукашэнкі.

Газэта пералічае выпадкі супраціву. «Беларускія партызаны сабатавалі адпраўку расейскай вайсковай тэхнікі ва Ўкраіну. Падпольная сетка зьнішчыла кампанэнты кіраваньня рухам цягнікоў, а кібэрпартызаны парушылі працу праграмнага забесьпячэньня чыгункі. Вялізныя штрафы і турэмныя тэрміны накладзены яна тых, хто пратэстуе ў Беларусі, у тым ліку журналістаў, прафсаюзных лідэраў, студэнтаў, выкладчыкаў і іншых. Каналы ў Telegram, плятформы сацыяльных сетак, якія аказаліся крытычна важнымі для руху за дэмакратыю ў Беларусі, крыміналізаваныя ўрадам як „экстрэмісцкія“ і „тэрарыстычныя“, што прыводзіць да штрафаў для карыстальнікаў, якія разьмяшчаюць на іх паведамленьні».

Газэта нагадвае, што на мінулым тыдні ніжняя палата парлямэнту Беларусі ўхваліла закон, які прадугледжвае сьмяротнае пакараньне за «замах на тэрарыстычны акт» і паведамляе, што, паводле дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна», урад Лукашэнкі трымае ў турмах 1 166 палітычных вязьняў, у тым ліку мужа Сьвятланы Ціханоўскай Сяргея і ейную паплечніцу Марыю Калесьнікаву.

Пад моцным ціскам і рэпрэсіямі з боку уладаў вулічныя пратэсты ў Беларусі, якія ўспыхнулі пасьля скрадзеных выбараў 2020 году, заціхлі і прынялі форму падпольных нешматлюдных пратэстаў, але, як піша Washington Post, унутраная апазыцыя ў Беларусі захоўваецца і Злучаныя Штаты павінны працягваць яе падтрымліваць.

На думку рэдакцыі, Washington Post, у эўрапейскіх і амэрыканскіх санкцыях супраць рэжыму Лукашэнкі застаюцца шчыліны, таму іх жорсткасьць трэба ўзмацняць з той жа сілай, што і супраць рэжыму Пуціна. Трэба разгледзець санкцыі адносна экспарту сталі, а таксама абмежаваньні для ўсіх дзяржаўных банкаў, нафтапрадуктаў і замарожваньне беларускіх валютных рэзэрваў.

Расея, сьцьвярджаецца далей ў рэдакцыйным артыкуле, выпусьціла ракеты па Ўкраіне зь Беларусі, адтуль жа лятала камандна-штабная авіяцыя і там жа да гэтага часу мае шматтысячны вайсковы кантынгент. Таму «Лукашэнка зьяўляецца саўдзельнікам вайны Пуціна і павінен аказацца на лаве падсудных разам зь ім як ваенны злачынец».

На думку газэты, тое, што сытуацыя можа абярнуцца менавіта такім чынам, выклікала ў Лукашэнкі дыскамфорт і ягоны ўрад паспрабаваў залагодзіць сытуацыю ў стасунках з Эўропай. «Мы катэгарычна абвяргаем любыя інсынуацыі аб тым, што Беларусь нейкім чынам датычная да баявых дзеяньняў ва Ўкраіне, — напісаў 6 красавіка міністар замежных спраў Уладзімір Макей у лісьце некаторым калегам у Эўразьвязе. Але спадарыня Ціханоўская сказала нам, што Лукашэнка „хоча ператварыцца з падпальшчыка ў пажарнага“».

Заканчвае Washington Post свой рэдакцыйны артыкул наступнай высновай:

«Украіна змагаецца за сваю будучыню як дэмакратыя, але барацьба за свабоду ідзе таксама ў Беларусі і ў Расеі. Такія натхнёныя лідэры, як спадарыня Ціханоўская, як прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і апазыцыянэры Аляксей Навальны і Ўладзімір Кара-Мурза ў Расеі, што знаходзяцца цяпер у зьняволеньні, даюць нам падставы спадзявацца, што дэмакратыя пераможа. Яны заслугоўваюць падтрымкі сьвету».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG