Свабода прааналізавала, чым займаюцца ўкраінскія палітыкі, якія былі раней ва ўладзе і апазыцыі, пасьля пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны.
Дэпутаты на заканадаўчай абароне Ўкраіны
Папярэдні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ня можа запісацца ў войска — заканадаўства забараняе дзейным дэпутатам уступаць нават у тэрытарыяльную абарону. Яны мусяць на заканадаўчым узроўні дапамагаць абараняць Украіну.
Але ягоны фонд дапамагае фронту аўтамабілямі, мэдыкамэнтамі, бронекамізэлькамі, каскамі, радыёстанцыямі і іншай вайсковай амуніцыяй.
Сам Парашэнка ходзіць на пасяджэньні парлямэнту і галасуе за неабходныя ва ўмовах вайны законы.
Колішні кіраўнік Вярхоўнай Рады Ўкраіны, цяперашні дэпутат Андрэй Парубій, нягледзячы на заканадаўчую забарону дзейным дэпутатам пераходзіць на службу ў войска, усё ж між пасяджэньнямі парлямэнту дапамагае сваім сябрам і грамадзянам на поўдні Ўкраіны.
Былая прэм’ер-міністарка Ўкраіны, цяперашняя дэпутатка парлямэнту Юлія Цімашэнка разам са сваёй партыяй «Бацькаўшчына» таксама перадае франтавым абласьцям і іхным абаронцам такія патрэбныя цяпер цеплавізары, бронекамізэлькі, іншую вайсковую амуніцыю і аўтамабільную тэхніку.
Асобна яны дапамагаюць перасяленцам і пацярпелым ад вайны. А паміж пасяджэньнямі парлямэнту Юлія Цімашэнка наведвае розныя рэгіёны — ад памежных, які толькі вызваліліся ад акупацыі, да мірных, якія цяпер забясьпечваюць тыл.
Удзельнікі тэрытарыяльнай абароны
Колішні сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў пайшоў у сілы тэрытарыяльнай абароны. Ён цяпер з былым міністрам унутраных спраў і генэральным пракурорам Юрыем Луцэнкам абараняюць Мікалаеўшчыну.
Нягледзячы на праблемы са здароўем, Аляксандар Турчынаў і Юры Луцэнка спачатку пайшлі ў тэрабарону Кіева, а калі баявыя дзеяньні сканцэнтраваліся на ўсходзе і поўдні Ўкраіны, перамясьціліся ў Мікалаеўскую вобласьць.
У канцы красавіка Аляксандар Турчынаў апублікаваў відэазапіс, на якім паказаў і пракамэнтаваў, якія бомбы прылятаюць на пазыцыі іхнага падразьдзяленьня.
У падразьдзяленьні, дзе служаць Аляксандар Турчынаў і Юры Луцэнка, нядаўна адбылося вясельле — пажаніліся жаўнеры Юрко і Альбіна, якія маюць пазыўныя «Вітамін» і «Акула».
З добраахвотнікаў у войска
Колішні дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны, сябра партыі «Свабода» Юры Сірацюк, вядомы сваім удзелам у акцыях за дэмакратычную Беларусь і супраць фальсыфікацый вынікаў выбараў, спачатку запісаўся ў добраахвотніцкае фармаваньне «Свабода». У яго складзе ён удзельнічаў у абароне Бравароў, Барышава і Лукашоў, дзе разам з аднапартыйцамі прыкрываў артылерыйскую брыгаду.
З 21 красавіка, як ён пажартаваў, «самамабілізаваўся» і ўступіў ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны шараговым гранатамётнікам. У пятым асобным штурмавым палку створаны адмысловы ўзвод «Свабоды».
Лідэр Радыкальнай партыі Ўкраіны Алег Ляшко на сваёй старонцы ў Facebook разьмясьціў фатаздымак сваёй заявы на ўступленьне ва Ўзброеныя сілы. Да гэтага ён займаўся гуманітарнай дапамогай. Што праўда, большасьць карыстальнікаў ня верыць, што ён далучыўся да войска.
Выехалі ў Эўропу ці на акупаваныя тэрыторыі
Яшчэ за тыдзень да пачатку вайны каля дзесяці дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны выехалі за межы краіны. Большая іх частка — дэпутаты прарасейскай партыі «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё». Цяпер яна забароненая, а фракцыя перайменавалася ў «Плятформу за жыцьцё і мір». Але большасьць дэпутатаў гэтай фракцыі выехалі не ў Расею, а ў эўрапейскія краіны — Нямеччыну, Францыю, Італію, Ізраіль.
З падкантрольных Украіне на акупаваныя тэрыторыі выехаў і прадстаўнік праўладнай партыі «Слуга народу». Дэпутат аднайменнай фракцыі ў парлямэнце Аляксей Кавалёў, уласьнік украінскага тэлеканалу «4 канал», паехаў у акупаваную Херсонскую вобласьць. Ён паходзіць з горада Голая Прыстань. Партыя прыпыніла ягонае сяброўства ў партыі і фракцыі і зьвярнулася ў пракуратуру і Службу бясьпекі Ўкраіны з заявай аб правядзеньні расьсьледаваньня аб магчымай дзяржаўнай здрадзе.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.