Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз можа зрабіць для Вугоршчыны выключэньне з нафтавага эмбарга


Віктар Орбан
Віктар Орбан

Эўракамісія можа зрабіць выключэньне з эмбарга на пастаўкі нафты з Расеі для Вугоршчыны і Славаччыны, улічваючы залежнасьць гэтых дзьвюх краінаў ад паставак расейскіх энэрганосьбітаў.

Пра гэта ў панядзелак паведаміў Reuters са спасылкай на службоўцаў ЭЗ.

Як чакаецца, прадметнае абмеркаваньне шостага пакету санкцыяў супраць Расеі ў сувязі зь яе ўварваньнем ва Ўкраіну пачнецца на ўзроўні амбасадараў ЭЗ на гэтым тыдні. Прадугледжваецца, што ў ім будзе і прапанова ўвесьці да канца году эмбарга на імпарт расейскай нафты. Гэтая мера ацэньваецца аналітыкамі як адна з найбольш сур’ёзных санкцыйных мераў, пакуль не скарыстаных ЭЗ (у адрозьненьне ад Вялікай Брытаніі і ЗША).

Паводле паведамленьняў СМІ, шматлікія краіны, уключаючы Нямеччыну, якія першапачаткова выступалі супраць эмбарга, цяпер падтрымліваюць гэтую меру. У Вугоршчыны, аднак, застаюцца пярэчаньні. Прадстаўнік вугорскага ўраду ў нядзелю заявіў, што Будапэшт не падтрымае пашырэньня санкцыяў за кошт паставак расейскіх энэрганосьбітаў, калі гэта закране Вугоршчыну.

Паколькі для ўхваленьня санкцыяў патрэбная згода ўсіх краінаў ЭЗ, узьнікла ідэя кампрамісу — зрабіць для Вугоршчыны і Славаччыны выключэньне або даць ім працяглы пераходны пэрыяд.

Чакаецца, што праект новага пакету санкцыяў будзе прадстаўлены ў сераду.

Міністар эканомікі Нямеччыны Робэрт Габэк у панядзелак заявіў, што ў ЭЗ пакуль яшчэ няма кансэнсусу наконт эмбарга, аднак Бэрлін выступае ў яго падтрымку. Паводле яго, рост цэнаў на паліва, відавочна, непазьбежны, але «нафтавага шоку» ня будзе, бо Расея не займае манапольнага становішча на рынку паставак нафты ў ЭЗ.

Улады Вугоршчыны найбольш стрымана сярод усіх краінаў ЭЗ ставяцца да ўзмацненьня жорсткасьці санкцыяў супраць Расеі. Будапэшт таксама не пастаўляе Кіеву зброю. Гэта выклікае крытыку з боку Ўкраіны і шэрагу краінаў ЭЗ на адрас вугорскага прэмʼера Віктара Орбана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG