Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як творча ва Ўкраіне перажываюць вайну і натхняюць іншых


Мэксыканскі мастак Рабэрта Маркеc малюе карціну на зруйнаваным мосьце ў Ірпяні пад Кіевам. 26 красавіка 2022 году
Мэксыканскі мастак Рабэрта Маркеc малюе карціну на зруйнаваным мосьце ў Ірпяні пад Кіевам. 26 красавіка 2022 году

Украінцы змагаюцца з расейскай агрэсіяй 64-ы дзень. Замест таго, каб упадаць у роспач, шмат хто перажывае гэты трагічны пэрыяд крэатыўна. Паглядзелі, як у вайну ратуе мастацтва.

Сьпяваюць

Неафіцыйным гімнам гэтай вайны стаў складзены яшчэ ў 1914 годзе марш сечавых стральцоў «Ой, у лузі червона калина».

Нават легендарныя Pink Floyd сабраліся разам упершыню за 30 гадоў, каб запісаць яго разам з Андрэем Хлыўнюком з «Бумбоксу». «Калину» ведаюць нават малыя дзеці, яе сьпяваюць у польскім касьцёле падчас імшы.

Ладзяць палявыя канцэрты

Лідэр гурту «Океан Эльзи» Сьвятаслаў Вакарчук езьдзіць па краіне з выступамі разам з паэтам Сяргеем Жаданом, каб падтрымаць украінцаў. Музыкі граюць на фоне зруйнаваных будынкаў і на плошчах атакаваных гарадоў.

Ствараюць мэмы

Хто сёньня ня ведае пра Чарнабаеўку, дзе ўкраінскія вайскоўцы ці ня два дзясяткі разоў разбамбілі расейскую тэхніку, хто ня бачыў, як украінцы на трактарах забіраюць расейскія танкі? А памятаеце гліняных пеўнічкаў, якіх украінка падарыла Борысу Джонсану і Ўладзіміру Зяленскаму? Потым такога заўважылі за сьпінай у Зяленскага падчас звароту. А ўсё пайшло зь пеўнічка, што ацалеў на «нязломнай» шафцы з Барадзянкі, якая засталася вісець на сьцяне, калі разбамбілі ўвесь дом — і таксама стала мэмам.

Запісваюць відэазвароты

На тэлефон, з рук, «у полі», без прафэсійнага абсталяваньня і бяз гальштукаў. Каб паінфармаваць або падбадзёрыць. Усьлед за Зяленскім гэта робяць кіраўнікі гарадоў і абласьцей, якім такое, можа, упершыню. Ствараецца адчуваньне, што чыноўнікі нароўні з усімі ўкраінцамі. Чаго вартыя толькі каляровыя шкарпэткі кіраўніка Мікалаеўскай вобласьці Віталя Кіма.

А дзяўчаты замест захапленьня кіназоркамі цяпер спрачаюцца, «хто большы красунчык: Зяленскі, Арастовіч ці Кім?».

Прыдумляюць жартоўныя слоўцы

Дзеяслоў «макронити» («макроніць», ад францускага прэзыдэнта Макрона) значыць — выказваць празьмерную заклапочанасьць, але не дасягаць выніку па сутнасьці. А назоўнік «арестовлення» («арастаўленьне», ад Аляксея Арастовича, няштатнага дарадцы кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны) — паведамленьне, якое супакойвае.

У маўленьні ўжываюць фразы, якія зьявіліся ці набылі новы сэнс падчас вайны. Прыкладам, «я*е дык я*е», што значыць «трапіць (бомба) дык трапіць».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG