У Расеі ацанілі страты ад санкцый за ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну

Кіраўнік Падліковай палаты Расеі Аляксей Кудрын
Кіраўнік Падліковай палаты Расеі Аляксей Кудрын

Улады ў Маскве прызналі, што Расея найбліжэйшыя паўтара-два гады будзе знаходзіцца ў «вельмі складанай сытуацыі».

«Цяпер, канец году і наступны год, то бок амаль паўтара, два гады мы будзем жыць у вельмі складанай сытуацыі. Таму вельмі важна ацаніць свае сілы і рэсурсы», — цытуе расейскае агенцтва «РИА Новости» кіраўніка Падліковай палаты Расеі Аляксея Кудрына.

  • На яго думку, інфляцыя ў Расеі паводле базавага прагнозу складзе 20,7% у 2022 годзе і яшчэ больш на 6% у 2023-м.
  • На падтрыманьне эканомікі ва ўмовах маштабных заходніх санкцый давядзецца выдаткаваць больш як шэсьць трыльёнаў расейскіх рублёў (каля 82,5 мільярда даляраў ЗША).
  • Сёлета падзеньне расейскай эканомікі, паводле папярэдніх ацэнак Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі, дасягне 9%.

Паводле расейскай статыстыкі, у сакавіку інфляцыя склала 7,6%, цэны вырасьлі на 16,7% у параўнаньні з узроўнем сакавіка 2021 году. Апошні раз інфляцыя вышэй за гэты ўзровень фіксавалася ў сакавіку 2015 году і складала 16,9%.

Павелічэньне цэнаў зьвязваюць зь беспрэцэдэнтнымі санкцыямі, уведзенымі супраць Расеі пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне.

У той жа час Расея на тле гэтых санкцый спыніла публікацыю эканамічнай інфармацыі аб зьнешніх і ўнутраных даўгах.

​
XS
SM
MD
LG