Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The New York Times: амэрыканскія кампаніі, нягледзячы на заклік Байдэна, ня хочуць павялічваць здабычу нафты

Інвэстары нафтавых кампаній ня хочуць росту ўнутранай вытворчасьці, баючыся, што гэта паскорыць канец высокіх цэнаў на нафту.

Пра гэта піша амэрыканская The New York Times.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заступіў на пасаду, абяцаючы скараціць выкарыстаньне выкапнёвага паліва, а цяпер, калі Эўропа хоча пакончыць са сваёй залежнасьцю ад Расеі, заклікае нафтавыя кампаніі ЗША павялічваць здабычу.

Але здабыча нафты амэрыканскімі энэргетычнымі кампаніямі практычна не зьмянілася, піша газэта, і наўрад ці істотна вырасьце яшчэ як мінімум год ці два. Калі Эўропа перастане купляць расейскую нафту і прыродны газ, як абяцалі некаторыя яе лідэры, яны ня змогуць у найбліжэйшы час замяніць гэтую энэргію палівам з ЗША.

Здабыча нафты ў ЗША вырасла менш як на 2 працэнты (да 11,8 млн барэляў за дзень) са сьнежня і застаецца значна ніжэйшай за рэкордны ўзровень ў 13,1 млн барэляў за дзень, які быў зафіксаваны ў сакавіку 2020 году — якраз перад тым, як пандэмія паралізавала сусьветную эканоміку.

Урадавыя аналітыкі прадказваюць, што ў 2022 годзе здабыча нафты ў Амэрыцы складзе ў сярэднім усяго 12 мільёнаў барэляў за дзень, а ў 2023 годзе павялічыцца прыкладна яшчэ на адзін мільён. Гэта значна менш за амаль 4 мільёны барэляў нафты, якія Эўропа штодня імпартуе з Расеі.

«Тады, калі яны могуць пачаць дзейнічаць, каб паставіць такую неабходную сьвету нафту, кампаніі праяўляюць нехарактэрную асьцярожнасьць», — кажа Джым Крэйн, экспэрт у галіне энэргетыкі з Унівэрсытэту Райса.

Кампаніі ўпэўненыя, што цэны будуць заставацца высокімі дастаткова доўга, каб яны маглі атрымліваць прыбытак ад вялікай колькасьці новых сьвідравін. Многія памятаюць, як рэзка абваліліся цэны на нафту два гады таму, прымусіўшы кампаніі звальняць тысячы супрацоўнікаў, спыняць здабычу і нават шукаць абарону ад банкруцтва.

Эўрапейскі Зьвяз пачаў пераход на больш экалягічныя формы энэргіі. Але фінансавыя і геапалітычныя прычыны могуць ускладніць гэтыя намаганьні.

Нафтавыя кампаніі ЗША у сваім нежаданьні павялічваць здабычу не адныя. Саудаўская Арабія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і іншыя чальцы Арганізацыі краін – экспартэраў нафты таксама адмовіліся пампаваць больш нафты з таго часу, як у канцы лютага пачалася вайна Расеі супраць Украіны.

За апошнія два дзесяцігодзьдзі нафтавыя кампаніі амаль заўсёды рэагавалі на рост цэнаў, інвэстуючы і павялічваючы здабычу. Бурная актыўнасьць суправаджала рост цэнаў на пачатку 2000-х гадоў, а затым і падчас аднаўленьня, якое наступіла ўсьлед за фінансавым крызісам 2008 году. Здабыча нафты ў ЗША падвоілася з 2006 году, і краіна стала буйным экспартэрам нафты, прыроднага газу і нафтапрадуктаў, такіх як бэнзін і дызэльнае паліва.

Але за кожным цэнавым бумам ішоў вялізны абвал — тры разы за апошнія 14 гадоў. Дзесяткі кампаній падалі пазовы аб банкруцтве. Усяго два гады таму цэны на нафту ўпалі больш чым на 50 даляраў за барэль за адзін дзень да менш за нуль, паколькі пандэмія ахоплівала ўсё больш краінаў і вытворцам не было дзе захоўваць нафту, якую нікому ня трэба было купляць.

Кіраўнікі нафтавых кампаній і інвэстары называюць шэраг сцэнараў, пры якіх цэны могуць зноў хутка абваліцца.

Гэта можа здарыцца, напрыклад, калі Расея прайграе вайну і ёй давядзецца адступіць. Або ўспышка COVID-19 і карантн у Кітаі могуць затармазіць эканоміку гэтай краіны, зьнізіўшы глябальны рост і попыт на энэргію. Таксама і новая ядзерная ўгода з Іранам можа адкрыць кран для экспарту нафты.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG