Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін паабяцаў Гутэрышу, што дазволіць прыцягнуць Чырвоны Крыж і ААН для эвакуацыі мірных грамадзянаў з Марыюпалю


Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш
Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш

У Маскве 26 красавіка прайшлі перамовы прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з генэральным сакратаром ААН Антонію Гутэрышам. Яны доўжыліся каля гадзіны і ў асноўным тычыліся сытуацыі ва Ўкраіне.

Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы заявіў, што Расея мае намер дасягнуць пагадненьняў з Украінай і не адмаўляецца ад дыпляматычнага ўрэгуляваньня сытуацыі, падкрэсьліўшы, што перамовы дэлегацый у Стамбуле былі пасьпяховыя.

«Нам удалося дамагчыся дастаткова сур’ёзнага прарыву. Патрабаваньні бясьпекі нашы ўкраінскія калегі ня сталі зьвязваць з такім паняцьцем, як міжнародна прызнаныя межы Ўкраіны», — сказаў Пуцін.

Пры гэтым, па словах расейскага прэзыдэнта, пасьля перамоваў у Стамбуле Масква сутыкнулася з «правакацыямі» — гэтак Пуцін апісаў падзеі ва ўкраінскім горадзе Буча, дзе загінулі некалькі сотняў чалавек.

Менавіта гэты эпізод нібыта стаў «каменьнем спатыкненьня» ў перамовах дзвюх краінаў. Па словах Пуціна, спачатку Ўкраіна гатовая была вынесьці пытаньні Данбасу і Крыму «за дужкі», але пасьля Бучы адмовілася абмяркоўваць іх, акрамя як на прамых перамовах прэзыдэнтаў.

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш выказаў падтрымку намаганьням Турэччыны па арганізацыі перамоваў, а таксама прапанаваў стварыць кантактную групу ААН — Расея — Украіна па гуманітарных калідорах.

У прыватнасьці — вырашыць пытаньне аб эвакуацыі людзей з заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі, дзе працягваюць утрымліваць абарону ўкраінскія вайскоўцы. Расейскі прэзыдэнт, паводле інфармацыі офісу генэральнага сакратара ААН, пагадзіўся прыцягнуць Чырвоны крыж і ААН для эвакуацыі мірных грамадзянаў, якія таксама застаюцца на тэрыторыі заводу. Пры гэтым Уладзімір Пуцін падкрэсьліў, што баявыя дзеяньні ў Марыюпалі скончыліся, больш за 1300 украінскіх вайскоўцаў здаліся ў палон, а раней — пры садзейнічаньні Расеі — з Марыюпалю ўжо эвакуавалі 140 тысяч мірных жыхароў.

Гутэрыш назваў тое, што адбываецца ва Ўкраіне, уварваньнем на яе сувэрэнную тэрыторыю, Пуцін назваў дзеяньні расейскіх вайскоўцаў «вымушанай мерай», дадаўшы, што жыхары Данбасу апынуліся на восем гадоў у блякадзе з прычыны дзеяньняў украінскіх уладаў.

Прэзыдэнт Расеі таксама падкрэсьліў, што краіна заўсёды падтрымлівала і будзе падтрымліваць ААН, а таксама яе статут, у якім гаворыцца, што ўсе ўдзельнікі міжнародных зносінаў роўныя паміж сабой незалежна ад моцы, велічыні і свайго геаграфічнага становішча.

  • Гэта першы візыт у Расею генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша пасьля пачатку расейскага шырокамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну. 26 красавіка, перад сустрэчай з Уладзімірам Пуціным, ён таксама правёў перамовы зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым.
  • З Масквы генэральны сакратар ААН мае намер адправіцца ў Кіеў. Маршрут паездкі крытыкаваў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Ён казаў, што генэральнаму сакратару спачатку трэба было наведаць Украіну і паглядзець на разбурэньні, а ўжо затым ехаць у Маскву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG