Расея не пагадзілася на прапанову ААН увесьці ва Ўкраіне «велікодную гуманітарную паўзу» у баях

Пратэставы плякат. Ілюстрацыйнае фота
Пратэставы плякат. Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта паведаміў амбасадар Украіны ў ААН Сяргей Кісьліца.

Расея адказала адмовай на прапанову Генэральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Антонію Гутэрыша аб увядзеньні ва Ўкраіне 4-дзённай «велікоднай гуманітарнай паўзы» ў баявых дзеяньнях.

Пра гэта ў твітэры паведаміў пастаянны прадстаўнік Украіны ў ААН Сяргей Кісьліца.

«Пазыцыя маскоўскага фюрэра была агучаная ўжо празь некалькі гадзін на Савеце бясьпекі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Прадстаўнік Расеі, у прыватнасьці, заявіў, што «вельмі лжыва і няшчыра гучаць у гэтых умовах заклікі да міру і спыненьня агню». Паводле яго, перамірʼе ёсьць «імкненьнем даць кіеўскім нацыяналістам і радыкалам перадышку для таго, каб яны маглі перагрупавацца».

Украіна падтрымала ініцыятыву Генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша аб увядзеньні велікоднай чатырохдзённай «гуманітарнай паўзы».

Міністэрства замежных справаў Украіны выказала ўдзячнасьць Генэральнаму сакратару ААН Антонію Гутэрышу за ініцыятыву ўвесьці ва Ўкраіне велікодную чатырохдзённую «гуманітарную паўзу», якая пачыналася б зь Чыстага чацьвярга 21 красавіка.

«Мы цалкам падзяляем думку, што гуманітарная паўза неабходная для бясьпечнай эвакуацыі тысяч мірных жыхароў, якія хочуць пакінуць небясьпечныя зоны бягучых і магчымых ваенных дзеяньняў, асабліва з шматпакутнага Марыюпалю».

У Міністэрстве замежных справаў Украіны заявілі, што высока цэняць гатоўнасьць ААН забясьпечыць дастаўку гуманітарнай дапамогі насельніцтву найбольш пацярпелых раёнаў Украіны ў разе ўвядзеньня «рэжыму цішыні».

Яны дадалі, што Расея павінна спыніць напады на цывільныя аб’екты ва Украіне, спыніць блякаду ўкраінскіх гарадоў, а таксама забясьпечыць бесьперашкодны доступ на часова акупаваныя тэрыторыі гуманітарнага пэрсаналу, яго транспартных сродкаў і тэхнікі.

«Украіна заўсёды была і застаецца прыхільнай мірнаму і дыпляматычнаму ўрэгуляваньню канфлікту».

​
XS
SM
MD
LG