Мабільныя апэратары А1, МТС і плятформа «Яндэкс Go» падвышаюць цану сваіх паслуг у Беларусі

Вежа мабільнай сувязі. Ілюстрацыйнае фота
Вежа мабільнай сувязі. Ілюстрацыйнае фота

Рост цэнаў у Беларусі на тавары і паслугі працягваецца.

Так, апэратары мабільнай сувязі МТС і А1 падвысяць цану сваіх паслуг ад 1 траўня.

Рост тарыфаў зьвязаны з прынятым 31 сакавіка ўказам нумар 131 «Аб разьвіцьці СМІ», у адпаведнасьці зь якім ПДВ на паслугі перадачы даных з пачатку траўня павышаецца на адзін працэнтны пункт — да 26%, зазначылі ў кампаніі.

«Зьмяненьне стаўкі ПДВ таксама прымяняецца да абанэнцкай платы комплексных тарыфных плянаў і пакетаў, якія ўключаюць у сябе паслугі перадачы даных па каналах сотавай рухомай і фіксаванай электрасувязі», — паведамілі ў А1.

У МТС адзначылі, што «зьмена закране паслугі перадачы даных, якія аказваюцца абанэнтам сотавай рухомай электрасувязі і фіксаванага інтэрнэту».

У сваю чаргу апэратар life:) паведаміў, што павышэньне ПДВ кошты іх паслуг не закране.

Паднімуцца ў Беларусі таксама тарыфы на паслугі таксі «Яндэкс Go». Аб гэтым паведамляе Onliner са спасылкай на прэс-службу кампаніі.

«Разам з нашымі партнэрамі-перавозчыкамі прынялі рашэньне аптымізаваць тарыфы ў некаторых гарадах Беларусі такім чынам, каб, з аднаго боку, часткова кампэнсаваць зьмену коштаў на паліва і абслугоўваньне аўтамабіляў, а з другога — каб кошт паездак заставаўся па-ранейшаму даступным для карыстальнікаў, — паведамілі ў прэс-службе «Яндэкс Go».

Па інфармацыі выданьня, падрасьце кошт за кожную хвіліну і за кожны кілямэтар шляху. Пры гэтым мінімальны кошт паездкі, як паведамілі ў кампаніі, будзе нават ніжэйшы.

​
XS
SM
MD
LG