Блінкен і Остын абяцалі Зяленскаму, што амэрыканскія дыпляматы вернуцца ў Кіеў

Міністар абароны ЗША Лойд Остын, прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, Дзяржсакратар Энтані Блінкен. Кіеў, 24 сакавіка
Міністар абароны ЗША Лойд Остын, прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, Дзяржсакратар Энтані Блінкен. Кіеў, 24 сакавіка

Дзяржсакратар ЗША і кіраўнік Пэнтагону наведалі сталіцу Ўкраіны, дзе сустрэліся з Уладзімірам Зяленскім і іншымі афіцыйнымі асобамі.

Кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі і міністар абароны ЗША ў нядзелю наведалі Кіеў і выкарысталі першы візыт амэрыканскіх службовых асобаў ва Ўкраіну з пачатку расейскага ўварваньня два месяцы таму, каб абвясьціць пра паступовае вяртаньне амэрыканскіх дыпляматаў у краіну і прызначэньне новага пасла, паведамляе Голас Амэрыкі.

Дзяржсакратар Энтані Блінкен і міністар абароны Лойд Остын у суботу прыбылі ў Польшчу, а ў нядзелю прыехалі ва Ўкраіну па сушы, паведаміў высокапастаўлены супрацоўнік Дзярждэпартамэнту, адмовіўшыся абмяркоўваць дэталі паездкі і прынятыя меры бясьпекі.

Візыт быў закліканы прадэманстраваць падтрымку Ўкраіны Захадам, і члены амэрыканскага ўраду таксама паабяцалі новую дапамогу ў памеры 713 мільёнаў даляраў ураду Зяленскага і краінам рэгіёну, дзе расейскае ўварваньне выклікала асьцярогі новай агрэсіі з боку Масквы.

Ён таксама падкрэсьліў зьмены ў канфлікце пасьля таго, як украінскія сілы, якія атрымалі масавыя пастаўкі зброі з Захаду, пасьпяхова адбілі расейскі наступ на Кіеў.

Расейскія сілы перагрупаваліся з мэтай захопу новых тэрыторый на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Гэта дазволіла замежным лідэрам наведаць сталіцу, а некаторым заходнім краінам аднавіць дыпляматычную прысутнасьць у апошнія тыдні, аднак Вашынгтон з асьцярожнасьцю ставіцца да вяртаньня сваіх дыпляматаў на фоне спарадычных расейскіх ракетных абстрэлаў на захадзе краіны.

Афіцыйныя асобы адхілілі просьбы СМІ суправаджаць Блінкена і Остына падчас іх візыту ва Ўкраіну зь меркаваньняў бясьпекі. Яны правялі брыфінг для журналістаў у Польшчы пры ўмове, што аб паездцы ня будзе паведамлена, пакуль дэлегацыя ня вернецца з Украіны.

Зяленскі абвясьціў аб візыце падчас прэс-канфэрэнцыі ў суботу. Па словах амэрыканскіх афіцыйных асобаў, яны былі гатовыя да такой непрадбачанай акалічнасьці, якая не сарвала візыту.

Чакалася, што Блінкен і Остын правядуць прыкладна паўтарагадзінную сустрэчу зь Зяленскім, міністрам замежных спраў Украіны Дзьмітром Кулебам, міністрам абароны Аляксеем Рэзьнікавым і іншымі афіцыйнымі асобамі.

Амэрыканскія дыпляматы пакінулі пасольства ў Кіеве прыкладна за два тыдні да расейскага ўварваньня 24 лютага, перадаўшы некаторыя функцыі ў Львоў перад канчатковым пераездам у Польшчу.

На гэтым тыдні дыпляматы пачнуць «аднадзённыя паездкі» ў Львоў, а чыноўнікі паскараюць складаньне плянаў вяртаньня ў Кіеў, паведаміў супрацоўнік Дзярждэпартамэнту.

Па словах супрацоўніка, у панядзелак прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн афіцыйна прапануе дзейнага амбасадара ЗША ў Славакіі Брыджэт Брынк на пасаду амбасадара ва Ўкраіне. Гэта пасада была вакантнай больш за два гады.
Блінкен і Остын праінфармавалі Зяленскага аб новым вайсковым фінансаваньні Ўкраіны на суму звыш 322 мільёнаў долараў, у выніку чаго агульны аб’ём амэрыканскай дапамогі Ўкраіне ў сфэры бясьпекі з пачатку ўварваньня дасягнуў каля 3,7 мільярда даляраў, паведаміў супрацоўнік.

Каля 400 мільёнаў даляраў у выглядзе новай вайсковай дапамогі таксама будзе накіравана іншым краінам Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, а таксама балканскім дзяржавам, паведаміў чыноўнік.

Напярэдадні візыту Блінкен размаўляў з генэральным сакратаром ААН Антонію Гутэрышам, каб скаардынаваць візыты кіраўніка ААН у Маскву і Кіеў, паведаміў чыноўнік.

​
XS
SM
MD
LG