Горад Барадзянка Кіеўскай вобласьці пасьля расейскіх атак, 8 красавіка 2022 году
У Кіеўскай вобласьці ўкраінскія праваахоўнікі выявілі целы 1084 цывільных, большасьць загінулых забітыя са стралковай зброі, паведаміў 22 красавіка начальнік паліцыі Кіеўскай вобласьці Андрэй Небытаў.
«Колькасьць целаў загінулых, якія агледзелі сьледчыя і вывезьлі ў судова-мэдычныя ўстановы, складае ўжо 1084 чалавекі. Гэта мірныя людзі, якія ня мелі дачыненьня ні да тэрытарыяльнай абароны, ні да іншых вайсковых фармаваньняў. Ад 50 да 75% — гэта людзі, забітыя са стралковай зброі. Гэта кулямёт, або снайпэрская вінтоўка, або аўтамат, у залежнасьці ад паселішча», — сказаў Андрэй Небытаў у эфіры нацыянальнага тэлемаратону.
Паводле яго зьвестак, да гэтага часу неідэнтыфікаванымі застаюцца больш як 300 целаў загінулых. У Барадзянцы, дзе да гэтага часу разьбіраюць завалы, знойдзена больш за 80 целаў загінулых, паведаміў Андрэй Небытаў.
2 красавіка Кіеўскую вобласьць вызвалілі ад расейскіх войскаў. Пасьля адступленьня вайскоўцаў РФ у вызваленых гарадах і вёсках былі зафіксаваныя факты масавых забойстваў цывільных.
Украіна і некаторыя прадстаўнікі Захаду патрабуюць прыцягнуць Расею да адказнасьці за ваенныя злачынствы праз тое, што адбылося ў Кіеўскай вобласьці. Крэмль «катэгарычна абвяргае любыя абвінавачаньні ў забойствах мірных жыхароў», нават нягледзячы на тое, што факты забойстваў цывільных у пэрыяд расейскай акупацыі былі пацьверджаныя спадарожнікавымі здымкамі.