Яшчэ дзьве міжнародныя кампаніі, вытворцы кранаў і прадметаў гігіены, спынілі дзейнасьць у Расеі і Беларусі

Прадукцыя кампаніі Essity
Прадукцыя кампаніі Essity

З рынку Расеі і Беларусі праз уварваньне расейскай арміі ва Ўкраіну сышлі ўжо амаль 300 замежных кампаніяў.

Швэдзкая кампанія Essity, якая вырабляе такія сродкі асабістай гігіены, як Zewa і Libresse, заявіла аб сыходзе з расейскага рынку ў сувязі з умовамі вядзеньня бізнэсу ў краіне-агрэсарцы.

Фінскі вытворца кранаў і пад’ёмнай тэхнікі Konecranes таксама вырашыў не прымаць новыя замовы ў Расеі.

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе, кампанія будзе скарачаць бізнэс у Расеі паступова і адпаведна заканадаўству.

«Konecranes асуджае агрэсію Расеі супраць Украіны. Мы засмучаныя вайной і глыбока заклапочаныя бясьпекай нашых украінскіх супрацоўнікаў і іхных семʼяў. Іх бясьпека і дабрабыт зараз ёсьць прыярытэтам нумар адзін для Konecranes як кампаніі», — адзначаецца ў заяве.

У 2021 годзе чысты абʼём продажаў Konecranes у Расею склаў прыкладна 55 мільёнаў эўра, што складае менш за 2% скансалідаваных чыстых продажаў кампаніі.

У Беларусі кампанія ня мае супрацоўнікаў, у 2021 годзе продажы Konecranes у Беларусі складалі менш за 1 мільён эўра. 4 сакавіка 2022 году кампанія спыніла дзейнасьць у Беларусі.

Паводле папярэдніх ацэнак, з рынку Расеі праз уварваньне расейскай арміі ва Ўкраіну сышлі ўжо блізка 300 замежных кампаніяў.

​
XS
SM
MD
LG