Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня можам пакінуць украінцаў у адзіноце». Кіраўнік ураду Польшчы адкрыў у Львове модульнае мястэчка для ўцекачоў

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі ля Сьцяны памяці каля Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра ў Кіеве. Украіна, 1 лютага 2022 году
Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі ля Сьцяны памяці каля Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра ў Кіеве. Украіна, 1 лютага 2022 году

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі 19 красавіка прыехаў зь візытам у Львоў. Там ён адкрыў модульнае мястэчка для ўкраінцаў, якім прыйшлося пераехаць на захад зь іншых рэгіёнаў краіны.

«Польшча пабудуе модульныя мястэчкі ня менш як на 20 тысяч чалавек для ўнутраных уцекачоў — жанчын і дзяцей, якія ратуюцца ад расейскай агрэсіі», — паведаміў у Твітэры кіраўнік канцылярыі кіраўніка польскага ўраду Міхал Дворчык.

Ён адзначыў, што сёньня Маравецкі і міністар разьвіцьця грамадаў і тэрыторыяў Украіны Аляксей Чарнышоў адкрылі сёньня першае мястэчка для 1 тысячы украінцаў.

«Заўтра пачынаецца будаўніцтва яшчэ аднаго ў Барадзянцы/Бучы», — удакладніў Дворчык.

«Гэта мястэчка, якое мусіць выкарыстоўвацца ў кароткатэрміновай пэрспэктыве», — сказаў Маравецкі падчас адкрыцьця модульнага мястэчка для ўкраінцаў у Львове, створанага дзякуючы супрацы польскіх і ўкраінскіх уладаў.

«Умовы жыцьця тут тыпова часовыя, для тых людзей, якім проста няма куды ісьці», — цытуе Матэвуша Маравецкага PAP.

Кіраўнік ураду Польшчы паведаміў, што падчас візыту ва Ўкраіну размаўляў на месцы зь людзьмі, сярод іншага, з Марыюпалю, Бучы і Данецку.

«Усё гэта паказвае маштабы шкоды тут, ва Ўкраіне», — адзначыў ён.

«Мы ня можам пакінуць нашых суседзяў у адзіноце», — сказаў Маравецкі. — Самае страшнае для тых, хто змагаецца, — гэта ўсьведамленьне таго, што яны могуць быць самотным. Мы павінны падтрымліваць гэты баявы дух у тым ліку менавіта праз тое, каб клапоціцца аб найслабейшых».

Учора кіраўнік Львоўскай абласной адміністрацыі Максім Казіцкі паведаміў, што расейцы нанесьлі чатыры ракетныя ўдары па Львоўскай вобласьці. Тры пацэлілі ў вайсковыя аб’екты, адзін — у станцыю шынамантажу. У выніку пачаліся пажары.

На той момант паведамлялі, што ў выніку абстрэлу загінулі мінімум 6 чалавек, 8 атрымалі траўмы рознай ступені. Статыстыка можа быць не канчатковай.

Раней стала вядома пра ракетную атаку на Львоў. Пацярпела цывільная інфраструктура.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG