Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік ураду Польшчы: «Палітыка Нямеччыны прывяла да сілы Расеі, якая вынікае зь яе манаполіі на пастаўку сыравіны»

Матэвуш МаравецкіКіеў, 1 лютага 2022 году
Матэвуш МаравецкіКіеў, 1 лютага 2022 году

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі падчас сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі, сярод іншага, заклікаў лідэраў ЭЗ дзейнічаць рашуча, каб «канчаткова зламаць ваенную машыну Пуціна».

Ён таксама запрапанаваў прыпыніць выдачу віз расейцам, якія хочуць уехаць у краіны Эўразьвяў.

Матэвуш Маравецкі на пачатку сваёй прамовы заявіў, што «злачынствы, учыненыя расейцамі супраць амаль 300 жыхароў Бучы і іншых гарадоў вакол Кіева, трэба называць генацыдам».

«І гэта трэба судзіць як злачынства генацыду. Мы павінны ўсьведамляць, што тыя, хто маўчыць, не выказваецца, нясуць салідарную адказнасьць. Мы павінны казаць аб гэтых злачынствах і павінны супрацьдзейнічаць ім», — сказаў палітык.

Ён заклікаў заходніх лідэраў да стварэньня міжнароднай камісіі для расьсьледаваньня «злачынства генацыду» ва Ўкраіне.

«Нам патрэбна такая камісія, калі мы жадаем даведацца праўду аб маштабах расейскіх фашысцкіх злачынстваў», — падкрэсьліў Матэвуш Маравецкі.

Ён заклікаў лідэраў ЭЗ да рашучых дзеяньняў, якія «канчаткова зломяць пуцінскую ваенную машыну і агрэсіўную палітыку Пуціна, і ў выніку прывядуць да канфіскацыі актываў РФ, разьмешчаных у заходнеэўрапейскіх банках і актываў расейскіх алігархаў, якія падтрымліваюць Пуціна і фашысцкі расейскі рэжым».

Прэм’ер-міністар Польшчы заклікаў узмацніць санкцыі ў дачыненьні да Расеі. Паводле яго слоў, дзейныя санкцыі неэфэктыўныя, што дэманструе курс расейскага рубля, які вярнуўся на даваенны ўзровень.

Маравецкі дадаў, што Польшча таксама прапанавала радыкальны плян адмовы ад расейскіх энэргарэсурсаў. Ён заклікаў эўрапейскіх лідэраў зрабіць гэта як мага хутчэй.

Таксама Маравецкі зьвярнуўся да экс-канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель.

«Спадарыня канцлер Мэркель, вы захоўваеце маўчаньне з пачатку вайны. А менавіта палітыка Нямеччыны прывяла да таго, што сёньня Расея мае сілу, якая вынікае з манаполіі на пастаўку сыравіны (...) Вы павінны асудзіць тое, што адбываецца, прызнаць, што ваша палітыка была памылкай», — сказаў ён.

Адказваючы на пытаньні журналістаў палітык адзначыў, што Нямеччына зьяўляецца галоўнай перашкодай, калі размова заходзіць аб увядзеньні больш жорсткіх санкцый у дачыненьні да Расеі.

У сваю чаргу да прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона Маравецкі зьвярнуўся з рытарычным пытаньнем.

«Колькі разоў вы вялі перамовы з Пуціным? Чаго вы дасягнулі? Са злачынцамі не дэбатуюць. Са злачынцамі трэба змагацца. Вы б вялі перамовы зь Гітлерам, са Сталіным, з Пол Потам?» — спытаў Маравецкі Макрона.

Акрамя таго Матэвуш Маравецкі паведаміў, што падчас саміту ЭЗ ён агучыў прапанову аб прыпыненьні дзеяньня віз для ўсіх расейцаў і аб выключэньні Расеі з розных міжнародных арганізацый.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG