Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы захапілі Крамянную; Медзьвядчук папрасіў абмену. 54-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Целы загінулых у Марыюпалі
Целы загінулых у Марыюпалі

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 4 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Медзьвядчук папрасіў абмяняць яго на палонных украінскіх вайскоўцаў і цывільных жыхароў Марыюпалю.
  • Раніцай 18 красавіка расейскія вайскоўцы нанесьлі ўдары па Львоўскай і Днепрапятроўскай вобласьцях, а таксама па Львове.
  • Расейцы захапілі горад Крамянная Луганскай вобласьці. Зь іншых гарадоў працягваецца эвакуацыя цывільнага насельніцтва.
  • Расейцы атакуюць у раёнах населеных пунктаў Ліман, Папасная і Рубежнае.
  • У Мікалаеве пагаршаецца гуманітарнае становішча.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 18 красавіка

Расейскія агрэсары зьнішчылі 200 аб’ектаў культурнай спадчыны Ўкраіны

Пра гэта ў Telegram паведаміў міністар культуры і інфармацыйнай палітыкі Аляксандр Ткачэнка.

«Расейскія войскі самавольна зьнішчаюць нашу культурную спадчыну: цэрквы, сынагогі, музэі, помнікі, тэатры. Міністэрства ўжо зафіксавала 200 аб’ектаў зьнішчэньня культурнай спадчыны, і гэтыя лічбы не канчатковыя», — напісаў Ткачэнка.

Віктар Медзьвядчук папрасіў Зяленскага і Пуціна абмяняць яго на ўкраінскіх вайскоўцаў

Прарасейскі палітык, схоплены пры спробе ўцячы за мяжу, выступіў зь відэазваротам.

Віктар Медзьвядчук, колішні член цяпер ужо забароненай партыі ва Ўкраіне «Апазыцыйная плятформа за жыцьцё», выступіў зь відэазваротам да Ўладзіміра Зяленскага і Ўладзіміра Пуціна з просьбай абмяняць яго на палонных украінскіх вайскоўцаў і цывільных жыхароў Марыюпалю.

Расейцы захапілі Крамянную

У выніку баёў, якія працягнуліся ранкам 18 красавіка, расейскія вайскоўцы захапілі горад Крамянная ў Луганскай вобласьці. Інфармацыю пацьвердзіў кіраўнік абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай. Ён таксама паведаміў, што эвакуацыя людзей з акупаванага горада ўжо немагчымая.

У той жа момант зь Севераданецку, Лісічанску, Папасной, Горскага і Рубежнага эвакуацыя цывільнага насельніцтва працягаецца.

6 чалавек загінулі ў выніку ўдару па Львоўскай вобласьці

Кіраўнік Львоўскай абласной адміністрацыі Максім Казіцкі паведаміў, што расейцы нанесьлі чатыры ракетныя ўдары па Львоўскай вобласьці. Тры пацэлілі ў вайсковыя аб’екты, адзін — у шынамантаж. У выніку пачаліся пажары, тушэньне якіх яшчэ працягваецца.

У выніку абстрэлу загінулі мінімум 6 чалавек, 8 атрымалі траўмы рознай ступені. Статыстыка можа быць не канчатковай.

Раней стала вядома пра ракетную атаку на Львоў.

Ракетныя ўдары па Львове і Днепрапятроўскай вобласьці

Як паведаміў мэр Львова Андрэй Садавы, па горадзе расейцы ранкам нанесьлі 5 прыцэльных ракетных удараў.

Таксама 18 красавіка расейцы абстралялі ракетамі Днепрапятроўскую вобласьць. Як напісаў кіраўнік абласной адміністрацыі Валянцін Рэзьнічэнка, 60% ракет перахапіла ўкраінская супрацьпаветраная абарона. Пра пашкоджаньні ці гібель людзей ад іншых ракет пакуль няма інфармацыі.

У Мікалаеве адкрываюць сьвідравіны для вады, вадаправод не працуе

Водазабесьпячэньня ў горадзе пасьля расейскіх абстрэлаў няма, аднак адміністрацыя вынайшла спосаб, як здабываць ваду. Першымі вадой са сьвідравінаў пачалі карыстацца радзільня і некалькі лякарняў. Мэр Мікалаева Аляксандар Сянкевіч напісаў, што камунальныя службы гораду рыхтаваліся да магчымых праблемаў з традыцыйнымі крыніцамі вады, таму былі гатовыя да сытуацыі.

Кіеў: Расейцы наступаюць па некалькіх напрамках

Асноўныя намаганьні праціўнік сканцэнтраваў у раёнах населеных пунктаў Ліман, Крамянная, Папасная і Рубежнае, імкнучыся ўсталяваць поўны кантроль над горадам Марыюпаль, — заявілі ў Генштабе Ўзброеных сіл Украіны. Таксама там адзначылі, што расейскія войскі завяршаюць стварэньне наступальнай групоўкі на ўсходзе Ўкраіны.

Наступальныя дзеяньні акупанты праводзілі таксама ў Севераданецкім, Папасьнянскім і Запароскім раёнах.

«Праціўнік беспасьпяхова спрабаваў замацавацца ў раёнах Крамянной і Рубежнага. Ён праводзіў штурмавыя дзеяньні ў раёнах Новатошкаўскага, Папасной, Аўдзееўкі і Мар’інкі. Безвынікова», — адзначылі ў Генштабе.

«На Валынскім і Палескім напрамках праціўнік не прыняў актыўных дзеяньняў, прыкмет фармаваньня наступальных груповак ня выяўлена. Асобныя падразьдзяленьні Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь працягваюць выкананьне задач па прыкрыцьці ўкраінска-беларускай мяжы ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях. На гэтых участках праціўнік вядзе радыёэлектронную выведку. З тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэгіструецца вываз пашкоджанай бранятэхнікі Ўзброеных Сіл Расейскай Фэдэрацыі чыгуначным транспартам».

Уцекачы ад вайны

Паводле зьвестак ААН, па стане на 15 красавіка больш за 5 мільёнаў чалавек пакінулі Ўкраіну з пачатку вайны 24 лютага. У справаздачах Упраўленнья вярхоўнага камісара ў справах уцекачоў ААН і Міжнароднай арганізацыі ААН па міграцыі гаворыцца, што агулам Украіну пакінулі 4 790 000 украінцаў і каля 215 тысяч замежнікаў.

найбольш уцекачоў з Украіны выехалі ў Польшчу — звыш 2, 7 мільёна чалавек, на другім месцы Румынія — больш за 725 тысяч чалавек.

На пачатак 2022 году на тэрыторыі Ўкраіны пражываў 41 мільён чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Расея ўвяла санкцыі супраць кангрэсмэнаў ЗША і сэнатараў Канады. Міністэрства замежных спраў Расеі 13 красавіка ўнесла ў чорны сьпіс 398 кангрэсмэнаў ЗША і 87 канадзкіх сэнатараў. Таксама Расея абвясьціла пэрсонай нон грата старшага дыплямата амбасады Чэхіі ў Маскве.

Пуцін падпісаў закон аб арыштах да 15 «сутак» за адмаўленьне «вырашальнай ролі» СССР «у разгроме нацысцкай Нямеччыны»

Паводле гэтага артыкулу прадугледжанае пакараньне для фізычных асобаў — штраф да 2 тысяч рублёў або адміністрацыйны арышт да 15 дзён. Для юрыдычных асобаў — штраф да 50 тысяч рублёў, пры паўторным парушэньні ім пагражае прыпыненьне дзейнасьці на тэрмін да 90 сутак.

Расея забараніла ўезд кіраўніку ўраду і міністрам Вялікай Брытаніі

Забарона на ўезд у Расею распаўсюджваецца на 13 чалавек. У «чорны сьпіс» трапілі прэмʼер-міністар Борыс Джонсан, міністар замежных спраў Элізабэт Трас, міністар юстыцыі Дамінік Рааб, міністар абароны Бэн Уолес і яго намесьнік, экс-прэмʼер, дэпутат парлямэнту Тэрэза Мэй, кіраўнікі МУС, Міністэрства фінансаў, транспарту і іншых міністрэстваў.

ФСБ просіць павялічыць дзяржвыдаткі на пахаваньне расейскіх вайскоўцаў

Фэдэральная служба бясьпекі РФ папрасіла ўрад павялічыць на 17% выдаткі на пахаваньне і надмагільлі для вайскоўцаў. Пры гэтым якім будзе канчатковы рахунак для падаткаплатнікаў — невядома, невядомая і колькасьць загінулых салдат. Зыходзячы з прадстаўленага ФСБ праекту рашэньня ўраду, кампэнсацыя выдаткаў на пахаваньне аднаго загінулага на вайсковай службе вырасьце на 7800–11 000 расейскіх рублёў (95–135 даляраў), у залежнасьці ад яго статусу і месца пахаваньня.

Апошнія дадзеныя пра загінулых Мінабароны падало 25 сакавіка: 1351 чалавек. Па вэрсіі ўкраінскага боку, загінулых расейскіх вайскоўцаў на парадак больш.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Лясы на поўдні пад забаронай

Міністэрства лясной гаспадаркі забараніла наведваць лясы на поўдні Гомельскай вобласьці. Пад забарону трапілі лясы Брагінскага, Нараўлянскага, Мазырскага і Хойніцкага раёнаў. Менавіта там, як паведамлялася, былі лягеры расейскіх вайскоўцаў.

Некалькі крыніц Свабоды паведамілі, што шмат беларускіх вайскоўцаў цяпер знаходзяцца ў Нароўлі, пад Брагінам і ў Хойніках.

Як рэагуе сьвет

Баўгарыя далучылася да краін, якія забаранілі заход у свае порты расейскім караблям

Выключэньні будуць зроблены толькі для суднаў, якія церпяць бедзтва або маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе, а таксама для суднаў, якія перавозяць энэрганосьбіты, прадукты харчаваньня і лекі ў краіны Эўразьвязу.

Францыя перадасьць Украіне 24 пажарныя машыны, хуткія дапамогі і 50 тон ратавальнага абсталяваньня

Пра гэта 15 красавіка паведаміў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Макрон напісаў у Twitter, што запэўніў Зяленскага ў салідарнасьці Парыжа і гатоўнасьці дапамагаць завяршыць вайну. Таксама нагадаў, што Францыя надала Ўкраіне ваенную дапамогу больш як на 100 млн эўра.

ААН: Вайна ва Ўкраіне пагражае голадам адной пятай чалавецтва

«Вайна ва Ўкраіне можа адкінуць больш як пятую частку чалавецтва за рысу беднасьці, галечы і голаду ў маштабах, якіх ня бачылі дзесяцігодзьдзямі», — заявіў генэральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антонію Гутэрыш 14 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG