Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэс-аналітыка EPAM Дзяніса Насуру асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі»


Дзяніс Насура
Дзяніс Насура

У судзе Заводзкага раёну Менску прагучаў прысуд прадстаўніку аўтарытэтнай ІТ-кампаніі EPAM.

Вядучага бізнэс-аналітыка EPAM і палітвязьня Дзяніса Насуру пакаралі 3 гадамі «хатняй хіміі», піша «Вясна». Справа разглядалася ў судзе Заводзкага раёну Менску.

Насуру абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле у іх» па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу.

Пакуль працягвалася сьледзтва, сайт Навукова-дасьледчага інстытуту АІПІ НАН РБ выдаліў з архіву ўсе навуковыя работы Дзяніса, які працаваў там больш за 10 гадоў. Насура ўдзельнічаў у касьмічных праграмах Космас БР і космас НТ, у стварэньні супэркампутару, у запуску касьмічнага апарату БелКА-1.

Да вызначэньня яму ўмоваў адбыцьця пакараньня ён вызвалены з-пад варты.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG