Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФСБ просіць павялічыць дзяржаўныя выдаткі на пахаваньне расейскіх вайскоўцаў


Фэдэральная служба бясьпекі РФ папрасіла ўрад павялічыць на 17% выдаткі на пахаваньне і надмагільлі для вайскоўцаў. Які будзе канчатковы рахунак для падаткаплатнікаў — невядома, невядомая і колькасьць загінулых салдат.

Зыходзячы з прадстаўленага ФСБ праекту рашэньня ўраду, кампэнсацыя выдаткаў на пахаваньне аднаго загінулага на вайсковай службе вырасьце на 7800–11 000 расейскіх рублёў (95–135 даляраў) — да 56 400–74 200 рублёў (690–910 даляраў), у залежнасьці ад яго статусу і месца пахаваньня, падлічыла расейская служба ВВС.

ФСБ тлумачыць просьбу выдзеліць дадатковыя пахавальныя грошы тым, што гэтыя выдаткі ня трапілі ў пералік сацыяльных выплат, якія штогод індэксуюцца.

З пачаткам вайны рост цэнаў у Расеі рэзка паскорыўся з прычыны заходніх санкцый, уцёкаў бізнэсу, панікі сярод пакупнікоў і перабояў з пастаўкамі. У гадавым выражэньні ў сакавіку інфляцыя амаль дасягнула 17% — менавіта на столькі ФСБ і просіць павялічыць выдаткі.

Расейскія ўлады з пачатку вайны толькі двойчы называлі колькасьць загінулых расейскіх вайскоўцаў: 2 сакавіка Мінабароны заявіла, што іх 498, а 25 сакавіка назвала новую лічбу — 1351 вайсковец. 7 красавіка прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў у інтэрвію Sky News прызнаў, што расейскае войска панесла ва Ўкраіне «значныя страты», не назваўшы дакладнай лічбы загінулых.

Узброеныя сілы Ўкраіны называюць нашмат большую лічбу — каля 20 тысяч чалавек, паводле зьвестак на 15 красавіка. Колькі пахаваньняў давядзецца аплаціць бюджэту Расеі пасьля індэксацыі — невядома.

Паводле расейскага закону «Аб пахаваньні і пахавальнай справе» і ўстаноўленых урадам правілаў, загінулых, якія памерлі ад калецтваў (раненьні, траўмы, кантузіі) або захворваньня пры праходжаньні вайсковай службы — у тым ліку супрацоўнікаў МУС і Расгвардыі — хаваюць за кошт сродкаў фэдэральнага органа, у якім яны служылі на момант сьмерці. Дзяржава аплачвае ў такіх выпадках усе рытуальныя паслугі, а таксама самі пахаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG