Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеўскі Цэнтар абаронных стратэгій: расейцы страцілі ўжо траціну баяздольнага войска

Разгромленая расейская вайсковая калёна ў Бучы, Кіеўская вобласьць
Разгромленая расейская вайсковая калёна ў Бучы, Кіеўская вобласьць

За 11 дзён супраціву Ўзброеным сілам Украіны ўдалося абясшкодзіць да 46 тысяч захопнікаў.

Сюды ўвайшлі забітыя, параненыя і палонныя расейцы. Войска захопніка пры ўварваньні на 24 лютага налічвала 145 тысяч чалавек наземнай арміі. Пра гэта НВ паведаміў Андрэй Загараднюк, старшыня праўленьня Цэнтру абаронных стратэгій.

Паводле яго, размова ідзе аб 110 тысячах салдат сухапутных войскаў і 35 тысячах паліцэйскіх сілаў (АМАП, СОБР, Расгвардыя).

У цяперашні час групоўка ўзброеных сіл Расеі ва Ўкраіне налічвае да 100 тысяч чалавек (75 тысяч салдат і да 25 тысяч паліцыянтаў і спэцназаўцаў).

«Праз адсутнасьць дастатковай інфармацыі існуюць цяжкасьці з ацэнкай страт праціўніка, якія на 6 сакавіка ацэньваюцца ў 11 тысяч забітымі і 30-35 тысяч параненымі», — сказаў былы міністар абароны Ўкраіны.

Акрамя таго, Загараднюк дадаў, што па дадзеных спадарожнікавай выведкі ЗША на 5 сакавіка супернік увёў у апэрацыю на тэрыторыі Ўкраіны ўжо 90% наяўных сіл, гэта значыць да 110 тысяч чалавек наземных і 36 тысяч паліцэйскіх сілаў.

У дадатак Загараднюк растлумачыў, што, паводле наяўных зьвестак, за межамі Ўкраіны расейскія рэзэрвы жывой сілы складаюць да 15-16 тысяч чалавек. Гэта 10 тыс. салдат і каля 5 тыс. паліцыянтаў.

«Так, гэта вялізная вайсковая машына. Але ўкраінская нацыя здольная ня толькі спыніць яе, але і здаць мэталялом», — падкрэсьліў колішні міністар абароны.

Рэзэрва расейскіх войскаў на мяжы з Украінай складае менш за 9 тысяч чалавек, – Пэнтагон

На тэрыторыю Ўкраіны ўвайшлі каля 95% расейскіх вайскоўцаў, дысьлякаваных паблізу ўкраінскай мяжы ў Расеі і Беларусі, паведамляе ўначы 7 сакавіка выданьне Washington Examiner са спасылкай на актуальны брыфінг амэрыканскага абароннага ведамства.

З прыкладна 170 000 вайскоўцаў, дысьлякаваных уздоўж украінскай мяжы ў Расеі і Беларусі, «прыблізна 95%» цяпер знаходзяцца ў межах краіны, паведаміў журналістам высокапастаўлены прадстаўнік абароны ЗША. Гэта азначае, што ў рэзэрве расейскай групоўкі застаецца менш за 9 тысяч чалавек, якія яшчэ ня ўведзеныя ва Ўкраіну. Яшчэ 4 сакавіка Пэнтагон ацэньваў колькасьць уведзеных Расеяй сілаў у 92 працэнты.

На працягу папярэдніх сутак Пэнтагон «назіраў за абмежаванымі зьменамі на месцах», расейскія войскі «працягваюць намаганьні ў прасоўваньні і ізаляцыі Кіева, Харкава і Чарнігава на поўначы і ўсходзе, сустракаюць моцнае супраціўленьне Ўкраіны».

Расейскія войскі атрымалі посьпех у паўднёвай частцы краіны, часткова дзякуючы наяўнай на акупаваным паўвостраве інфраструктуры, створанай пасьля ўварваньня і анэксіі Крыму ў 2014 годзе. Расейскія войскі ў паўднёвай палове Ўкраіны таксама маюць меншую адлегласьць для папаўненьня сваіх запасаў.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG