Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы разглядаем абсалютна ўсе магчымыя варыянты адказу». Брытанскі міністар пра магчымае выкарыстаньне Расеяй хімічнай зброі


Тэрыторыя прадпрыемства «Азоўсталь» у Марыюпалі, адна з пазыцый украінскіх войскаў, 23 сакавіка 2022
Тэрыторыя прадпрыемства «Азоўсталь» у Марыюпалі, адна з пазыцый украінскіх войскаў, 23 сакавіка 2022

Прадстаўнікі ЗША і Вялікай Брытаніі адрэагавалі на паведамленьне, што 11 красавіка расейскія вайскоўцы ўжылі невядомае атрутнае рэчыва супраць украінскіх вайскоўцаў і мірных жыхароў гораду. Прадстаўнік Мінабароны Расеі на брыфінгу 12 красавіка ніяк не згадаў магчымага выкарыстаньня хімічнай зброі.

Прэс-сакратар Міністэрства абароны ЗША Джон Кірбі заявіў, што Пэнтагон дасьледуе паведамленьні пра магчымае выкарыстаньне Расеяй хімічнай зброі ва ўкраінскім Марыюпалі.

Калі такія паведамленьні пацьвердзяцца, гэта будзе сьведчыць пра эскаляцыю канфлікту і будзе ўспрымацца як прамы расейскі выклік NATO, адзначае амэрыканскі тэлеканал CNBC.

«Мы ведаем пра паведамленьні ў сацыяльных мэдыя, дзе сьцьвярджаецца, што расейскія сілы ўжылі патэнцыйныя хімічныя боепрыпасы ў Марыюпалі ва Ўкраіне, — сказаў Кірбі 11 красавіка. — Мы цяпер ня можам гэтага пацьвердзіць і будзем працягваць адсочваць сытуацыю».

«Гэтыя паведамленьні, калі яны праўдзівыя, выклікаюць глыбокую занепакоенасьць і адлюстроўваюць тыя засьцярогі, што мы мелі наконт патэнцыялу Расеі выкарыстоўваць ва Ўкраіне розныя рэчывы для кантролю над беспарадкамі, у тым ліку сьлезацечны газ, зьмяшаны з хімічнымі рэчывамі», — дадаў прадстаўнік Пэнтагону.

Міністарка замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас заявіла, што яе ўрад актыўна працуе, каб праверыць дэталі меркаванага нападу.

«Любое выкарыстаньне такой зброі было б жорсткай эскаляцыяй канфлікту, і мы прыцягнем Пуціна і ягоны рэжым да адказнасьці», — напісала Трас на сваёй старонцы ў твітэры.

Міністар узброеных сіл Брытаніі Джэймс Гіпі заявіў, што брытанскія ўлады працуюць над тым, каб праверыць паведамленьні пра выкарыстаньне Расеяй у Марыюпалі хімічнай зброі.

У размове з брытанскай радыёстанцыя LBC міністар сказаў: «Вінаватыя ў гэтым будуць прыцягнутыя да адказнасьці, і мы разглядаем абсалютна ўсе магчымыя варыянты адказу».

Абаронцы Марыюпалю з палку «Азоў» паведамілі, што ўвечары 11 красавіка расейскія вайскоўцы ўжылі невядомае атрутнае рэчыва супраць украінскіх вайскоўцаў і мірных жыхароў гораду.

«Каля гадзіны таму расейскія акупацыйныя войскі ўжылі супраць украінскіх вайскоўцаў і мірных жыхароў гораду Марыюпаль атрутнае рэчыва невядомага паходжаньня, якое было скінута з варожага бесьпілётнага лятальнага апарата. У пацярпелых дыхальная недастатковасьць, вэстыбулярна-атактычны сындром», — заявілі ў тэлеграм-канале «Азову».

Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр у эфіры ўкраінскай тэлевізіі 12 красавіка сказала, што вайсковае кіраўніцтва Украіны цяпер расьсьледуе інфармацыю аб магчымым прымяненьні Расеяй хімічнай зброі ў Марыюпалі.

«На гэты момант мы правяраем гэтую інфармацыю, спрабуем зразумець, што (гэта было). Можам гаварыць пра папярэднія зьвесткі: ёсьць здагадкі, што, хутчэй за ўсё, маглі быць фосфарныя боепрыпасы. Канчатковая афіцыйная інфармацыя будзе пазьней».

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Расеі Ігар Канашэнкаў на брыфінгу 12 красавіка заявіў, што група ўкраінскіх вайскоўцаў напярэдадні спрабавала прарваць атачэньне ў Марыюпалі. Канашэнкаў ніяк не згадаў магчымае выкарыстаньне хімічнай зброі.

Раней 11 красавіка расейскае дзяржаўнае агенцтва «РИА Новости» працытавала аднаго з прадстаўнікоў групоўкі «ДНР» Эдуарда Басурына, які дапусьціў, што супраць украінскіх вайскоўцаў у Марыюпалі, якія знаходзіцца на тэрыторыі прадпрыемства «Азоўсталь», можа быць ужытая хімічная зброя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG