Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз стварыў супольны мэханізм для закупкі газу, каб пазбавіцца залежнасьці ад імпарту з Расеі


Эўрапейская камісія абвясьціла, што ўсе краіны Эўразьвязу стварылі Плятформу для супольнай закупкі газу, звадкаванага прыроднага газу і вадароду. Першае віртуальнае паседжаньне Плятформы з удзелам усіх 27 краін ЭЗ адбылося 7 красавіка.

Мэта гэтага кроку — пазбавіцца залежнасьці ад расейскага газу. Плятформа будзе добраахвотным каардынацыйным мэханізмам, які дазволіць купляць прыродны газ і вадарод для патрэбаў Эўразьвязу, «выкарыстоўваючы калектыўную палітычную і рынкавую вагу ЭЗ», гаворыцца ў паведамленьні на сайце Эўракамісіі. Плятформа мае дапамагчы «гарантаваць бясьпеку паставак, у прыватнасьці своечасовае запаўненьне газавых сховішчаў перад наступнай зімой», а таксама забясьпечыць аптымальнае выкарыстаньне цяперашняй газавай інфраструктуры ЭЗ.

Эўрапейскі парлямэнт 7 красавіка заклікаў Раду ЭЗ увесьці дадатковыя санкцыі ў дачыненьні да Расеі ў сувязі з расейскай агрэсіяй ва Ўкраіне.

Эўрадэпутаты выступілі за неадкладнае эмбарга на імпарт газу, нафты, вугалю і ядзернага паліва з Расеі. За рэзалюцыю прагаласавалі 513 эўрадэпутатаў, супраць былі 22 парлямэнтарыі, яшчэ 19 — устрымаліся, паведамляла DW. Рэзалюцыя Эўрапарлямэнту не абавязковая для выкананьня, гэта толькі рэкамэндацыя.

У рэзалюцыі выказвалася абурэньне «зьверствамі, аб якіх паведамлялася, уключаючы згвалтаваньні і пазасудовыя пакараньні сьмерцю цывільных асоб, гвалтоўнае перамяшчэньне, марадэрства, атакі на цывільную інфраструктуру, у прыватнасьці шпіталі, мэдычныя ўстановы, школы, прытулкі і аўтамабілі хуткай дапамогі, а таксама страляньне ў цывільных асоб, якія спрабуюць пакінуць зоны канфлікту па загадзя ўзгодненых гуманітарных калідорах, што ўчынялася Ўзброенымі сіламі Расеі ў шэрагу акупаваных украінскіх гарадоў, такіх як Буча».

Акрамя таго, эўрадэпутаты падтрымалі адключэньне ўсіх расейскіх банкаў ад сыстэмы паведамленьняў аб фінансавых пераводах SWIFT і забарону ўсім суднам Расеі заходзіць у тэрытарыяльныя воды і парты ЭЗ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG