Кампанія «Русал», якая, у адрозьненьне ад многіх іншых буйных расейскіх экспартэраў і свайго заснавальніка Алега Дзерыпаскі, ня трапіла пад заходнія санкцыі, заклікала таксама да «суровага пакараньня вінаватых» у забойстве цывільных у Бучы.
Пра заяву піша выданьне Financial Times. Нягледзячы на тое, што сам расейскі алюмініевы гігант «Русал» не пад санкцыямі, вайна і рэакцыя на яе сусьветнай супольнасьці нанесьлі шкоду ланцужкам паставак кампаніі.
«Паведамленьні з украінскага гораду Бучы ўзрушылі нас. Мы лічым, што гэтае злачынства павінна быць старанна расьсьледавана. Мы выступаем за аб’ектыўнае і бесстароннае расьсьледаваньне гэтага злачынства і заклікаем да суровага пакараньня вінаватых. Якім бы цяжкім гэта ні здавалася ва ўмовах інфармацыйнай вайны, якая працягваецца», — сказана ў заяве кампаніі.
Кампанія таксама заклікае «да найхутчэйшага мірнага вырашэньня канфлікту, каб захаваць неацэнныя чалавечыя жыцьці і вярнуцца да нармальнага жыцьця».
Пры гэтым у заяве, выпушчанай яшчэ 6 красавіка, ня ідзе гаворкі пра канкрэтныя абвінавачаньні ў адрас аднаго ці другога боку ў сувязі з падзеямі ў Бучы.
Раней заснавальнік «Русалу» Алег Дзерыпаска, які знаходзіцца ў амэрыканскім і брытанскім санкцыйных сьпісах, таксама не патлумачыў, каго лічыць вінаватым у расейка-ўкраінскім канфлікце. Ён адзначыў, аднак, што і ЗША, і Расея ўзмацнілі жорсткасьць рыторыкі, і назваў «вар’яцтвам» канфлікт паміж Масквой і Кіевам.