«Я ня ведаю, як жыць далей, але мае праблемы — нішто ў параўнаньні з тым, што адбываецца на тэрыторыі Ўкраіны», — прыводзіць словы мільярдэра Bloomberg Businessweek.
Расейскі мільярдэр, заснавальнік «Альфа-банка» Міхаіл Фрыдман упершыню з пачатку ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны і ўвядзеньня супраць яго санкцый даў інтэрвію Bloomberg Businessweek.
Бізнэсовец назваў заходнія абмежаваньні ў дачыненьні да расейскіх прадпрымальнікаў нелягічнымі; ён заявіў, што Эўропа памылкова лічыць, што бізнэсоўцы могуць паўплываць на рашэньне прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна аб вядзеньні баявых дзеяньняў у суседняй краіне.
Выданьне адзначае, што Фрыдман апынуўся ў дзіўным становішчы. На наступны дзень пасьля ўводу санкцый мільярдэр, які пражывае ў Лёндане, даведаўся, што ягоная банкаўская картка не працуе. Пасьля блякаваньня рахункаў Фрыдман павінен быў зьвярнуцца да брытанскага ўраду для атрыманьні дазволу на выкарыстаньне грошай. Лёндан жа можа абмежаваць выдаткі мільярдэра сумай у дзьве з паловай тысячы фунтаў.
Па словах Фрыдмана, ён спрабуе разабрацца з аплатай нават нязначных выдаткаў — у прыватнасьці, паслуг прыбіральніцы. Бізнэсмэн прызнаўся, што вырашэньне такіх пытаньняў стала для яго нечаканым.
У Фрыдмана ёсьць грамадзянства Ізраіля, але там няма жытла. Купіць яго бізнэсовец ня можа, бо ягоныя рахункі заблякавалі. Пры гэтым мільярдэр адзначыў, што ягоныя праблемы — гэта нішто ў параўнаньні з пакутамі ўкраінцаў ад вайны.
Акрамя таго, Фрыдман сказаў, што спадзяваўся абараніцца ад санкцыяў дзякуючы партнэрству з заходнімі кампаніямі, але гэтага не адбылося. «Я ня ведаю, як жыць далей», — прыводзіць словы мільярдэра Bloomberg Businessweek.
Расейскае ўзброенае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны пачалося 24 лютага на загад прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна. У адказ краіны ЗША і краіны Захаду ўвялі супраць Масквы санкцыі, якія таксама закранулі расейскіх алігархаў. Міхаіл Фрыдман падпаў пад санкцыі ЭЗ 28 лютага. 15 сакавіка абмежаваньні ў адносінах да мільярдэра ўвяла Вялікая Брытанія.