Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расстрэльвалі, а потым па целах езьдзілі на танках». Мэр Ірпяня расказаў пра злачынствы расейскіх войскаў у горадзе

Разбурэньні ў Ірпяні, сакавік 2022
Разбурэньні ў Ірпяні, сакавік 2022

Мэр Ірпяня Аляксандар Маркушын падзяліўся з дэпутатамі Вярхоўнай Рады Ўкраіны падрабязнасьцямі злачынстваў расейскіх вайскоўцаў у часе акупацыі імі Ірпяня.

«Мне мясцовыя жыхары расказвалі, што спачатку яны (расейцы) пачалі дзяліць сем’і — мужчын забіралі, а жанчын і дзяцей пакідалі. Мужчын забіралі для абмену палоннымі. Тых, хто ім не падабаўся або не хацеў падпарадкоўвацца (і ёсьць факты, сьведчаньні людзей), іх расстрэльвалі. Там загінула ні ў чым не вінаватае дзіцятка, загінулі шмат мужчын. Больш жорсткія і нялюдзкія былі праявы, калі нашых людзей яны расстралялі, а потым езьдзілі танкамі па гэтых целах», — паведаміў Аляксандар Маркушын у часе онлайн-канфэрэнцыі, арганізаванай парлямэнцкім камітэтам замежнай палітыкі.

Паводле яго, пасьля адыходу расейскіх войскаў давялося «рыдлёўкамі з асфальту аддзіраць парэшткі».

«Я прашу прабачэньня за такія падрабязнасьці... Гэта жахліва бачыць і жахліва ўспрымаць. У іх былі нялюдзкія мэтады. Больш за тое, яны рабавалі і цягнулі ўсё, што магчыма, — вывозілі пральныя машыны, жаночую бялізну... Зьдзекаваліся, ёсьць факты і сьведчаньні, з жанчын. Я ўпэўнены, што яны зьвярнуліся ў паліцыю, але мне асабіста расказвалі жыхары нашага гораду», — дадаў мэр Ірпяня.

Аляксандар Маркушын адзначыў, што пад акупацыяй расейскай арміі знаходзілася 30% тэрыторыі гораду.

Паводле яго, сёньня камунальныя службы разам з больш як 300 валянтэрамі расчысьцілі 20% гарадзкіх вуліц. «Спачатку навядзём парадак на дарогах, каб яны былі праезнымі, а далей будзем разьбіраць завалы будынкаў», — патлумачыў ён.

Мэр Ірпяня заклікаў архітэктараў далучыцца да распрацоўкі праектаў па аднаўленьні аб’ектаў, якія ў горадзе зьнішчылі расейцы.

Жыхары Ірпяня, Гастомелю, Бучы і Барадзянкі ў Кіеўскай вобласьці найбольш пацярпелі ад ваенных злачынстваў расейскіх войскаў. У гэтых гарадах ратавальныя і спэцыяльныя службы дагэтуль працягваюць зьбіраць целы забітых расейскімі войскамі мясцовых жыхароў.

У Бучы забілі і закатавалі сама меней 400 грамадзян.

У Гастомелі 400 жыхароў зьніклі бязь вестак. Адсюль людзей вывозілі ў Беларусь.

4 красавіка генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава заявіла, што ў Барадзянцы сытуацыя з ахвярамі сярод мясцовых жыхароў яшчэ горшая, чым у Бучы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG