Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Украіны: 22 вобласьці пачалі сеяць, нягледзячы на вайну; голаду ня будзе

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль
Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль

Але ёсьць пагроза для харчовай бясьпекі ў сьвеце, выкліканай расейскай агрэсіяй супраць Украіны, заявіў Дзяніс Шмыгаль.

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што, нягледзячы на вайну, у 22 з 27 рэгіёнаў Украіны (уключна з Крымам, Севастопалем і Кіевам) пачалася сяўба.

Ураджай будзе меншым, але дастатковым для ўнутраных патрэбаў

«Пакуль сяўба пачалася ў 22 абласьцях. Летась у гэты час яна стартавала ў 16 абласьцях — з прычыны ўмоў надвор’я. Сёлета лепшыя ўмовы для сяўбы, таму пачалі раней. Нашы аграрыі, як і ўсе, робяць гераічныя рэчы, праводзяць гэтую сяўбу, нягледзячы на неразарваныя боепрыпасы, міны і іншыя пагрозы», — сказаў Дзяніс Шмыгаль у інтэрвію «ВВС News Україна»

Кіраўнік ураду Ўкраіны дадаў, што сёлетні ўраджай будзе істотна меншым праз ваенныя дзеяньні, нястачу тэхнікі, людзей, якія пайшлі на вайну, але для патрэб Украіны яго хопіць.

«Як правіла, Украіна зьбірае даволі вялікі ўраджай, якога самой краіне хапіла б на 7-8 гадоў. Мы дакладна сябе накормім. Пытаньне ў тым, ці выкліча гэтая агрэсія Расеі ва Ўкраіне харчовы крызіс у сьвеце. Яны (Расея) блякуюць парты, не даюць праводзіць сяўбу. Гэта будзе мець доўгатэрміновы ўплыў на ўсясьветную харчовую бясьпеку. Мы разумеем, што блякада і немагчымасьць засеяць дастатковую колькасьць збожжа, на якую разьлічваюць іншыя краіны на розных кантынэнтах, — гэта ўжо не пра Ўкраіну, гэта ўжо пра гібрыдны ўплыў на сьвет праз харчовую бясьпеку», — патлумачыў Дзяніс Шмыгаль.

Кіраўнік украінскага ўраду дадаў, што цяпер расейскія войскі наўмысна зьнішчаюць элеватары і збожжасховішчы. «Збожжасховішчы не нясуць пагрозы для Расейскай Фэдэрацыі, вайсковая тэхніка там не захоўваецца. Папраўдзе гаворка ідзе пра харчовую бясьпеку нашай дзяржавы і ўсяго сьвету», — адзначыў ён.

Паліва ў першую чаргу для арміі і аграрыяў

Дзяніс Шмыгаль паведаміў, што нафтабазы, дзе знаходзіліся запасы нафтапрадуктаў і паліва, сталі другой мішэньню для расейцаў.

«У нас былі нейкія запасы. Цяпер у нас ёсьць адпаведныя дамовы на імпартнае паліва, уся лягістыка паставак перастройваецца. Вядома, узьнікаюць дэфіцыты, лягістычныя разрывы пасьля такіх атак на нафтабазы і сховішчы. У нас вайна, наша грамадзтва гатова да пэўных нязручнасьцяў у пастаўках», — патлумачыў кіраўнік украінскага ўраду.

Паводле яго, цяпер найперш палівам забясьпечваюцца Ўзброеныя сілы, а ў другую чаргу паліва ідзе на арганізацыю сяўбы.

Страты эканомікі могуць дасягнуць трыльён даляраў

Дзяніс Шмыгаль адзначыў, што непасрэдныя страты ўкраінскай эканомікі ад вайны ўжо склалі больш за 560 мільярдаў даляраў — гэта падлікі ад разбуранай інфраструктуры і жылога сэктару, а таксама ад ад прастою бізнэсу і разбурэньня лягістычных ланцужкоў.

«А калі падлічыць страты ВУП у доўгатэрміновай пэрспэктыве ад таго, што зьнішчаны вытворчыя магутнасьці, разбурана інфраструктура, то сума страт значна перавысіць 1 трыльён даляраў. Гэта тое, што наша краіна страціць ад вайны. Таму мы чакаем падтрымкі сьвету ў хуткім аднаўленьні эканомікі і інфраструктуры Ўкраіны пасьля завяршэньня баявых дзеяньняў», — падкрэсьліў прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG